Суббота, 7 марта 2026

Старшакласнікам Пружаншчыны расказалі пра магчымасці вядучых ВНУ краіны, каб дапамагчы вызначыцца з прафесійным выбарам

446

Як вызначыць крокі ў будучыню? Адказ на гэтае пытанне можна было атрымаць на раённым прафарыентацыйным мерапрыемстве «Прафесійны вектар — крокі ў будучыню», якое прайшло на гэтым тыдні ў гарадскім Палацы культуры.

Дапамагчы вызначыць накірунак на атрыманне будучай прафесіі выпускнікам школ і гімназіі Пружанскага раёна прыехалі прадстаўнікі цывільных і ваенных вышэйшых навучальных устаноў краіны.

Перш чым азнаёміцца з прэзентацыямі, вучні маглі паглядзець выставу ваеннай амуніцыі, апрануць яе, патрымаць у руках зброю, агледзець стэнды, пагутарыць з курсантамі і студэнтамі ВНУ, задаць ім хвалюючыя пытанні.

Пачалася прэзентацыя ВНУ з прывітальнага слова начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандра Момліка. Звяртаючыся да прысутных школьнікаў і іх бацькоў, Аляксандр Канстанцінавіч адзначыў, што для ўсіх з‘явілася ўнікальная сітуацыя сёння звярнуць увагу, а можа і вызначыцца, з будучай прафесіяй. У свой час яму пашчасціла на такого роду прафарыентацыйным мерапрыемстве абраць свой жыццёвы арыенцір: ён стаў педагогам. І ніколькі не шкадуе аб гэтым.

Затым з прэзентацыяй установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт» выступіла кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт кафедры агратэхналогій Вольга Корзун.

Намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі ўстановы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна» Анжэла Кісель расказала аб факультэтах ВНУ, яго гісторыі, буднях студэнтаў, умовах паступлення і многім іншым.

Намеснік начальніка факультэта ракетных войск і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення па вучэбнай і навуковай рабоце ўстановы адукацыі «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь» палкоўнік Сяргей Старажэнка расказваў аб прэстыжнасці навучання ў ваеннай ВНУ.

Падпалкоўнік Тарас Цішчанка, намеснік начальніка вучэбна-метадычнай часткі ваеннага факультэта ўстановы адукацыі «Беларуская акадэмія авіяцыі» расказаў многа цікавага аб жыцці і дзейнасці ВНУ.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы існуе ваенны факультэт і кафедра тылавога забеспячэння. Пра структуру, курсанцкі склад расказаў старшы выкладчык кафедры падпалкоўнік Аляксандр Шышкін.

Падвёў вынікі прафарыентацыйнага семінара ваенны камісар Пружанскага раёна Кірыл Шаўчэнка. У сваім звароце да юнакоў Кірыл Усеваладавіч зрабіў акцэнт на значнасці службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, яе прэстыжнасці і неабходнасці. Каб стаць сапраўдным мужчынам, трэба атрымаць ваенную, армейскую закалку. Армія — гэта школа жыцця, патрыятызму, стойкасці і мужнасці.

Было прыемна пазнаёміцца з курсантам Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, ураджэнцам г. Пружаны Раманам Сасімам, які пасля заканчэння прэстыжнай ВНУ будзе ваенным верталётчыкам. Хлопец расказаў, што такую прафесію выбраў не проста так. Яго бацька ў свой час служыў ваенным тэхнікам. Закончыў сваю кар’еру ў 2005 годзе. Вось і сыну прывіў любоў да неба. З дзяцінства хлопец марыў стаць пакарыцелем «пятага акіяна». Каб пастуціць у Ваенную акадэмію, трэба мець не толькі добрую фізічную падрыхтоўку, моцнае здароўе, але і добра вучыцца ў школе. А ўсё гэта Раману было пад сілу. Ён паспяхова здаў уступныя іспыты і стаў курсантам акадэміі. Пасля заканчэння будзе мець права кіраваць паветранымі суднамі ў дзяржаўнай авіяцыі, эксплуатаваць паветраную тэхніку. Ведаеце, тыя, хто вырашыў стаць ваенным, пайшоў вучыцца ў адпаведную ВНУ, скончыў яе, зусім па-іншаму выглядае. Няма нейкай расхлябанасці. Так і мой суразмоўца выглядаў сапраўдным мужчынам з ваеннай выпраўкай, постаццю, элітнасцю. Пры размове адчувалася адукаванасць хлопца, уменне адказваць на пытанні дакладна, як кажуць, з пачуццём, толкам, расстаноўкай. Хто хоча быць такім жа, той няхай яшчэ з дзяцінства задумваецца прысвяціць сваё жыццё службе ва Узброенных Сілах Рэспублікі Беларусь. У сваім звароце да юнакоў Раман Сасім адзначыў, што служба ў арміі — гэта гонар для кожнага хлопца, мужчыны. Трэба гэтага гонару прытрымлівацца і адпавядаць яму.

Віктар Ільюшчанка

Фота Кацярыны Масік

Многа фота тут: https://vk.com/album-23306785_304732738 і https://ok.ru/budni/album/984677897864