Калі гутарка заходзіць пра добраўпарадкаванне населеных пунктаў, заўсёды ўзгадваю сустрэчу на гарадской вуліцы са старшынёй Мокраўскага сельвыканкама Вольгай Грышкевіч. Дакладней, яе рэакцыю на зарослы пустазеллем невялікі газон. «На сваёй тэрыторыі я прымусіла б гэтую лебяду выпалаць», — усміхнулася Вольга Віктараўна.
Наогул, тут варта паразважаць пра якасці характару, якія павінен мець кіраўнік сельвыканкама. Але рэальна, што на гэтай пасадзе проста не зможа працаваць чалавек абыякавы або лянівы. Энергічнасць, бачанне праблем, імкненне давесці кожную пачатую справу да лагічнага завяршэння, уменне знайсці падыход да людзей, з’яднаць на добрыя справы і самому падаць прыклад удзелу ў іх… Варта пералічваць?
Усё гэта — і пра Вольгу Грышкевіч, якая ўжо пяць гадоў узначальвае мясцовую ўладу ў Мокрым і наваколлі.
— Ці варта казаць пра «ўзначаленне»? — не згаджаецца Вольга Віктараўна. — Старшыня сельвыканкама — гэта перш за ўсё арганізатар, своеасаблівы загадчык гаспадаркі. Мы ўсе разам працуем дзеля ўпарадкаванасці, развіцця сельсавета. Калі няма добрых узаемаадносін з сельгаставарыствамі, іншымі прадпрыемствамі, што знаходзяцца на тэрыторыі, нічога не атрымаецца.
І тое, што Мокраўскі сельвыканкам быў названы лепшым у раёне па выніках работы ў мінулым годзе і занесены на раённую Дошку гонару, Вольга Грышкевіч лічыць заслугай агульнай.
— У свой час, у 2009 годзе, вёскі і аграгарадкі сельсавета набылі сучасны твар дзякуючы падтрымцы Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і ініцыятывам нашага знакамітага земляка Пятра Пракаповіча. Узводзіліся сучасныя аб’екты, інфраструктура не горш за гарадскую. Але падчас мадэрнізацыі Клепачоў, Мокрага-Казлоў ніхто не звяртаў асаблівай увагі на добраўпарадкаванне, высадку кветак, старыя платы і шэраг іншых момантаў. За апошнія пяць гадоў мы многае ў гэтым напрамку зрабілі, ды плюс усе дрэвы на могілках пазразалі. А колькі працавалі, каб людзі памянялі або парамантавалі, пафарбавалі платы.
Сярод тых, хто заўсёды падтрымлівае, Вольга Віктараўна называе ААТ «Жураўлінае».
— З яго кіраўніком Аляксандрам Іванавічам Пішчом лёгка размаўляць. Разам праводзім шэраг работ па добраўпарадкаванні. Іншае пытанне, што на першым месцы ў аграрыяў асноўная работа, але дамаўляемся: напрыклад, гаспадарка дае фарбу, матэрыялы, а жыхары самі ўжо нешта робяць. Намеснік дырэктара Зінаіда Міхайлаўна Усік шмат дапамагае ў правядзенні розных мерапрыемстваў. Разам шмат наладзілі святаў вёсак і летась, і сёлета. У Клепачах наогул грандыёзнае свята атрымалася.
Дарэчы, не толькі пра прыгажосць дбае гаспадарка: з яе дапамогай нядаўна быў закуплены аўтамабіль для Кляпацкай амбулаторыі.
Нямала добрых слоў можна сказаць і пра ўдзел у агульных справах ААТ «Агра-Калядзічы»: на тэрыторыі сельсавета знаходзіцца ўчастак «Руднікі». З дырэктарам сельгаставарыства Сяргеем Сяргеевічам Суботай таксама прыемна працаваць.
І лясніцтва дапамагае, наводзіць парадак на воінскім пахаванні, што ў лясным масіве. Актыўная моладзь удзельнічае ў грамадскім жыцці: Аляксей Дзічковіч, які ўзначальвае ўчастак «Камунальніка» ў Клепачах, начальнік аддзялення РАНС Вадзім Лапука. Абодва яны збіраюцца балаціравацца ў дэпутаты мясцовага Савета, таксама як і малады настаўнік Кляпацкай СШ Юрый Ліпіч.
Старшыня сельвыканкама вельмі ўдзячна і жыхарам сельсавета за актыўную грамадзянскую пазіцыю:
— Яны ніколі не адмаўляюць ні ў адной просьбе. Трэба — зрабілі. «Як прыгожа!» — кажуць прыезджыя. Гэта заслуга толькі жыхароў. У Мокрым наогул няма ўчастка камунальнай гаспадаркі. Людзі самі і плітку чысцяць, і траву падкошваюць, і канавы ўздоўж дарогі ачышчаюць. Напрыклад, сёлета да 150-годдзя царквы ў Мокрым прыбралі ўсё і нават пачысцілі плітку вакол храма. Вельмі дапамагаюць школы, дзіцячы садок, на суботнікі выходзілі і ўсе працоўныя калектывы. Маладыя сем’і наладжвалі вясной сямейныя суботнікі, разам з дзеткамі. Шмат зрабілі ўсе разам па прывядзенні ў парадак помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У Мокраўскім сельсавеце догляду помнікаў ўдзяляецца асаблівая ўвага. І слова «памяць» для яго жыхароў мае асаблівы кантэкст: у гады вайны тут былі спалены сем вёсак, а іх мужчынскае насельніцтва расстраляна.
— Людзі чуюць — гэта галоўнае, і адгукаюцца. Патэлефанавала ў Дом культуры — дзяўчаты паехалі да помніка, памылі пліты. Вельмі важна, што прымаем удзел усюды. У мінулым годзе ў раённым этапе сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» пераможцай стала сям’я Кобак з аг. Клепачы, і на вобласці яны сябе вельмі добра паказалі. Сёлета ў гэтым конкурсе нічога не заваявалі, але гэта нармальна. Галоўнае — удзел, старанне.
У мінулым годзе наогул было шмат розных перамог: і дыплом 3-й ступені ў конкурсе «Лепшая шматдзетная сям’я», які атрымала сям’я Аблавушка з в. Казлы, і перамога ў дыстанцыйным фотаконкурсе «Мы жывём у Беларусі» шматдзетнай сям’і Улога з в. Мокрае. Пераможцай конкурсу на лепшае афармленне і добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый стала сям’я Аблавушка з в. Мокрае. Прызавое трэцяе месца атрымаў сельсавет у аглядзе-конкурсе на навагодняе афармленне будынкаў і тэрыторый, а аг. Клепачы стаў другім па добраўпарадкаванні сярод населеных пунктаў раёна.
Каманда Мокраўскага сельсавета два гады запар станавілася пераможцай у раённай спартакіядзе жыхароў сельсаветаў, ды і сёлета мясцовыя спартсмены паказваюць добрыя вынікі падчас розных спаборніцтваў.
На вышыні заўсёды і работнікі культуры: Кляпацкі СДК быў названы лепшым сярод аналагічных устаноў раёна.
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік, Вольгі Грышкевіч, Уладзіслава Шпарлы