Сяргей Давідзенка жыве не толькі ўласнымі клопатамі, але і праблемамі аднавяскоўцаў — аказаны людзьмі давер абавязвае: ён — стараста вёскі Воля і дэпутат мясцовага Савета.
У Ружанскім сельскім Савеце дэпутатаў Сяргея Уладзіміравіча цэняць найперш як памочніка, якому можна даручыць любую справу. Стараста арганізоўвае суботнікі, у якіх і сам прымае непасрэдны ўдзел, зімой кантралюе расчыстку дарогі, даследуе стан пячнога ацяплення ў пажылых людзей і нядобранадзейных сем’ях, апавяшчае аднавяскоўцаў па розных нагодах… Адным словам, з’яўляецца неад’емнай часткай сістэмы мясцовага самакіравання.
Праз Сяргея Давідзенку трымаюць сувязь са спецыялістамі сельвыканкама ды розных службаў і жыхары вёскі. Як і ў большасці населеных пунктаў Пружаншчыны, у Волі жывуць пераважна сталыя людзі: сёння тут 134 жыхары, у асноўным пенсіянеры. Але мужчына і без падказкі ведае, што турбуе вяскоўцаў. Так, некалькі гадоў хадайнічаў, каб у Волі, як і ў суседніх вёсках, з’явіўся асфальт — сёлета дачакаліся новай дарогі.
— Маладыя — такіх у нас усяго дзесяць сем’яў, — гаворыць стараста, — свае асабістыя праблемы вырашаюць самастойна. А вось пажылыя часта звяртаюцца. Дапамагаю, чым магу: і на службу ў царкву зважу, і лекі куплю, і пракантралюю, каб аўталаўка своечасова прыязджала.
У традыцыйных будзённых клопатах сельскіх жыхароў мужчына таксама прымае ўдзел. Вясной складае спіс жадаючых саджаць соткі, напрыканцы года робіць падворны абход для ўліку жывёлы (праўда, сёння на ўсю вёску засталося галоў дваццаць свіней, чатыры каровы ды два кані). Як работнік ААТ «Ружаны-Агра», ён заўсёды знойдзе магчымасць, каб пахадайнічаць перад кіраўніцтвам за аднавяскоўцаў. І людзі цэняць яго — за спагадлівасць і чалавечнасць.
— Ну, хіба магу я інакш ставіцца да аднавяскоўцаў? — шчыра здзіўляецца Сяргей Уладзіміравіч. — Я ж чалавек мясцовы, у Волі нарадзіўся, тут вырас — ведаю не проста кожнага жыхара, але наогул усіх ураджэнцаў гэтай мясцовасці.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).