Да рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю застаецца менш за месяц. У абмеркаванне праекта Асноўнага Закона актыўна ўключаюцца розныя катэгорыі беларусаў.
Немалаважнае значэнне надаецца правядзенню дыялогавых пляцовак сярод моладзі. Усё таму, што менавіта сённяшнім хлопцам і дзяўчатам давядзецца жыць па новай Канстытуцыі.
Каб пазнаёміць пружанскую моладзь з праектам, у аўторак у Палацы культуры прайшла сустрэча з членам Канстытуцыйнай камісіі, старшынёй Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Ягорам Макарэвічам.
Маштабную дыялогавую пляцоўку, на якую, акрамя старшакласнікаў і навучэнцаў каледжа, запрасілі працоўную моладзь і ўсіх зацікаўленых, адкрыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік.
Ягор Макарэвіч падкрэсліў, што ў Пружаны прыехаў упершыню. Член Канстытуцыйнай камісіі быў вельмі ўзрадаваны вялікай колькасці моладзі. Па яго словах, у рэгіёна, дзе застаюцца працаваць маладыя людзі, ёсць упэўненая будучыня. А каб яна была і ў дзяржавы, і прымаюцца папраўкі ў Канстытуцыю.
Работа над абнаўленнем пачалася 15 сакавіка мінулага года, акурат у Дзень Канстытуцыі. Была створана адпаведная камісія, у якую ўвайшло 36 прадстаўнікоў розных слаёў грамадства – ад кіраўнікоў да спартсменаў і маладых людзей. Узгадаў Ягор Макарэвіч, што ў складзе камісіі ён працаваў разам са старшынёй Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом. Затым свайго роду рэвізію праекта правяла рабочая група. Цяпер жа ідзе, бадай, самы важны этап – усенароднае абмеркаванне.
— Змяненні Канстытуцыі – гэта не наступствы падзей 2020-га, хаця і яны паўплывалі на замацаванне ў Асноўным Законе неабходнасці патрыятычнага выхавання. Дарэчы, гэтыя артыкулы не выклікалі ніякіх спрэчак у членаў камісіі. Пра іншыя папраўкі сталі гаварыць яшчэ некалькі гадоў таму. Чаму? Мяняецца грамадства. Калі раней, напрыклад, у Канстытуцыі былі палажэнні пра тое, што Беларусь – бяз’ядзерная дзяржава, то цяпер у нас з’явіўся «мірны атам», свая АЭС. Словам, змены – планамерны працэс развіцця нашай краіны, і кожны беларус проста павінен прыйсці на рэферэндум, каб зрабіць свой выбар, — сказаў Ягор Макарэвіч.
— Па-першае, вельмі важна, што Беларусь застаецца сацыяльнай дзяржавай. Гэта значыць, у кожнага ёсць права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, атрыманне адукацыі, і не толькі. Па-другое, замацоўваецца роўнасць правоў людзей з інваліднасцю разам з іншымі грамадзянамі. Па-трэцяе, вялікая ўвага надаецца традыцыйным каштоўнасцям: шлюб вызначаецца як саюз мужчыны і жанчыны. Урэшце, вялікая ўвага нададзена пераразмеркаванню паўнамоцтваў Прэзідэнта і асабліваму статусу УНС, — сказаў старшыня Маладзёжнага савета.
Падчас мерапрыемства ў кожнага з прысутных была магчымасць задаць Ягору Макарэвічу хвалюючыя пытанні. Такой магчымасцю скарыстаўся і Аляксандр Момлік. Сваё пытанне ён сам жа назваў «крыху правакацыйным» і пацікавіўся, ці не было б лягчэй Канстытуцыйнай камісіі, калі б яна самастойна падрыхтавала праект Асноўнага Закона. Сапраўды, прасцей за ўсё мяняць Канстытуцыю праз парламент, патлумачыў Ягор Макарэвіч, але ж сам народ павінен быў абраць траекторыю свайго развіцця. Гэта адзначыў і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Таму Маладзёжны парламент у рамках праекта «Беларусь будучыні» пачаў правядзенне дыялогавых пляцовак яшчэ восенню мінулага года. Праходзілі яны і ў рэгіёнах, меркаванні людзей улічваліся. На думку Ягора Макарэвіча, праект Канстытуцыі атрымаўся сапраўды народным, і гэта самае галоўнае.
Адно з пытанняў тычылася праблемы замацавання кадраў. Член Канстытуцыйнай камісіі адзначыў, што заказчыкі кадраў павінны ствараць умовы для маладых спецыялістаў, каб тыя пасля размеркавання хацелі застацца ў арганізацыі.
— І гаворка тут не толькі пра зарплату. Калі чалавек хоча будаваць кар’еру, яму трэба падказаць, як гэта рабіць лепш, забяспечыць сацыяльныя гарантыі, даць жыллё. Сёння ёсць магчымасць атрымання льготных крэдытаў. У той жа час ніхто не адмяняў і сацыяльную адказнасць моладзі, — сказаў госць.
У размове з карэспандэнтам Ягор Макарэвіч адзначыў, што моладзь павінна дапамагаць развіццю дзяржавы. Апошняя будзе садзейнічаць развіццю маладых людзей, што падкрэсліваецца асобным артыкулам Канстытуцыі. Старшыня Маладзёжнага парламента адзначыў, што дзяржава дае роўныя стартавыя магчымасці для ўсіх маладых людзей, а ўжо ад іх жадання развівацца залежыць у тым ліку і будучыня краіны.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік