Суббота, 12 октября 2024

Старшая медыцынская сястра Шарашоўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната атрымала Падзяку ад Прэм’ер-міністра

819

Гэты год прынёс нямала выпрабаванняў на трываласць работнікам Шарашоўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Але перад новай каранавіруснай інфекцыяй яны не спасавалі: выступілі шырокім фронтам — і перамаглі. Немалая заслуга ў гэтым старшай медыцынскай сястры Таццяны Аляксандраўны Фасевіч.


1 кастрычніка жанчына ў ліку іншых была запрошана ў Мінск на ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны да Дня пажылых людзей, дзе атрымала Падзяку ад Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у работу па сацыяльнай абароне грамадзян ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі.


— Таццяна Аляксандраўна, як ніхто іншы з нас, вартая гэтай узнагароды! У цяжкую хвіліну яна літаральна прыняла на сябе ўдар і ў кароткія тэрміны арганізавала комплексную прафілактычную работу і дапамогу хворым, — кажа дырэктар дома-інтэрната Мікалай Мікалаевіч Дрозд.

Сама ж Таццяна Аляксандраўна сціпла заяўляе:
— Гэта наша агульная ўзнагарода! Невыпадкова на сустрэчы наш міністр Ірына Анатольеўна Касцевіч дзякавала ўсім работнікам устаноў сацыяльнай абароны за самаадданую працу. Нам, работнікам інтэрната, давялося працаваць у незвычайных умовах — вахтавым метадам, калі па чарзе на два тыдні месца працы станавілася месцам жыхарства: мы пакідалі сям’ю, дзяцей, родных, нібыта адплывалі на падводнай лодцы, не ведаючы, што чакае наперадзе. Дзякуючы зладжаным дзеянням нашага кіраўніцтва і спецыялістаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, мы вытрымалі. Не ведаем, як будзе далей развівацца сітуацыя, але хочацца спадзявацца, што самае страшнае засталося ззаду…

Па прызнанні жанчыны, у далёкім 1980-м годзе, калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, яна і ўявіць не магла, што ў сваёй практыцы сутыкнецца з новымі, невядомымі раней, інфекцыямі і бу-дзе ратаваць ад іх асаблівую катэгорыю пацыентаў.

— Перада мной быў узор сапраўднага, прычым патомнага, медыка — фельчара Галіны Паўлаўны Пацыкайлік (сёння яна працуе ў Камянецкім раёне), якая, можна сказаць, і дала мне галоўны жыццёвы арыенцір — ратаваць людзей, — распавядае Таццяна Аляксандраўна.

Пасля заканчэння Брэсцкага медыцынскага вучылішча яна ўладкавалася на працу на Зарэчанскі ФАП, а літаральна праз год перавялася ў Шарашоўскую бальніцу на пасаду ўчастковай медсястры.

— Дарэчы, менавіта той першы працоўны год у вёсцы і даў мне неабходную загартоўку, каштоўны медыцынскі вопыт, — прызнаецца жанчына. — Неаднойчы трапляла ў нестандартныя сітуацыі. Па-свойму памятнымі сталі і 1985-87 гады, праведзеныя ў бальніцы побач з урачом. Я, каб не складаныя сямейныя абставіны, і сёння там з задавальненнем працавала б. Але вымушана была перавесціся ў дзіцячы садок, каб быць побач з сынам. Так там на сямнаццаць гадоў і затрымалася.

Нарэшце ў 2004 годзе Таццяна Аляксандраўна Фасевіч пачала працаваць у доме-інтэрнаце з асаблівымі людзьмі.

— Якім трэба дапамагчы жыць. Проста жыць. Мае пацыенты — гэта вялікаўзроставыя дзеці, многія з якіх, праўда, значна вышэй за мяне ростам. Давялося зноў штудзіраваць медыцынскія падручнікі, даведачную літаратуру: псіхіятрыя для мяне, фельчара па спецыяльнасці, была навінкай, — кажа старшая медсястра, якая сёння адказвае і за дабрабыт пацыентаў, і за зладжаную работу персаналу інтэрната.

— Кожны чалавек тут патрабуе асаблівай увагі. І трэба зрабіць усё, каб пацыентам у нас жылося камфортна, каб яны не адчувалі сябе пакінутымі і адзінокімі. Хто гэта зробіць, калі не мы?
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.