Выпускнікі рэдка набіраюць максімальны бал па выніках выпрабаванняў, якія праходзяць пасля заканчэння школы. Але ёсць і тыя, каму ўдаецца гэта зрабіць. Адна з такіх — выпускніца Варанілавіцкай школы Ганна Пухнарэвіч, якая на цэнтралізаваным экзамене па грамадазнаўстве набрала 100 балаў. Мы пагутарылі з Ганнай, каб даведацца, як ёй удалося паказаць максімальна высокі вынік на экзамене, куды яна паступіла і як адчувае сябе на новым месцы.
— Мне заўсёды падабаўся прадмет грамадазнаўства і ўсё, што звязана з ім, нават прасіла маму набываць мне дадатковую літаратуру для яго паглыбленага вывучэння. І, зразумела, я вельмі хацела паступіць на факультэт, які звязаны з правазнаўствам.
Ганна Пухнарэвіч, як аказалася, вельмі мэтанакіраваная дзяўчына. І раней, і на працягу ўсяго 11 класа яна “была ўся ў вучобе». Рыхтавалася да выпускных выпрабаванняў самастойна, без дапамогі рэпетытараў. Як і многія іншыя вучні, ездзіла здаваць пробныя іспыты. Але на іх 100-бальны вынік паказаць не ўдавалася. Скарыўся ён ужо на самім ЦЭ.

— У мяне былі слёзы радасці ад такога дасягнення, — кажа дзяўчына, якая і па іншых прадметах паказала годныя вынікі. — Па беларускай мове я набрала 95, а па англійскай — 75 балаў. 364 балы — гэта агульны вынік з улікам здачы экзаменаў, тэсціравання і сярэдняга бала атэстата, — дадае Ганна.
Варта адзначыць, што мама маёй суразмоўцы — настаўнік, навучае дзетак пачатковых класаў. Але сваю дачку вучыцца не прымушала ніколі: Ганна сама вызначылася са сваімі прыярытэтамі і даўно паставіла сабе мэту паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову і звязаць сваю прафесію з юрыспрудэнцыяй. І ёй удалося гэта зрабіць!
— Я падала дакументы ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на юрыдычны факультэт. Пры запаўненні анкеты ўказала, што прэтэндую толькі на бюджэтнае месца. Гэта ўбачыла дэкан майго факультэта і пацікавілася: «А калі ў вас не атрымаецца?», на што я адказала: «У мяне ўсё атрымаецца!»
Так і выйшла. Ганна была залічана на бюджэтнае месца юрыдычнага факультэта, атрымала інтэрнат.
— У далейшым планую жыць на кватэры: вельмі шмат часу ўдзяляю вучобе, а для гэтага патрэбная цішыня. На жаль, у інтэрнаце яна не заўсёды бывае.
Кожны дзень студэнтка юрфака тэлефануе бацькам, дзеліцца сваімі эмоцыямі ад навучальнага працэсу. Ёй усё падабаецца! Кожны дзень новыя ўражанні. А самае галоўнае, што яны толькі прыемныя.
Выдатна, што ў нашай краіне ёсць такая мэтанакіраваная моладзь, якая ў далейшым можа прынесці вялікую карысць радзіме.
Руслан Басак. Фота прадастаўлена Ганнай Пухнарэвіч