Суббота, 18 января 2025

Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч сустрэўся з воінамі-інтэрнацыяналістамі

644

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які традыцыйна святкуецца 15 лютага, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч сустрэўся з прадстаўнікамі слаўнай часткі байцоў, якія неслі службу за межамі СССР.

Большасць з іх прайшла пыльнымі, гарачымі дарогамі Афганістана, губляючы ў баях сваіх таварышаў па службе. Не ўсе любяць гэта ўспамінаць. Але тагачасныя хлопчыкі, цяпер ужо сталыя мужчыны, выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак, на які заклікала іх Радзіма.

Чаму я іх назваў спадчыннікамі салдат Вялікай Айчыннай вайны? Справа ў тым, што час няўмольны над намі. Усё меней застаецца сведкаў, удзельнікаў, ветэранаў той страшэннай вайны. Іх подзвіг нам нельга забыць, і мы ніколі не забудзем. На прыкладах мужнасці інтэрнацыяналістаў мы загартоўваем моладзь. А пра баявое братэрства, еднасць, сілу духа павінны расказаць маладому пакаленню і самі ветэраны вайны ў Афганістане. Менавіта ім перадаецца сцяг патрыятычнага выхавання. Пра гэта гаварыў Міхаіл Грышкевіч, калі вёў дыялог з інтэрнацыяналістамі, якія прыйшлі на сустрэчу. Гэтую ж думку падтрымалі і самі ўдзельнікі вайны ў Афганістане. Было адзначана, што трэба як мага часцей ладзіць сустрэчы са школьнікамі, праводзіць з імі выхаваўчую работу, каб маладыя людзі не баяліся цяжкасцей, любілі сваю краіну, былі яе патрыётамі. Ініцыятыва такіх сустрэч павінна зыходзіць ад кіраўнікоў навучальных устаноў.

Паднімаліся падчас сустрэчы і іншыя пытанні: дыспансерызацыя, медыцынская рэабілітацыя, абнаўленне абсталявання ў райбальніцы, замацаванне моладзі ў раёне. Акрамя таго, Міхаіл Міхайлавіч падрабязна расказаў пра актуальныя на дадзены момант і запланаваныя на будучае змены ў функцыянаванні і жыццезабеспячэнні раёна.

Воіны-інтэрнацыяналісты пажадалі кіраўніку раёна здзейсніць усё задуманае і як мага болей гадоў плённа кіраваць нашай Пружаншчынай.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік