Суббота, 12 октября 2024

Старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка падвёў вынікі года падчас сустрэчы з прадстаўнікамі рэгіянальных СМІ (+відэа)

604

Напрыканцы мінулага тыдня старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка сустрэўся з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі рэгіёна.

Такога рода сустрэчы ў нязмушанай абстаноўцы, без афіцыёзу, сталі традыцыйнымі. Завяршаецца 2021 год, мы стаім на парозе 2022-га. Час падвесці вынікі работы Брэстчыны, расказаць пра тое, што ўдалося зрабіць, і тое, што яшчэ будзе ажыццяўляцца. Пра гэта і не толькі ішла размова Юрыя Вітольдавіча з прадстаўнікамі друкаваных і аўдыёвізуальных СМІ. Дарэчы, у студзені спаўняецца год з таго часу, як Юрый Шулейка ўзначаліў Брэсцкую вобласць.

Мы выконваем свой функцыянал
Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Юрый Шулейка адзначыў, што ў апошні час на Беларусь аказваецца беспрэцэдэнтны ціск звонку: тут і спроба змяніць накірунак паступальнага развіцця краіны, санкцыі, каб удушыць эканоміку, пагоршыць жыццё беларусаў. Нягледзячы на ўсё гэта, мы працягваем жыць, працаваць, будаваць дамы, дарогі, весці барацьбу з хваробамі, нараджаць і расціць дзяцей. Не адстае, а надварот, уносіць дастойны ўклад у скарбонку Беларусі Брэстчына. Мы выконваем свой функцыянал. Вобласць нядрэнна спраўляецца з задачамі, даведзенымі на 2021 год.

— Добра папрацавалі з пачатку года, так яго і завяршаем, — паведаміў Юрый Шулейка. — Сваёй работай разам з вамі мы дабіліся пэўных вынікаў у жывёлагадоўлі, прамысловасці. Па многіх пазіцыях мы не губляем тое лідарства, якое было закладзена іншым пакаленнем кіраўнікоў. Такія ж пазіцыі пастараемся пакінуць за сабой і ў 2022 годзе. Фарміруецца матэрыяльная база для сельскай гаспадаркі, будуюцца планы на пяцігодку. Задачы, якія мы для сябе паставілі на 2022 год, у некаторых момантах даволі амбіцыёзныя, нялёгкія, але разам мы ўсё зможам здзейсніць.

Немалую работу зрабілі па будаўніцтве аб’ектаў сацыяльнай сферы: гэта школа ў Баранавічах, дзіцячыя садкі. Корпус дзіцячай бальніцы абсталяваны лепшымі дыягнастычнымі прборамі. Ужо сёння гатовы да адкрыцця медцэнтр у мікрараёне «Паўднёвы». Гэта ўнікальны сам па сабе аб’ект, які ў бліжэйшы час зменшыць нагрузку на іншыя паліклінікі.

Праведзена немалая работа ў райцэнтрах Брэстчыны. У Лунінцы здадзена ў эксплуатацыю інфекцыйная бальніца на 75 месц, з такой жа колькасцю кіслародных кропак і аднымі з лепшых апаратамі штучнага дыхання. Завяршаецца будаўніцтва бальніцы ў Маларыце…

Нямала было пабудавана і адрамантавана дарог у абласным цэнтры, таксама ў Пінску, многія дарожныя работы будуць праведзены ў іншых райцэнтрах вобласці.

Губернатар канстатаваў:

— Як і ў мінулых гадах, мы добра папрацавалі ў аграрным сектары эканомікі, на будаўніцтве аб’ектаў сельскай гаспадаркі. Уводзіцца ў эксплуатацыю каля 26 тысяч месцаў для ўтрымання жывёлы. Гэта дастаткова вялікі аб’ём работы. Частка яе пяройдзе на 2022 год.

Сродкі – не на сацыялку, а на барацьбу з пандэміяй
— Тыя сродкі, якія мы маглі б накіраваць на развіццё аб’ектаў сацыяльнай галіны, ідуць на лячэнне хворых на каранавірус, дадатковы заробак медыцынскім работнікам, якія працуюць у складаных умовах, абсталяванне устаноў аховы здароўя кіслароднымі кропкамі, стварэнне ўмоў для лячэння і хуткага выздараўлення хворых. Брэстчына значна адстае ад іншых рэгіёнаў у плане вакцынацыі насельніцтва. Каранавірусная інфекцыя пагражае новымі штамамі. Толькі разам мы зможам супрацьстаяць гэтай бядзе.

Што ў наступным годзе
Будзе працягвацца работа па ўдасканаленні аграрнага сектара эканомікі, будаўніцтва, прамысловасці.

— Мы заклалі ў бюджэт грошы на праектаванне шматфункцыянальнага хірургічнага корпуса, у які будуць уваходзіць сучасныя аперацыйныя блокі, дзе будуць праводзіцца высокатэхналагічныя аперацыі, у тым ліку кардыялагічнага профілю, — працягваў дзяліцца планамі губернатар. — Кіраўнік дзяржавы аказаў падтрымку ў гэтым. Праз год разам з усёй Беларуссю мы пачнем і завершым будаўніцтва вельмі патрэбнага нам медыцынскага корпуса абласной бальніцы. Будзе пабудаваны дом з арэнднымі кватэрамі для медперсаналу, наладжана інфраструктура.

Пра рэферэндум і новую рэдакцыю Канстытуцыі
Значную частку свайго звароту да прадстаўнікоў СМІ Юрый Шулейка ўдзяліў рабоце над новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Адзначыў, што рабочай групай і камісіяй было зроблена немала, каб унесці папраўкі ў Асноўны Закон краіны. Цяпер гэты праект вынесены на суд беларусаў. Засталося не так і многа часу для яго абмеркавання. У канцы лютага адбудзецца рэферендум, на якім пройдзе галасаванне па гэтай рэдакцыі. Нам усім трэба выканаць свой грамадзянскі абавязак, прыйсці на рэферэндум, каб прагаласаваць за будучыню Беларусі.

Напрыканцы сустрэчы Юрый Вітольдавіч адказаў на шматлікія пытанні журналістаў. Таксама пажадаў усім дабрабыту, вострага, але дакладнага пяра, павіншаваў з надыходзячымі святамі.

Віктар Ільюшчанка. Фота Святланы Кіслай