Четверг, 5 декабря 2024

Справу пачынаючых мотааматараў з пружанскага каледжа ацанілі байкеры з мотасуполкі «Траса Р98»

454

Свабода ад турботных думак, адчуванне ветру ў валасах, хуткасць і адрэналін. Менавіта па гэтых прычынах шмат людзей абіраюць матацыкл як асноўны транспартны сродак. Шчырае сяброўства з гэтым відам транспарту ў многіх пачынаецца яшчэ з дзяцінства. Пружанская моладзь — не выключэнне.

Калі карэспандэнты завіталі ў майстэрні аграрна-тэхнічнага каледжа, там праходзілі чарговыя заняткі аб’яднання па інтарэсах «Майстэрня тэхнічнага канструявання». Як паведаміў кіраўнік аб’яднання выкладчык вучэбнага прадмета «Устройства і эксплуатацыя аўтамабіляў» Дзяніс Вашкевіч, хлопцы займаюцца аднаўленнем старой тэхнікі, рамантуюць матацыклы, веласіпеды.

— Наш гурток пачаў працаваць у лютым, займаюцца ў ім 11 чалавек. Сустракаемся два разы на тыдзень. Праца па аднаўленні агульная: хтосьці зачышчае запчасткі, хтосьці мые, разбірае тэхніку, — адзначае Дзяніс Аляксандравіч. — За гэты час аднавілі Іж 1976 года і «Яву» 1979 года. Былі толькі шкілеты, а зараз гэта паўнавартасная, прыдатная для выкарыстання тэхніка. Прычым усе часткі матацыклаў арыгінальныя, як было сканструявана заводам-вытворцам.

Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Майстэрня тэхнічнага канструявання», якое дзейнічае на базе Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, разам з кіраўніком гуртка, педагогам Дзянісам Вашкевічам і дырэктарам установы адукацыі Дзмітрыем Чайкоўскім.

Педагог прызнаецца, што ёсць задумы не толькі па аднаўленні, але яшчэ і па пераробцы, самастойным стварэнні тэхнікі.

— Таксама ў планах — набыць сучасны айчынны матацыкл і даць хлопцам магчымасць вывучыцца на катэгорыю «А», каб яны не толькі аднаўлялі тэхніку, але яшчэ і карысталіся вынікамі сваёй работы, — дзеліцца дырэктар каледжа Дзмітрый Чайкоўскі.

Ідэя стварэння гуртка нарадзілася супольна. Парадамі дапамаглі прадстаўнікі райвыканкама, але галоўным складнікам узнікнення такога паспяховага аб’яднання стала шчырая зацікаўленасць навучэнцаў. Аб ёй таксама сведчаць выдатныя паказчыкі на розных рэспубліканскіх конкурсах тэхнічнай творчасці.

З апошняга — першае месца ў намінацыі «Энергетыка і энергазберагальныя тэхналогіі» на абласным этапе рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці сярод навучэнцаў і работнікаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Цяпер каманда навучэнцаў групы 2-67 і яе кіраўнік Дзяніс Вашкевіч чакаюць вынікаў рэспубліканскага этапу.

З упэўненасцю можна сказаць, што навучэнцы групы 2-67 маюць прыхільнасць да матацыклаў.

— Мне падабаецца не толькі аднаўляць, але і ствараць штосьці новае, увогуле займацца тэхнікай. З дзяцінства цікаўлюся дадзенай тэмай і таму, калі нам аб’явілі аб стварэнні такога аб’яднання, адразу пайшоў запісвацца, — кажа Сяргей Базылюк.

— У нашай рабоце неабходна мець жалезнае цярпенне. Не ўсё ідзе адразу так, як трэба. Часам трэба прыкласці значныя намаганні, — дадае Віталій Ланец.

— А я ўжо здаў Правілы дарожнага руху, у хуткім часе паеду здаваць ваджэнне. Думаю, што ў будучым буду ездзіць на транспартным сродку, які сам жа аднаўлю, — дзеліцца Мікіта Лазоўскі.

У дзень нашай сустрэчы наведвальнікаў гуртка чакаў сюрпрыз: у госці завіталі байкеры з мотасуполкі «Траса Р98», і не з пустымі рукамі!

Мужчыны (дарэчы, многія з іх — выпускнікі каледжа) падарылі юнакам кампрэсар і шэраг дадатковых прылад. Госці не маглі прайсці міма адноўленых матацыклаў і пасля ўважлівага агляду тэхнікі высока ацанілі намаганні хлопцаў.

Як адзначылі байкеры, работа з устройствам матацыкла дае базавае разуменне тэхнікі. Займаючыся аднаўленнем старога экзэмпляра, можна засвоіць карысныя навыкі, якія ў далейшым дапамогуць у рамонце любых транспартных сродкаў.

— Хочацца падтрымаць тэхнічную моладзь. У такім жа ўзросце і мы захапляліся матацыкламі. Гэтая «хвароба» з дзяцінства, — жартуюць суразмоўцы. — Хто ведае, можа, праз некалькі год гэтыя юнакі ўвойдуць у склад нашай суполкі. Таму рыхтуем сабе пераемнікаў.

Юлія Янушка. Фота аўтара


Паважаныя жыхары горада і раёна!

Магчыма, у вас ёсць непатрэбная старая тэхніка або яе запчасткі. Мы будзем вельмі ўдзячны, калі вы перададзіце гэтыя рэчы ў дар аб’яднанню па інтарэсах «Майстэрня тэхнічнага канструявання». Звяртацца па тэлефоне 4-43-53.

Адміністрацыя Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа