Вторник, 29 апреля 2025

Станции обезжелезивания появятся в Кобыловке, Колядичах и Слобудке

735

Падпраграма «Чыстая вада» з’яўляецца адной з частак Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе».
Гэтыя сацыяльныя планы, як патрабуе Кіраўнік нашай краіны, павінны выконвацца без усялякіх прамаруджванняў і пераглядаў, нягледзячы на эканамічныя праблемы або перашкоды іншага характару. На Брэстчыне якасць пітной вады, якая цэнтралізавана дастаўляецца насельніцтву камунальнымі службамі, таксама трымаецца на кантролі: напрыклад, па планах бягучага года запланаваны нарматыў якасці павінен скласці 95,3%. А праз пяць гадоў гэты паказчык павінен стаць абсалютным. Для гэтага рэгулярна ўзводзяцца новыя станцыі абезжалезвання і фільтруючыя ўстаноўкі. На бягучы год у розных рэгіёнах вобласці запланавана ўстанавіць 41 аб’ект, на што з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў будзе выдаткавана амаль 10 мільёнаў рублёў.
Падобныя планы рэалізуюцца і на тэрыторыі Пружанскага раёна. Як расказвае дырэктар КУВП «Камунальнік» С.В.Бабрук, свае станцыі абезжалезвання на працягу некалькіх апошніх гадоў займелі Аранчыцы, Ружаны, Новыя Засімавічы, Шарашэва, Шані. У 2020 годзе спіс папоўняць яшчэ тры аб’екты — у Кабылаўцы, Калядзічах і Слабудцы. У першых двух населеных пунктах работы ўжо актыўна вядуцца, а ў аграгарадку Кабылаўка — набліжаюцца да фінальнай рысы.


Варта адзначыць, што праблема забеспячэння якаснай пітной вадой вырашаецца комплексна. Напрыклад, у Кабылаўцы амаль 30 гадоў дзейнічала воданапорная вежа, якая ў літаральным сэнсе вычарпала свой рэсурс і на сённяшні дзень не адпавядае ні санітарным нормам, ні патрэбнасцям мясцовага насельніцтва ў забеспячэнні неабходнымі для жыцця пастаўкамі. Таму ў красавіку, калі пачаліся асноўныя работы, было вырашана, акрамя ўстаноўкі фільтра абезжалезвання блочна-модульнага выканання, пабудаваць і новую воданапорную вежу. Пры прадукцыйнасці абсталявання ў 8,3 кубічных метра ў гадзіну ў выніку ўдасца забяспечыць пастаўку да 200 кубаметраў чыстай вады ў суткі. Менавіта столькі, колькі зараз патрэбна пяцістам мясцовым абанентам.


— Наша арганізацыя выступае ў якасці заказчыка, а генеральным падрадчыкам — СПМК-132 г.Брэста, якая ў плане будаўніцтва воданапорнай вежы супрацоўнічае з пружанскай ПМК-22,— тлумачыць Сяргей Васільевіч.— А фільтруючую ўстаноўку нам паставіла ААТ «ГСКБ» г.Брэст.
Таксама пружанскія камунальнікі ўласнымі сіламі замянілі вадаводы і цэнтральныя магістралі, якія адводзяць ваду ў населены пункт, падрыхтавалі эфектыўныя адстойнікі прамыўных вод. Мяркуецца, што ў чэрвені ўсе работы будуць закончаны і ў ліпені сістэма пачне эксплуатавацца.
Тое ж самае ў жніўні адбудзецца і ў аг. Калядзічы. Трэба адзначыць, што ў гэтым населеным пункце раней увогуле не было сваёй воданапорнай вежы і насельніцтва забяспечвалася пітной вадой з крыніц. Але такі падыход не даваў неабходнай якасці, а таксама не забяспечваў ціск вадкасці ў трубаправодах згодна з патрэбамі спажыўцоў. Вежавая сістэма дазволіць зрабіць водападрыхтоўку больш эканамічна выгаднай, а таксама створыць ста-більны напор. Відавочна, што пастаўкі неабходнага для жыцця рэсурсу будуць ажыццяўляцца праз уласную станцыю абезжалезвання.
— Кожны такі модуль абыходзіцца ў сярэднім каля 300 тысяч рублёў, а ў Слабудцы запланавана ўстаноўка больш прадукцыйнага абсталявання, а значыць, выдаткі павялічацца,— зазначае дырэктар камунальнай арганізацыі.— Але падобная работа неабходна і дазволіць павысіць узровень камфорту нашых землякоў.
На здымках: работы вядуцца ў аг. Кабылаўка.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).