Паслугі, якія аказвае КУВП «Камунальнік», закранаюць практычна ўвесь спектр жыццядзейнасці жыхароў населеных пунктаў раёна, што сведчыць аб безумоўнай запатрабаванасці гэтай арганізацыі. Напярэдадні прафесійнага свята камунальшчыкаў пра зробленае і планы мы пагаварылі з дырэктарам прадпрыемства Сяргеем Бабруком.

— Па раёне паслугай цэнтральнага цеплазабеспячэння карыстаецца 8196 абанентаў, цэнтральным водазабеспячэннем — 19194, водаадвядзеннем (каналізацыяй) — 13588, а паслугай па ўтылізацыі цвёрдых камунальных адходаў — 21065 абанентаў. Можна смела сцвярджаць, што на Пружаншчыне няма ні аднаго жыхара, якому не была б патрэбна наша работа. І мы, са свайго боку, штогод імкнёмся павысіць яе якасць.
У 2022 годзе пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю дзве станцыі абезжалезвання — у вёсках Гарадзечна і Сланімцы. Пасля капітальнага рамонту ўведзена ў эксплуатацыю 7 тысяч м2 жылой плошчы, у тым ліку чатыры жылыя домы (Кастрычніцкая, 58, Касцякова, 73 у г. Пружаны, в. Новыя Засімавічы, 192, в. Магілёўцы, вул. Ружанская, 17). Акрамя таго, выкананы рамонт дзевяці прыдамавых тэрыторый шматпавярховак, дзе таксама ўстаноўлены тры новыя дзіцячыя гульнявыя комплексы. Не засталася па-за ўвагай і праезная частка вуліц: частковае суцэльнае асфальтаванне выканана па вул. Горына-Каляды, Свабоды, Кастрычніцкай, Кобрынскай і па ўсёй працягласці Паркавай і Юбілейнай.

— Сяргей Васільевіч, неаспрэчны факт, што актыўная эксплуатацыя любога абсталявання прыводзіць да яго зношвання. Што робіцца для замены сетак?
— Летась заменены 1,1 км водаправодных сетак, у тым ліку і ў аг. Шані, што дазволіла палепшыць водазабеспячэнне дадзенага населенага пункта. Па бягучым рамонце заменена 600 м каналізацыйных сетак. Такая ж работа праводзіцца і на магістралях цеплазабеспячэння: на сённяшні дзень з 148,6 км цепласетак заменена на ізаляваныя трубы 147,95 км, або 99,6% ад агульнай працягласці.
Больш складаным з’яўляецца пытанне эксплуатацыі каналізацыйных помпавых станцый. У якасці прыкладу можна прывесці аварыйную сітуацыю, якая склалася на галоўнай КПС у г. Пружаны напрыканцы студзеня бягучага года. У выніку кваліфікаваных дзеянняў штаба па ліквідацыі надзвычайных сітуацый і ўсіх задзейнічаных службаў аварыя была ўхілена. Аднак праблему трэба неадкладна вырашаць.

— На якім этапе зараз знаходзіцца работа па рэканструкцыі ГКПС?
— КУВП «Камунальнік» яшчэ ў 2022 годзе правёў таргі па выбары праектных арганізацый і заключыў дамовы на выраб праектаў «Замена помпавага абсталявання на энергаэфектыўнае на ГКПС па вул. Макаранкі ў г. Пружаны» і «Замена адной ніткі напорнага калектара ад ГКПС да ачышчальных збудаванняў г. Пружаны». У 2023 годзе абодва праекты ўключаны ў пералік мерапрыемстваў па капітальным рамонце, рэканструкцыі, мадэрнізацыі аб’ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі, выдзелены фінансавыя сродкі ў суме 550 тысяч і 500 тысяч рублёў адпаведна. Работы плануецца выканаць у 2-3 кварталах бягучага года.

— Што яшчэ ў планах на бягучы год? Ці хапае ў арганізацыі прафесіяналаў, якія здольны ажыццявіць задуманае?
— Сёлета мы павінны пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю тры станцыі абезжалезвання — у аг. Шчарчова, аг. Лыскава і в. Бакуны Ліноўскага сельсавета. Акрамя таго, у в. Ласасін — прасвідраваць новую артэзіянскую свідравіну, а ў аг. Шані — узвесці воданапорную вежу.
У планах увесці ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту два жылыя дамы — №60 па Кастрычніцкай у Пружанах і №193 у Новых Засімавічах, пачаць такія ж работы плануем у гэтай вёсцы ў доме №15. У дадатак — замяніць два ліфты ў доме №18 на вул. Інтэрнацыянальнай.
Ёсць намеры замяніць 1 км водаправодных і 0,7 км каналізацыйных сетак са звышнарматыўнымі тэрмінамі эксплуатацыі. Плануецца ўстаноўка вулічнага асвятлення па зав. Кобрынскаму, таксама таршэры будзем размяшчаць на цэнтральнай гарадской плошчы, на вуліцах Жукава, Альховай, на праездзе ад Кастрычніцкай да Паркавай і на аўтамабільнай стаянцы на вул. Будаўнічай.
Новы асфальт у бягучым годзе з’явіцца на Савецкай, Тармасава, Р.Шырмы, Урбановіча, Леніна (ад святлафораў да Тармасава), участках Кобрынскай і Свабоды.

Да Дня Перамогі завершым работы па рамонце помніка лётчыкам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, размешчанага на вул. Пушкіна, разам з гэтым выканаем бягучы рамонт брацкага пахавання на праваслаўных могілках на Горцы ў горадзе, установім падсветку ваеннай тэхнікі ў скверах імя Гудзімава і воінаў-інтэрнацыяналістаў па вул. Тармасава.
Таксама да 590-гадовага юбілею Пружан упрыгожым гарадскія вуліцы малымі архітэктурнымі формамі і кветкавым афармленнем.

Спадзяёмся, што ўсе вышэйпералічаныя мерапрыемствы атрымаецца рэалізаваць, тым больш што ў нашым зладжаным калектыве сабралася нямала прафесіяналаў. Сярод іх — начальнік ВТА Галіна Гардзей, галоўны энергетык Валерый Саўко, майстры Уладзімір Бароўскі, Юрый Нежывінскі, электрагазазваршчыкі Анатоль Варыцкі, Сяргей і Вячаслаў Вакульчыкі, сталяр Пётр Токар, вальшчык Міхаіл Нікан, страхар Андрэй Пянко і іншыя.
Віншую ўсіх з надыходзячым прафесійным святам, зычу здароўя, сіл і энергіі. А яшчэ жадання плённа працаваць дзеля навакольнага парадку і на карысць землякоў.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік