Воскресенье, 19 января 2025

Спроба пяра. Пашыраецца супрацоўніцтва школ

401

Ліноўская сярэдняя школа заўсёды славілася сваёй гасціннасцю. А з набыццём статусу «Школа міру» наша навучальная ўстанова яшчэ шырэй расчыніла свае дзверы для ўсіх жадаючых узаемавыгадна супрацоўнічаць.

І вось напярэдадні навагодніх свят яна зноў прымала гасцей — дэлегацыю Першамайскай сярэдняй школы імя І.І. Валасевіча Бярозаўскага раёна. У яе склад увайшлі дырэктар установы Ігар Зялёнка, яго намеснік па выхаваўчай рабоце Ала Іваноўская, педагог-арганізатар Жанна Цябук і 15 навучэнцаў 7-8 класаў. Разам з імі прыехалі прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі авіятараў г. Бяроза.

Гэта сустрэча адбылася ў рамках падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў. Члены клуба «Віраж», які дзейнічае ў Ліноўскай школе з лістапада мінулага года і складаецца з дзяцей 11-14 гадоў, і міратворчага атрада школы віталі гасцей. Мы расказалі ім пра сваю дзейнасць, напрацоўкі і здабыткі. Госці прайшліся па школьных калідорах і кабінетах, зазірнулі ў спартыўную і абедзенную залы, пазнаёміліся з экспазіцыямі фальклорнага гуртка «Лінькі», музея вылічальнай тэхнікі «Ад абака да камп’ютара». Педагог-арганізатар Ліноўскай школы Марына Куш правяла з дзецьмі інтэлектуальную анлайн-гульню «Разам мы — сіла». Каманды навучальных устаноў разгадвалі рэбусы на тэму піянерскай арганізацыі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, успаміналі герояў Вялікай Айчыннай вайны, песні ваеннага часу і многае іншае. Усё гэта выклікала шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў у гасцей і гаспадароў. Вынікам сустрэчы стала падпісанне двухбаковага пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі паміж кіраўнікамі ўстаноў адукацыі Аленай Макарэвіч І Ігарам Зялёнкам. Ужо ў бліжэйшы час дэлегацыя Ліноўскай школы адправіцца ў госці да нашых новых сяброў з Першамайскай сярэдняй школы імя І.І. Валасевіча ў Бярозаўскі раён.

Ганна Бабіч, юны карэспандэнт Ліноўскай СШ