Большую частку свайго жыцця Таццяна Бабыла пражыла ў Бельчыцах. Трыццаць тры гады таму, пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума, яна, ураджэнка суседняга, Бярозаўскага раёна, трапіла па размеркаванні на Пружаншчыну. А неўзабаве выйшла замуж за мясцовага хлопца ды так тут і прыжылася. І гэтаму бязмежна рады вяскоўцы, якія прызнаюцца, што сёння ўжо і не ўяўляюць, што рабілі б без сваёй памагатай.
Вось ужо чацвёрты год як жанчына з’яўляецца старастай вёскі. Таццяне Яўгенаўне невыпадкова даручылі выкананне гэтых грамадскіх абавязкаў: як чалавек спагадны і неабыякавы, яна прывыкла жыць не толькі ўласнымі клопатамі. Дапамога аднавяскоўцам у забеспячэнні палівам на зіму, пасадцы бульбы, вывазе смецця, арганізацыі свят у вёсцы…
Стараста прызнаецца, што не прывыкла жыць толькі для сябе, таму і імкнецца прыносіць карысць людзям. І стараецца не толькі як загадчыца Рудніцкага СКБ і стараста, але, у першую чаргу, як чалавек. І сваім чалавекалюбствам і альтруізмам зараджае іншых. Напрыклад, сёлета паклікала сабе ў памочнікі работнікаў аўтаклуба: разам яны наводзілі парадак каля брацкага пахавання ў Рудніках.
Нярэдка даводзіцца бачыць Таццяну Бабыла з вясковымі памочнікамі на пустуючых сядзібах ці каля паклоннага крыжа, дзе яны наводзяць парадак.
— Мне пашанцавала, што на маім шляху сустракаюцца людзі, якія ніколі не адмаўляюць мне ў дапамозе. Бо ўсё-такі адзін чалавек нічога не варты, і толькі агульнымі сіламі можна рабіць вялікія справы.
Тым не менш, гэта не перашкаджае Таццяне Бабыла брацца за добрыя пачынанні і ў адзіночку. Вось ужо каторы год яна даглядае за адзінокай магілкай: на старэнькім помніку напісана, што там пахавана матушка Макавецкая. Прайсці міма жанчыне не дазваляе, відавочна, яшчэ і тое, што яна — чалавек глыбока веруючы.
Аднавяскоўцы ведаюць, што Таццяна Яўгенаўна рэгулярна ходзіць у храм, таму пастаянна перадаюць праз яе ў царкву памінальныя запіскі, на асвячэнне — велікодныя яйкі, іншае.
— Нас, старастаў, за работу аддзячваюць рублём. Але я ж стараюся не дзеля фінансавай выгоды, таму ў мяне рукі ад гэтых грошай «гараць», — гаворыць жанчына. — Вось і вырашыла тыя грошы, што мне плацілі, пусціць у патрэбнае рэчышча: заказала агароджы для паклонных крыжоў, устаноўленых у вёсцы.
Добрыя справы Т.Я.Бабыла нярэдка з’яўляюцца тэмай для абмеркавання і сярод жыхароў суседніх вёсак: маўляў, Таня зрабіла, а чаму ў нас ніхто не арганізуе?
Праблемы ў Бельчыцах, здаецца, такія ж, як і паўсюль. Сярод іх і пытанні добраўпарадкавання. Паводле слоў старасты, галаўны боль дастаўляе толькі адзін зарослы ўчастак — месца, дзе стаяў дом, які прызналі безгаспадарным. Будынак знеслі, а падмурак застаўся. Пачаў буяць дзікі параснік. Найгорш, што тэхніка там не дапаможа: якраз праз той участак ідуць камунікацыі. Але Таццяна Яўгенаўна рэгулярна арганізоўвае суботнікі.
— Сучасныя Бельчыцы — гэта ўжо больш дачная вёска, — гаворыць стараста. — Пажылая сямейная пара ў Бельчыцах толькі адна. Старажылы раз’ехаліся па дзецях, памерлі — і іх дамы апусцелі. Але нашчадкі не даюць сваім радавым гнёздам прыйсці ў заняпад — даглядаюць бацькоўскія сядзібы.
Тым не менш, бязлюднай гэтую вёску не назавеш: паводле інфармацыі сельвыканкама, у пачатку года тут налічвалася каля паўсотні жыхароў, пераважная частка якіх — людзі працаздольнага ўзросту і дзеці. І гэта дае надзею, што Бельчыцы будуць жыць.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Кацярына МАСІК (фота)