Пятница, 5 декабря 2025

Сталовыя буракі ўбіраюць у ААТ «Пружанскае», на чарзе — морква і капуста

328

Яшчэ нашы далёкія продкі ведалі, што боршч з буракоў — гэта ідэальна збалансаваная страва. Канечне, нехта вырасціў кампаненты для баршчу самастойна, а нехта збіраецца запасціся імі на штогадовым восеньскім кірмашы, дзе сталовыя буракі, моркву і капусту будзе прапаноўваць адзіная гаспадарка раёна, якая займаецца вырошчваннем агародніны, — ААТ «Пружанскае».

Напрыканцы верасня тут убіралі толькі буракі, якія былі размешчаны на палетку ў 20 га (яшчэ па 5 га адведзена пад капусту і моркву).

Па словах галоўнага агранома Пятра Федасюка, ураджайнасць складае 104,3 ц/га, сабрана 49 тон (23,5% да плана). 101 тону з сабранага ўраджаю патрэбна будзе закласці ў стабілізацыйны фонд, астатнія сталовыя буракі рэалізуюць, у тым ліку і насельніцтву.

Аграном сельгаставарыства Анастасія Краўчук звяртае ўвагу на тое, што, каб атрымаць добры ўраджай гэтай культуры, патрабуецца глыбока апрацаваная глеба, паверхня якой выраўнавана з добрай якасцю. У адрозненне ад іншых караняплодаў, буракі здольны даваць добры ўраджай на глебах з высокімі канцэнтрацыямі мінеральных солей, адпаведна магчыма аднаразова ўнесці поўную норму ўгнаенняў.

Перавагу ў гаспадарцы аддаюць беларускаму сорту «прыгажуня», выведзенаму РУП «Інстытут агародніцтва» Рэспублікі Беларусь. Гэты сярэдняранні сорт адрозніваецца цудоўнымі смакавымі якасцямі, устойлівы да хвароб, убіраць караняплоды можна да наступлення замаразкаў. Невялікая плошча была адведзена пад сорт «дэтройт» італьянскай селекцыі.

Пасля збівання бацвіння на палетак выйшаў трактар МТЗ-1221 з уборачным агрэгатам «Грымэ». На адвозцы быў задзейнічаны толькі адзін МАЗ. Гэтага дастаткова, бо сам працэс уборкі патрабуе не хуткасці, а якасці.

Бурачкі абавязкова павінны прайсці сартаванне, а тады ўжо ідзе закладка ў склад.

За сталовымі буракамі ў ААТ «Пружанскае» надыдзе чарга морквы і капусты.

Вадзім Раўнейка. Фота Юліі Янушка