З 26 па 28 чэрвеня ў горадзе Уфа ў Башкартастане пройдзе X Форум рэгіёнаў Расіі і Беларусі. У складзе дэлегацыі нашай краіны і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч.

Вось што адзначыў Юрый Іосіфавіч з гэтай нагоды:
— Ад маючага адбыцца форуму мы чакаем самых вялікіх вынікаў. Гэта прэстыжнае мерапрыемства дазволіць беларускім вытворцам, паказаць свой тавар з самага выгаднага боку. А прэзентацыя ўсяго таго лепшага, што выпускаецца ў Беларусі, дэманстрацыя нашых тэхнічных дасягненняў, дэгустацыя харчовай прадукцыі дадуць магчымасць упэўніцца ў яе якасных характарыстыках.
Расія заўсёды была і застаецца нашым галоўным і надзейным партнёрам. З гадамі, нягледзячы на эканамічныя санкцыі з боку Захаду, толькі мацнеюць і пашыраюцца ўзаемавыгадныя сувязі. Кіраўніцтва нашай рэспублікі актыўна выступае за развіццё адносін з самымі далёкімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. І форум ва Уфе стане яшчэ адным важным аргументам у папулярызацыі беларускай прадукцыі і пашырэнні эканамічных сувязей. Абавязкова будуць заключаны новыя дагаворы на пастаўку ўсяго таго, чым славіцца Беларусь. А гэта трактары і грузавыя аўтамабілі, аўтобусы і трамваі, БелАЗы, камбайны і іншая сельскагаспадарчая тэхніка, вырабы электронікі, будаўнічыя і аддзелачныя матэрыялы, мясная і малочная прадукцыя, кандытарскія вырабы і многае іншае.
Вялікія экспартныя магчымасці і ў нашай Брэсцкай вобласці, асабліва ў частцы вытворчасці разнастайнай і высакаякаснай прадукцыі перапрацоўчай прамысловасці. А ў цэлым беларусам ёсць што паказаць і ёсць чым ганарыцца. Таму цяперашні форум надасць новы імпульс развіццю ўзаемных знешнеэканамічных сувязей паміж нашымі брацкімі народамі.