Пятница, 11 июля 2025

Старшыня Пружанскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Грышкевіч пра Пружанскі раён: «Слаўнае мінулае, годнае сучаснае, перспектыўнае будучае»

794

Багатай гісторыяй славіцца Пружанская зямля — край працавітых земляробаў і рамеснікаў, умелых будаўнікоў, таленавітых педагогаў. У даўнія часы ён быў вотчынай уплывовых магнатаў і манархаў, месцам натхнення пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, музыкантаў. І сёння гэтая зямля нараджае годных грамадзян сваёй краіны, нашчадкаў слаўных герояў, якія пакінулі прыкметны след у гісторыі Беларусі.

Старшыня Пружанскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Грышкевіч.

Пружаншчына з’яўляецца адной з найбуйнейшых адміністрацыйных і гаспадарчых адзінак Брэстчыны, на тэрыторыі якой размешчана 245 населеных пунктаў, уключаных у 12 сельскіх саветаў, і пражывае больш за 42 тысячы чалавек.

Сёння, адзначаючы наш юбілей, мы ўспамінаем самыя цяжкія часы, якія выпалі на долю жыхароў раёна. Гэта, безумоўна, вогненныя саракавыя гады. Тры ўраджэнцы Пружаншчыны былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза: Сяргей Бабрук, Міхаіл Хацімскі, Аляксандр Вашкевіч, а поўным кавалерам ордэна Славы стаў Раман Кротаў.

 Пастушкі ваенных гадоў з Пружанскага раёна.

За гады вайны наш раён панёс страшныя страты — каля 3 тысяч нашых землякоў загінулі на фронце, больш за 20 тысяч — ад рук гітлераўцаў на акупіраванай тэрыторыі, было спалена 134 вёскі, 43 з якіх так і не былі адноўлены. Таму пасля вызвалення, у ліпені 1944 года, асноўнай задачай працаўнікоў раёна і органаў улады стала аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі.

Падчас святкавання Дня Перамогі ў Пружанах, 9 мая 2023 г.

І сёння, у такі ўрачысты для раёна дзень, я ў першую чаргу звяртаюся да вас, паважаныя нашы ветэраны. Вялікі дзякуй за подзвіг і гераічную працу, за сапраўдную любоў да Радзімы, якая давала сілы на барацьбу з ворагам і падтрымлівала ў гады пасляваеннага будаўніцтва.

Падрыхтоўка да «Дажынак-2003».

ХХІ стагоддзе ўнесла новыя сучасныя фарбы ў палітру раённага цэнтра. У 2003 годзе ў Пружанах прайшоў Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Горад змяніўся: былі праведзены значныя работы па мадэрнізацыі будынкаў і вуліц, адкрыты новы гарадскі Палац культуры на 600 месцаў, рэканструяваны стадыён з трыбунамі на 1956 пасадачных месцаў, магазін «Універсам» і гасцініца «Мухавец».

Сімвалічную чырвоную стужку 27 ліпеня 2007 года перарэзаў і адкрыў Лядовы палац Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

У 2005 годзе былі ўзведзены помнікі «Спаленым вёскам» і ахвярам яўрэйскага гета, а ў 2007 годзе з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі адкрыты Лядовы палац. На працягу 2009-2010 гадоў была пабудавана і ўведзена ў строй першая ў краіне міні-ЦЭЦ на мясцовых відах паліва магутнасцю 3,7 МВт. У 2010 годзе адбылося адкрыццё Воднага палаца.

Падчас абнаўлення пано з вядомымі землякамі на будынку ЗАГСа.

Будаўнікамі Пружаншчыны за мінулыя пяць гадоў праведзена каласальная праца. Уведзена ў эксплуатацыю 52,9 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля, у тым ліку дамы сямейнага тыпу ў г. Пружаны, пабудаваны, рэканструяваны і адрамантаваны шэраг важных аб’ектаў: неўралагічнае, інфекцыйнае, стаматалагічнае аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы, будынак ЗАГС, ачышчальныя збудаванні малочнага камбіната, харчаблок Ліноўскай сярэдняй школы, аб’екты ў г.п. Ружаны да правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019» і інш.

Сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна за апошнія дзесяць гадоў забяспечылі прырост валавой вытворчасці прадукцыі на 50,1%.

Віншаванне Пружанскага раёна са 100-тысячным намалотам на палях філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі», 2022 год.

У 2022 годзе атрыманы рэкордны ўраджай збожжа — 145,4 тыс.тон, цукровых буракоў — 78,8 тыс. тон, пладоў і ягад — 11,3 тыс. тон. Укараненне найноўшых сістэм утрымання і абслугоўвання жывёл дазволіла павялічыць вытворчасць малака і мяса ў 1,7 раза, яек — у 1,3 раза. Эфектыўнасць працы сельгасгаліны пацвярджаецца ўзроўнем рэнтабельнасці продажаў 13,1% (па вобласці — 11,5%).

На сённяшні дзень па ўзроўні сярэднямесячнай заработнай платы сярод работнікаў сельскагаспадарчай галіны Пружанскі раён займае другое месца ў вобласці.

 Герой Сацыялістычнай Працы, легендарны старшыня калгаса «Рассвет» Яўген Кудзінаў.

За адданую працу ў сельскай гаспадарцы пяць чалавек атрымалі званні Герояў Сацыялістычнай працы.

Прадукцыя «Пружанскага кансервавага завода».

Эфектыўна перапрацаваць сельскагаспадарчую сыравіну і выпусціць высакаякасную прадукцыю, якая карыстаецца стабільным попытам, — асноўная задача прадпрыемстваў нашай перапрацоўчай прамысловасці. У ліку першых — Пружанскі малочны камбінат, Пружанскі льнозавод, Пружанскі завод радыёдэталяў. Вырабленая з мясцовых відаў сыравіны, дзікарослых грыбоў і ягад прадукцыя Пружанскага кансервавага завода прадстаўлена ў гандлёвай сетцы пад брэндамі «7 цудаў» і «Пружанскі слоік».

Вырабленыя суб’ектамі малога бізнесу нятканыя матэрыялы, мэбля, рабочае адзенне і абутак, мікраўгнаенні, замарожаныя грыбы і ягады вядомыя далёка за межамі нашай краіны.

Прадавец аўтамагазіна Дар’я Вольская: «Работа «на колах» мне па душы»

Сацыяльную функцыю па гандлёвым абслугоўванні сельскіх населеных пунктаў, дзе адсутнічае стацыянарная сетка, выконвае Пружанскае райспажыўтаварыства: арганізавана гандлёвае абслугоўванне 168 сельскіх населеных пунктаў праз сем аўтамагазінаў.

Апошні званок у Шаняўской СШ, 2023 г.

У Пружанскім раёне дзейнічае 48 устаноў адукацыі. З улікам запытаў законных прадстаўнікоў непаўналетніх забяспечваецца даступнасць дашкольнай адукацыі. Адкрыта 34 групы кароткачасовага знаходжання, арганізавана работа па аказанні дадатковых адукацыйных паслуг у 72 групах для 744 дзяцей па харэаграфіі, англійскай мове, ручным ткацтве, турызме, тэхнічным канструяванні, творчасці, фітнесе.

STEM-клас у СШ №1 імя ЧБВА г. Пружаны.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна паспяхова функцыянуе STEM-клас, выкарыстоўваецца абсталяванне РОББО, схематэхніка. Адкрыты цэнтр патрыятычнага выхавання. Працягваецца праца па адукацыйнай праграме «Настаўнік для Беларусі».

Пружанскі раён па праве ганарыцца сваімі педагогамі, многім з якіх былі прысвоены званні заслужаных. Сярод іх — Васіль Зелянькевіч, Сцяпан Крэчка, Зоя Макрыца, Ніна Новік, Уладзімір Рэкуць, Уладзімір Дарафей, Марыя Гавейна і інш.

Фігурыстка Соф’я Здановіч падчас рэспубліканскіх спаборніцтваў па фігурным катанні на каньках «Кубак Пераможцаў» у Лядовым палацы Пружан, красавік 2023 г.

У раёне функцыянуе 154 спартыўныя збудаванні, у тым ліку пяць плавальных басейнаў. Развіваецца шэсць відаў спорту, якія ўваходзяць у праграму Алімпійскіх гульняў (футбол, хакей, фігурнае катанне, плаванне, таэквандо, веласпорт).

Санаторый «Ружанскі»

У раёне ёсць самыя разнастайныя магчымасці для арганізацыі адпачынку, аздараўлення і вольнага часу нашых жыхароў. Сама прырода спрыяе гэтаму: лясныя масівы Белавежскай і Ружанскай пушчаў, азёры Гута і Паперня, рэкі Ясельда і Левая Лясная, аб’екты адпачынку на возеры Гута і ў в. Хомна, а таксама агратурыстычны комплекс «Дзікое» ў в. Клетнае і грамадска-культурны цэнтр «Мікалаеўскі» ў в. Мокрае, у г. Пружаны — гасцініца «Мухавец» і агратурыстычны комплекс на вул. Макаранкі. Далёка за межамі нашага раёна вядомы санаторый «Ружанскі».

Работнікі брыгады хуткай дапамогі Пружанскай ЦРБ.

Ва ўстанове аховы здароўя «Пружанская цэнтральная раённая бальніца» надаецца вялікая ўвага ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбных устаноў раёна. У стадыі праектавання знаходзяцца аб’екты «Рэканструкцыя часткі першага паверха галоўнага корпуса з будаўніцтвам прыбудовы для ўстаноўкі апарата РКТ ва УАЗ «Пружанская ЦРБ», арыенціровачны кошт якога — 3400 тысяч рублёў, «Рэканструкцыя будынка па вул. Будаўнічай, 2 у горадзе Пружаны пад дзіцячую і жаночую кансультацыю» з арыенціровачным коштам 6800 тысяч рублёў. Запланаваны капітальны рамонт Шарашэўскай гарадской бальніцы.

У Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы «Магілёўцы».

У раёне працуюць Ружанская і Шарашэўская гарбальніцы, Сухопальская бальніца сястрынскага догляду, сем амбулаторый агульнай практыкі і 28 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, а таксама Шарашэўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, Брэсцкая абласная псіхіятрычная бальніца «Магілёўцы».

Соф’я Фёдараўна Рапінчук.

Урачы па праве карыстаюцца павагай нашых жыхароў. Да гэтага часу пружанцы з удзячнасцю ўспамінаюць Васіля Гарустовіча, Соф’ю Рапінчук, Міхаіла Самасюка, Таццяну Алефірэнка. Ганаровыя званні заслужаных урачоў былі прысвоены Фаме Марынічу і Вользе Паралавай.

У намінацыі «Лепшы калектыў аматарскай творчасці па выніках работы за 2022 год» пераможцам прызнаны народны ансамбль танца «Спадчына» (кіраўнік Іскаліева Валянціна Іванаўна).

Пружаншчына ганарыцца сваімі дасягненнямі ў сферы культуры. Яе прадстаўляюць 11 дзяржаўных устаноў культуры. 26 аматарскіх калектываў мастацкай творчасці носяць званні «народны» і «ўзорны». Далёка за межамі Пружаншчыны вядомыя народны хор «Вербніца», фальклорны калектыў «Бабіна лета», ансамблі танца «Спадчына» і «Рубікон», эстрадны аркестр «Біг Бэнд», народная арт-група «Крыніцы», народны камерны хор і дзіцячы хор «Вітанак».

Свята «Ружанская брама», 2022 г.

Своеасаблівым брэндам раёна стала свята «Ружанская брама», вялікай папулярнасцю карыстаюцца фестывалі і святы «Магія танца», «Музычны калейдаскоп», «Пеўчае поле», «Лесвіца поспеху», «Пружанскі блюз».

Фотаздымак падчас сёлетняга Дня Незалежнасці робіць народны майстар Беларусі Марыя Кулецкая.

Званне народных майстроў Беларусі было прысвоена Мікалаю Тарасюку і Марыі Кулецкай, заслужанага работніка культуры — Пятру Суцько, медалём Францыска Скарыны была адзначана праца Якава Малайчука. Сусветную вядомасць набылі нашы землякі — народны артыст СССР Рыгор Шырма, заслужаны дзеяч мастацтваў Алена Аладава, Заслужаны работнік культуры — Іван Хвораст, мастак Алена Лось.

Музей-сядзіба «Пружанскі палацык».

Статус матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь прысвоены 74 пружанскім аб’ектам, нематэрыяльных — двум.

Маладыя педагогі Пружаншчыны.

Сёння вярнуўся прэстыж адукаванага чалавека, і маладыя, адукаваныя, здольныя людзі запатрабаваныя як у вялікіх, так і ў малых гарадах. Павінен сказаць, што на тых прадпрыемствах раёна, дзе высокі ўзровень заработнай платы, дзе створаны адпаведныя ўмовы для працы, вольнага часу, — няма праблем у кадрах. Вядома ж, сітуацыя з кадрамі ў розных галінах не аднолькавая. Так, на працягу пяці гадоў у раёне прыступілі да працы 1236 маладых спецыялістаў, на сённяшні дзень працягваюць працаваць 793 з іх.

Агульнагарадскі выпускны ў Пружанах, 10 чэрвеня 2023 г.

Я звяртаюся да нашай моладзі. Вы — наша сучаснасць і наша будучыня. Вам ёсць чым ганарыцца, што абараняць і да чаго імкнуцца. Будзьце вартыя той спадчыны, якую атрымалі ад старэйшых пакаленняў і старайцеся яе прымнажаць!

Міхаіл Грышкевіч, старшыня Пружанскага раённага выканаўчага камітэта