
Пад такой назвай прайшоў у нашай школе Урок мужнасці ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Падрыхтавала мерапрыемства Зашчук Наталля Мікалаеўна – настаўнік гісторыі і класны кіраўнік 7 “Б” класа.
Афганская вайна пакінула глыбокі след не толькі ў гісторыі Савецкага Саюза, але і ўсяго свету. У гэтай вайне было прынялі ўдзел больш за 500 тысяч савецкіх салдат. У ходзе мерапрыемства мы даведаліся пра гісторыю тых жудасных дзён і герояў тых падзей.
Да мерапрыемства была аформлена выстава з інфармацыяй пра воінаў-інтэрнацыяналістаў – нашых землякоў. Былі прадстаўлены фотаздымкі з архіву сям’і Ганчарэнка, а таксама ўзнагароды Аляксандра Іванавіча, што прадставіла яго ўдава Людміла Пятроўна, якая прысутнічала на мерапрыемстве.
Спачатку ўвазе гледачоў быў прапанаваны відэаролік пра вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Затым Наталля Мікалаеўна пазнаёміла прысутных з этапамі Афганскай вайны. Настаўніца адзначыла, што ў ходзе баявых дзеянняў у Афганістане прымалі ўдзел 28 832 жыхары БССР, 771 чалавек загінуў, 12 чалавек лічацца прапаўшымі без вестак, больш чым паўтары тысячы чалавек былі паранены, 702 сталі інвалідамі.
Зашчук Н.М. звярнула ўвагу на тое, што ў нашым пасёлку і навакольных вёсках жывуць удзельнікі ваенных дзеянняў у Афганістане. На жаль, не ўсе вярнуліся дамоў…
Вучні 7 “Б” класа расказалі пра Дружэню Аляксандра Аляксеевіча, ураджэнца вёскі Юндзілы, і Кубарка Анатолія Уладзіміравіча з вёскі Карасі, якія загінулі ў Афганістане.
Наступная старонка была прысвечана Солававу Ігару Мікалаевічу і Ганчарэнку Аляксандру Іванавічу, якія, здаецца, зусім нядаўна былі з намі, успаміналі сваю службу ў Афганістане… На жаль, яны памерлі. Пра іх расказалі сямікласнікі.
Усіх прысутных узрушыла выступленне Людмілы Пятроўны Ганчарэнка. Яна падзялілася сваімі ўспамінамі пра мужа. Аляксандр Іванавіч быў вельмі сціплы чалавек. Для яго Афганістан застаўся незагойнай ранаю, якая доўгія гады не давала спакою яго душы… У сям’і гэта быў любячы муж і клапатлівы бацька. Адзіным сродкам сувязі з сям’ёй былі пісьмы, якіх з нецярпеннем чакалі дома. Слёзы на вачах выклікаў яе ўспамін пра вяртанне мужа дамоў і сустрэчу з блізкімі. У заключэнні Людміла Пятроўна пажадала вучням, каб яны ніколі не зведалі, што такое вайна, каб бераглі і шанавалі мір…
Мы павінны памятаць герояў Афганскай вайны, якія, прайшоўшы праз пекла і агонь, засталіся вернымі воінскай прысязе і з гонарам выканалі свой воінскі абавязак.
Кажуць, час залечвае раны, але без памяці пра мінулае не можа быць будучыні. Пакуль мы помнім – мы жывём. Памяць пра падзеі Афганскай вайны не толькі ўвекавечана ў помніках, але яна жыве ў нашых сэрцах і ў такіх вось сустрэчах вучняў з ветэранамі і членамі іх сямей.
Вішнявецкая Марыя, вучаніца 8 “Б” класа
Ружанскай сярэдняй школы
імя Казіміра Марача,
удзельнік гуртка “Юны карэспандэнт”
Ружанскага ШПЦ
