Старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Хвацік 15 жніўня з рабочай паездкай пабываў на Пружаншчыне.
Місія ў Васілія Міхайлавіча была вельмі прыемная: павіншаваць з заканчэннем уборкі зерневых і зернебабовых культур прадстаўнікоў двух сельгаставарыстваў.
У ААТ «Ліноўскае» віншавалі і ўзнагароджвалі Аляксандра Чапялевіча, Ілью Леўчука, Валерыя Амельянчука і Таццяну Жогал.
У ААТ «Радзіма» віншаванні прымалі Анатоль Міхайлоўскі, Васіль Фунт, Яўген Жылінскі і Васіль Гавейна.
Да кожнага з узнагароджваемых Васіль Хвацік знайшоў добрыя словы, расказваў, як сам пачынаў спецыялістам у сельскай гаспадарцы. Шэрагу перадавікоў (у асноўным гэта моладзь) былі ўручаны падзякі, падпісаныя Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Ігарам Брыло і лідарам прафсаюза работнікаў АПК, а таксама грашовыя ўзнагароды. Астатнія атрымалі каштоўныя падарункі. Не сумняваюся, падзякі Міністра дарагога вартыя, асабліва для тых, хто толькі пачынае свой прафесійны шлях.
Дарэчы, у ААТ «Ліноўскае» маладыя спецыялісты засталіся пасля адпрацоўкі, не паехалі шукаць лёгкага хлеба. Як сказаў Васіль Міхайлавіч, гэта трэба цаніць. Не ўсе маладыя гатовы пусціць карані ў вёсцы.
У паездцы Васілія Хваціка суправаджалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Дзмітрый Чайкоўскі.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік