Воскресенье, 8 декабря 2024

Старанныя работнікі, дастойныя ўмовы працы, абнаўленне аўтапарка: чым здзівіў філіял «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга»

332

На самым высокім узроўні ў нашай краіне трымаецца на кантролі пытанне добраўпарадкавання і азелянення тэрыторый як асабістых участкаў, так і вытворчых прадпрыемстваў. І нездарма, бо мы не толькі павінны падтрымліваць прыгажосць вакол сябе, але і імкнуцца яе прымножыць, зрабіць родны кут непаўторным і чароўным. Хацелася б, канечне, каб кожны з нас разумеў важнасць такой работы. І, зразумела, прыемна, што ў філіяле «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэст-энерга» ў дадзеным накірунку робіцца вельмі многае, тут працуюць неабыякавыя да парадку людзі.

Дырэктар філіяла Іван Ярашэвіч дэманструе дыпломы за першыя месцы

Пацвярджэннем гэтаму могуць паслужыць два дыпломы.

Адзін з іх быў уручаны гаспадарцы за першае месца ў спаборніцтвах за дасягненне лепшых вынікаў па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі сярод сельскагаспадарчых філіялаў арганізацый, якія ўваходзяць у склад ДВА «Белэнерга», за 2022 год. Згадзіцеся, важкі дыплом, якому папярэднічала карпатлівая праца ўсяго калектыву сельгаставарыства.

Старанне работнікаў філіяла зрабіць свет вакол сябе крышачку святлейшым было адзначана і на раённым узроўні. Гаспадарка была ўзнагароджана дыпломам першай ступені ў намінацыі «Лепшая арганізацыя сельскагаспадарчай галіны» ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне, санітарны стан і кветкавае афармленне тэрыторый Пружанскага раёна.

Механізатар Леанід Брухавецкі падчас рамонту глебаапрацоўчага пасяўнога агрэгата «АППМ-6»

Калі ў пятніцу карэспандэнты «раёнкі» завіталі ў філіял «Аграэнерга Зеляневічы», то кветак ужо, зразумела, не заспелі: пара года не тая. Але на прыкладзе майстэрні адразу стала зразумела, што тут працуюць людзі адказныя і шчырыя.

Уся тэхніка пастаўлена ў роўныя рады, на тэрыторыі чысціня і парадак. Некаторыя сельскагаспадарчыя агрэгаты чакаюць сваёй чаргі пад навесам, вытрыманы адлегласці паміж машынамі, яны вымыты, пачышчаны ад бруду, раслінных і іншых рэшткаў. Тое ж мы назіралі і ў пункце тэх-абслугоўвання. Нічога лішняга, кожны ведае свой участак работы. Што да рамонту, то, па словах галоўнага інжынера гаспадаркі Аляксандра Хаяна, папярэдне быў складзены графік мерапрыемстваў па падрыхтоўцы тэхнікі да арганізаванага правя-дзення вясенне-палявых работ і ўборкі ўраджаю 2023 года. Згодна з ім, да першага снежня праведзены рамонт глебаапрацоўчай тэхнікі (плугоў, культыватараў і інш.). З гэтай даты пачаты рамонт камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў, які ў гэтым жа месяцы павінен завяршыцца. На чарзе тэхніка для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, затым – корманарыхтоўчая, і завершыць гэты працэс збожжаўборачная тэхніка.

Электрагазазваршчык Сяргей Кузьменка і вадзіцель Уладзімір Матвейчык сцвярджаюць: у чысціні і цяпле і ежа смачней

Пацікавіліся мы і ўмовамі працы ў майстэрні. І ўпэўніліся, што гэтаму пытанню ўдзяляецца шмат увагі. Па-першае, тут цёпла, што з’яўляецца немалаважным фактарам у зімовы перыяд. Ацяпленне ажыццяўляецца сваёй кацельняй. Для прыёму ежы ёсць асобны пакой з халадзільнікам і мікрахвалёўкай. За кожным механізатарам замацавана шафка, дзе можна пераапрануцца, дарэчы, для кожнага свая. Хочаш пасля работы памыцца? Калі ласка, душавая. Калі работнік не абдзелены ўвагай, то і аддача ад яго работы будзе куды больш эфектыўнай.

Між іншым, не забываюць у філіяле і пра абнаўленне аўтапарка. У гэтым годзе набылі самаходны апырсквальнік «Раса», а літаральна два тыдні таму – пагрузчык «Амкадор 352 С», аўтамабіль «МАЗ», кормараздатчык і трактар «Беларус 1221».

Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сельгаставарыства Людміла Ярашэвіч запэўнівае: навагодняе афармленне ў філіяле «Аграэнерга Зеляневічы» будзе на высокім узроўні

Дарэчы, у раёне пачынаецца падрыхтоўка да святаў. На чарзе – навагодняе афармленне будынкаў і прылеглых тэрыторый. Самы актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве прымаюць і ў філіяле, ужо зроблены першыя крокі. Некаторыя канструкцыі будуць выкананы рукамі сваіх работнікаў, што надасць ім большую прывабнасць і непаўторнасць.

Добраўпарадкаванне – справа агульная, у ёй галоўнае – не заставацца абыякавым сузіральнікам, а падтрымаць добрую ідэю. Магчыма, гледзячы на вас, шаноўныя працаўнікі філіяла, і іншыя ўключацца ў работу. І наша Пружаншчына, наша Беларусь сінявокая стануць яшчэ больш адметнымі і прыгожымі.

Вадзім Раўнейка. Фота Юліі Янушка