Четверг, 10 октября 2024

На справаздачнай канферэнцыі прафсаюза ў «Агра-Калядзічах» абралі новага старшыню пярвічкі, абмеркавалі важныя пытанні і ўручылі ўзнагароды

450

Абараняць правы і законныя інтарэсы работнікаў, быць дапамогай у вырашэнні праблемных ці спрэчных пытанняў і, самае галоўнае, сачыць за выкананнем працоўнага заканадаўства… Місій і задач, якія выконваюць прафсаюзы, шмат, як і напрамкаў іх дзейнасці. Гэты год — адказны для кожнай з пярвічак Пружаншчыны. Усё таму, што стартавалі справаздачныя канферэнцыі, на якіх не проста разбіраюць работу, а падсумоўваюць вынікі дзейнасці той ці іншай пярвічкі за пяць папярэдніх гадоў.

Па словах старшыні Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяны Гаманчук, менавіта прафсаюзы сёння з’яўляюцца самай масавай грамадскай арганізацыяй раёна, якая аб’ядноўвае каля 14,5 тыс. чалавек. Ахоп прафсаюзным членствам на Пружаншчыне — 97 % ад агульнай колькасці работнікаў розных арганізацый. Справаздачу аб сваёй рабоце прафсаюзныя пярвічкі, як расказала Таццяна Юр’еўна, трымаюць перад супрацоўнікамі той ці іншай арганізацыі раз на 5 гадоў. Такія канферэнцыі ўжо прайшлі ў асобных арганізацыях прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама прафсаюза культуры, інфармацыі, спорту і турызму. На мінулым тыдні адбылася такая канферэнцыя ў ААТ «Агра-Калядзічы».

На разгляд дэлегатаў быў вынесены шэраг пытанняў. Напачатку са справаздачай аб дзейнасці пярвічкі выступіў яе старшыня Сяргей Усік. Ён расказаў, што зараз прафсаюз «Агра-Калядзічаў» аб’ядноўвае 329 чалавек, з якіх двое — непрацуючыя пенсіянеры. Усяго ў сельгасарганізацыі працуе 337 чалавек, прафсаюзным членствам ахоплена 97 % работнікаў. Як падкрэсліў старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч, наймальнікі павінны працаваць у накірунку ўступлення ў прафсаюз не толькі з пастаяннымі, але і з сезоннымі работнікамі.

У той жа час са справаздачы Сяргея Усіка было зразумела, што прафсаюзная работа ў сельгаставарыстве вядзецца на належным узроўні. Пры гэтым будуецца яна ва ўзаемадзеянні з адміністрацыяй. Так, двойчы на год правяраецца выкананне ўмоў калектыўнага дагавора, парушэнняў у гэтым накірунку выяўлена не было. За пяць гадоў работнікі ААТ «Агра-Калядзічы», дзякуючы экскурсійным паездкам, пабывалі ў Кіеве, Белавежскай пушчы, Брэсцкай крэпасці, Мірскім і Нясвіжскім замках, Санкт-Пецярбургу і Маскве. З кожным годам павялічваецца колькасць работнікаў, якія аздараўляюцца ў санаторыях, пры гэтым прафсаюз аплачвае 20 % ад кошту пуцёўкі. Ёсць у прадпрыемстве сапраўдныя футбольныя фанаты. Спецыяльна для іх былі набыты 5 абанементаў на наведванне дамашніх матчаў каманды «Дынама Брэст» у рамках чэмпіянату і Кубка Беларусі сезона-2023 на спарткомплексе «Брэсцкі». Атрымалі члены прафсаюза грашовыя выплаты з нагоды 75-годдзя гаспадаркі — і гэта далёка не поўны спіс дзейнасці пярвічкі і адміністрацыі. Работа прафсаюзнага камітэта, рэвізійнай і мандатнай камісіі прызнана задавальняючай.

Важнымі пунктамі парадку дня канферэнцыі стала абранне старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і яго намесніка. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Зубкова на першую з названых пасад прапанавала спецыяліста па кадрах Святлану Ляўковіч, якая працуе ў таварыстве 22 гады. Па словах Вольгі Васільеўны, за гэты час Святлана Мікалаеўна зарэкамендавала сябе як граматны спецыяліст, неаднаразова дапамагала прафактыву і ўзаемадзейнічала з ім. Яе кандыдатуру дэлегаты канферэнцыі падтрымалі адзінагалосна, таксама як і намесніка. Ім абраны спецыяліст па арганізацыі закупак Аляксандр Бярдун.

Таксама былі абраны члены прафсаюзнага камітэта, старшыня і члены рэвізійнай камісіі, дэлегаты на раённую справаздачна-выбарную канферэнцыю прафсаюза, якая запланавана на лістапад. Далей слова ўзяў старшыня Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч. Ён падзякаваў за плённую работу Сяргею Усіку. Таксама гаварыў пра галоўную місію прафсаюзаў — клопат пра сацыяльную справядлівасць.

— Вынікі работы вашай пярвічкі радуюць, як і вынікі «Агра-Калядзічаў» у цэлым. Зарплата вырасла, тэмп яе росту да ўзроўню мінулага года склаў 130%. Памятайце пра тое, каб заахвочваць менавіта тых, хто шчыра працуе. Асаблівую ўвагу надавайце выпадкам працоўнай занятасці работнікаў звыш нормы. Калі такое адбылося і дакументальна зафіксавана, абавязкова трэба аплачваць. У цэлым жа хочацца падзякаваць вашай пярвічцы, — сказаў ён.

У звароце да дэлегатаў Таццяна Гаманчук звярнула ўвагу на тое, што прафсаюзы заўсёды падтрымлівалі сацыяльна арыентаваны курс краіны, прымалі і прымаюць удзел ва ўсіх сацыяльных, культурна-масавых мерапрыемствах. Нагадала раённы прафсаюзны лідар пра адзіны дзень галасавання, да якога — застаецца менш за месяц. Звярнула ўвагу на змены ў выбарчым заканадаўстве. Таццяна Юр’еўна падзякавала прадпрыемству і яго работнікам за адказную працу.

Ну а вынікам такой працы сталі заслужаныя ўзнагароды. Ганаровая грамата абласнога прафсаюза работнікаў АПК уручана дырэктару ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргею Субоце, а Падзяка — казначэю прафсаюзнай пярвічкі Лідзіі Сарока, якая аддала прафсаюзнай арганізацыі амаль 20 гадоў. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Зубкова выказала словы шчырай падзякі за добрую працу Сяргею Усіку і ўручыла яму Ганаровую грамату раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК.

Курс на далейшую плённую прафсаюзную работу, узаемадзеянне з наймальнікам і вырашэнне спрэчных пытанняў, як запэўнілі ў «Агра-Калядзічах», тут застаецца нязменным.

Уладзіслаў Шпарла.

Фота аўтара

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_301023769 і https://ok.ru/budni/album/973748944520