Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Наркевіч адзін дзень на мінулым тыдні прысвяціў рабоце ў Пружанскім раёне.
Падарункі ад шчырага сэрца
Усебеларуская дабрачынная акцыя «Ад усёй душы» працягвалася на мінулым тыдні.
Нагадаем, што з такой ініцыятывай напрыканцы 2022 года выступіў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. І хаця пра людзей сталага ўзросту дзяржава заўсёды праяўляе вялікі клопат, але ёсць дні ў годзе, калі ўвагу трэба ўзмацніць. Да такіх, напрыклад, адносяцца Новы год і Нараджэнне Хрыстова. Гэта сямейныя святы, але ёсць людзі, у якіх не засталося родных і блізкіх альбо дзеці жывуць далёка ад састарэлых бацькоў.
Менавіта пра гэта гаварылі падчас сустрэчы з персаналам і пастаяльцамі аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, якое якраз у гэтыя святочныя дні адкрылася ў аграгарадку Лыскава, Юрый Наркевіч і старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.
Дырэктар Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка і загадчык новастворанага аддзялення Таісія Кузьміч правялі невялікую экскурсію па памяшканні, пазнаёмілі з персаналам, расказалі, у якіх добрых умовах жывуць цяперашнія пастаяльцы. Іх на момант наведвання было 11 чалавек, пры тым што аддзяленне разлічана на 24.
Ва ўтульнай зале з мяккай мэбляй нас чакалі пастаяльцы аддзялення. Госці выказалі шмат добрых слоў у адрас пажылых людзей, якія заслужылі годную старасць: жыць у чысціні, сытасці, камфорце і пры добрым доглядзе. Юрый Іосіфавіч падарыў аргтэхніку, якая неабходна стацыянару. Мікалай Пятровіч перадаў кошык з ласункамі. Пастаяльцы аддзялення дзякавалі за ўвагу, задавалі пытанні, на якія атрымлівалі адказы.
Цёпла было на сэрцы ад усведамлення таго, што людзям тут вельмі добра.
Сустрэча з калектывам ААТ «Радзіма»
Пабывалі ў гэты дзень Юрый Наркевіч і Мікалай Кудравец у ААТ «Радзіма», дзе сустрэліся з адміністрацыйнымі работнікамі сельгаспрадпрыемства.
Асноўнай тэмай сустрэчы стала электаральная кампанія. Нагадаем, што 25 лютага пройдзе адзіны дзень галасавання, на якім мы будзем выбіраць дэпутатаў сельскіх, раённых, абласных Саветаў дэпутаў, а таксама дэпутатаў ў Парламент краіны.
Прысутным расказалі пра асаблівасці адзінага дня галасавання. Старшыня раённага Савета дэпутатаў акцэнтаваў увагу на тым, што ўдалося зрабіць у Пружанскім раёне ў мінулым годзе, а што яшчэ застаецца ў планах. Наогул расказаў пра тое, якія яшчэ падзеі чакаюць наш раён, вобласць у 2024 годзе.
Сенатар пацікавіўся становішчам спраў у сельгаспрадпрыемстве, у тым ліку надоямі малака і прывагамі жывёлы, заработнай платай, забеспячэннем кадрамі.
Тут заўсёды рады гасцям
Завяршылася рабочая паездка Юрыя Наркевіча наведваннем Шарашэўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната.
Дырэктар дома-інтэрната Мікалай Дрозд правёў гасцей па тэрыторыі, расказаў пра гісторыю стварэння і работу гэтай установы.
У зале мясцовага клуба сабраліся пастаяльцы дома-інтэрната. Сюды прыехалі з канцэртам артысты Шарашэўскага цэнтра культуры і адпачынку. Юрый Наркевіч павіншаваў усіх прысутных з Новым годам і Калядамі. У якасці падарунка ўстанова атрымала ад яго вялізны тэлевізар. Колькі ж было ўдзячных апладысментаў за падарунак і за выдатнае выступленне артыстаў!
Віктар Ільюшчанка.
Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_300985283 і https://ok.ru/budni/album/973666830984