Як мы расказвалі, прайшла першая сесія раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання. У яе рабоце ўдзельнічалі ўпершыню абраныя ў Адзіны дзень галасавання дэпутаты, а таксама, тыя, хто працаваў і ў мінулым скліканні. Прадстаўляем дэпутатаў.

У гэтую электаральную кампанію Мікалай Кудравец у другі раз выдвігаў сваю кандыдатуру ў дэпутаты райсавета па Зеляневіцкай выбарчай акрузе №16. Па выніках галасавання Мікалай Пятровіч набраў большасць галасоў і стаў дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. На першай сесіі Мікалая Кудраўца шляхам тайнага галасавання аданагалосна абралі старшынёй Пружанскага раённага Савета дэпутатаў на другі тэрмін.
На пытанне, як будзе будавацца ўзаемадзеянне са старшынямі сельскіх саветаў дэпутатаў, Мікалай Пятровіч адказаў:
— Я працую на пасадзе старшыні райсавета дэпутатаў другое скліканне, пэўныя падыходы да ўзаемадзеяння са старшынямі сельсаветаў дэпутатаў былі ўжо ўведзены. Мы прадоўжым практыку правядзення Дзён сельскіх Саветаў дэпутатаў. Гэта тая форма работы, якая дае магчымасць убачыць рэальны малюнак становішча спраў на адміністрацыйнай тэрыторыі. Вывучаюцца пытанні работы сацыяльнай галіны, навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання, гандлёвага абслугоўвання насельніцтва.
На працягу 28-га склікання ва ўсіх дванаццаці сельскіх Саветах дэпутатаў праведзены Дні сельсавета. Планую ў цяперашнім скліканні актывізаваць гэтую работу. У нас у раёне 245 населеных пунктаў. У 150 пражывае малая колькасць насельніцтва — да 50 чалавек, большасць — састарэлыя людзі. Там асабліва няма каму наводзіць парадак. За мінулае скіліканне зняслі 681 закінуты дом. Гэта намнога больш, чым у іншых раёнах вобласці.
Сельскія Саветы будуць працягваць удзел у абласным конкурсе сельсаветаў і органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання. Вынікі нашай работы паказалі, што мы былі пераможцамі як сярод сельсаветаў, так і сярод стараст населеных пунктаў.
Два гады таму створана абласная асацыяцыя дэпутатаў. Яна два гады запар аб’яўляе конкурс грамадзянскіх ініцыятыў. У мінулым годзе перамогу атрымаў Ліноўскі сельскі Савет дэпутатаў. У гэтым годзе перад старшынямі сельсаветаў дэпутатаў пастаўлена задача таксама прыняць удзел у конкурсе. Упэўнены, што мы падрыхтуем не адну заяўку.
Сённяшняя наша мэта —перабудаваць работу дэпутацкага корпуса. Цяперашні склад павінен больш працаваць з людзьмі, дапамагаць ім вырашаць праблемы, вострыя пытанні. Людзі павінны ісці да дэпутатаў з упэўненасцю, што тыя ім дапамогуць. Будзем прыцягваць народных выбраннікаў прымаць удзел у сходах грамадзян, святах вёсак. Свайго дэпутата трэба ведаць у твар, давяраць яму.
Немалаважная работа з моладзю. У гэтым скліканні будзе працягвацца дзейнасць Маладзёжнага парламента. Праз яго неабходна актывізаваць моладзь раёна. Мы ведаем, што за маладымі будучыня, гэта наша змена. Як мы яе падрыхтуем да дарослага жыцця, так будзе ў далейшым і развівацца наша дзяржава.
Падрыхтаваў Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара
