Людмілу Яроцкую хочацца назваць «візітнай карткай» Хараўскога сельсавета. Жанчына з’яўляецца кіраўніком студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Пацешкі» Навасёлкаўскага СДК і больш за трыццаць гадоў — удзельніцай народнага аматарскага аб’яднання «Смаляначка».

Сёлета яе прозвішча за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Пружаншчыны, высокі прафесіяналізм і актыўную грамадскую дзейнасць было занесена на раённую Дошку гонару.
Але Людміла Міхайлаўна лічыць, што сваю ўзнагароду павінна пароўну падзяліць з усімі членамі калектыву.

— «Смаляначка» — гэта вынік нашай агульнай працы! — кажа жанчына, якая з’яўляецца ганаровым «старажылам» фальклорнага калектыву і вядзе свой песенны радавод яшчэ з пачатку 1990-х гадоў.
З самага дзяцінства Людміла Яроцкая замілоўвалася беларускай народнай песняй.
— Калі пачула, як выступаюць нашы смаляніцкія музыкі, па-добраму пазайздросціла і… сама напрасілася ў гурт, у першым саставе якога, дарэчы, да апошніх сваіх дзён спявала мая свякроў Таццяна Канстанцінаўна, — кажа яна.
Вось ўжо шмат гадоў жанчына не прапускае ніводнай спеўкі. Бяжыць, бо, па ўласным прызнанні, душа просіць спатоліць смагу з жыватворнай песеннай крыніцы… Больш за тое, канцэртныя вышытыя касцюмы членаў аб’яднання — справа яе «залатых» рук.

Калі хто не ведае, раскажу, што Людміла Яроцкая — і вядомая смаляніцкая каравайніца. У свой час яна заваявала першае месца ў конкурсе караваяў, што праходзіў у рамках фестывалю ў Гайнаўцы. Сёння Людміла Міхайлаўна з задавальненнем дзеліцца кулінарнымі сакрэтамі і мясцовымі традыцыямі са сваёй унучкай Соф’яй, якая спявае побач з зорнай бабуляй у «Смаляначцы» і з’яўляецца самай юнай удзельніцай аб’яднання.
Такім чынам, славутая дынастыя Яроцкіх мае годны працяг.
Алена Зялевіч, фота аўтара і з архіва рэдакцыі