Вторник, 18 февраля 2025

Старшыня Навазасімавіцкага сельвыканкама Ірына Казакевіч: «Высокая каштоўнасць — чалавек…»

378

Стала добрай традыцыяй, калі кожны месяц карэспандэнты «раёнкі» наведваюць новы сельсавет. У гэты раз мы заглянулі ў Навазасімавіцкі, і старшыня сельвыканкама Ірына Аляксандраўна Казакевіч расказала нам аб зменах за год на іх тэрыторыі:

— Па стане на 1 студзеня 2022 года на тэрыторыі сельсавета зарэгістравана 2377 чалавек. У 2021 годзе нарадзілася 21 дзіця, і ў сельсавеце ўзровень нараджальнасці перавысіў узровень смяротнасці. У мінулым годзе 2 жыхары адзначылі 90-гадовы юбілей. Трэба адзначыць, што ў бягучым годзе ўжо нарадзілася 3 дзіцяці і зарэгістравана 2 шлюбы.

Наша жыхарка Вольга Уладзіміраўна Прэдка ўзнагароджана ордэнам Маці. Усяго на тэрыторыі сельсавета пражывае 36 шматдзетных сем’яў. Летась зарэгістравана 111 новых жыхароў, была куплена 21 кватэра, 17 сем’яў атрымалі арэнднае жыллё.

У 2021 годзе ў сельвыканкам звярнулася 1136 заяўнікаў па выкананні адміністрацыйных працэдур. Прынята на ўлік па паляпшэнні жыллёвых умоў 17 сем’яў, усяго на ўліку знаходзіцца 86 сем’яў. У 2021 годзе нашым жыхарам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, — пенсіянерам, інвалідам і шматдзетным сем’ям – аказана матэрыяльная дапамога на суму 12,7 тыс. рублёў.

Праводзіўся рамонт жылфонду. Трэба адзначыць, што першы дом пабудаваны ў в. Н. Засімавічы ў 1950 годзе. На рамонт стыкаў сценавых панэляў, дахаў, адмостак і ліўневых сістэм выдаткавана 119,2 тыс. рублёў. Арганізоўваліся работы па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, былі ўсталяваны арэлі, пандусы, рамантаваліся лавачкі і фарбаваліся гульнявыя канструкцыі. У планах на бягучы год — капітальны рамонт шматкватэрнага жылога дома. Праводзіліся работы па тэхнічным абслугоўванні на станцыі абезжалезвання. Абсталявана пешаходная дарожка ад ясляў-сада да аўтобуснага прыпынку. Абноўлены дарожныя знакі.

У рамках работы агляднай камісіі сумесна з супрацоўнікамі Пружанскага РАНС праходзілі абследаванні жылля грамадзян на прадмет выканання правіл пажарнай бяспекі.

Для вырашэння пытанняў занятасці насельніцтва праводзілася выязное пасяджэнне камісіі па садзейнічанні занятасці Пружанскага райвыканкама, падчас якога жыхарам сельсавета аказвалася дапамога ў працаўладкаванні. Для зняцця праблемных пытанняў па правапарадку на тэрыторыі сельсавета вялі прыём грамадзян начальнік аддзела ўнутраных спраў Пружанскага райвыканкама Ігар Амельянчук і намеснік начальніка Пружанскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Марчук.


Ірына Казакевіч:
— Мы стаім на парозе важнай падзеі ў жыцці нашай краіны. Нам ёсць чым ганарыцца і што губляць. Рашэнне кожнага з нас адкрые новы этап у развіцці нашай дзяржавы. Краіны, у якой самай высокай каштоўнасцю заўсёды быў і застаецца чалавек…


Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік