Четверг, 7 ноября 2024

Справа жыцця Веры Церахавай, або Як унікальны школьны музей у Магілёўцах стаў цэнтрам краязнаўства

570

Веру Церахаву многія на Пружаншчыне ведаюць як аўтара гістарычных матэрыялаў у раённай газеце. Але біяграфія гэтай жанчыны сама вартая ўвагі даследчыкаў. Вера Віктараўна адпрацавала ў Магілявецкай сярэдняй школе 58 гадоў, на пенсію сышла ў 82 гады. Гэта, згадзіцеся, рэдкі выпадак. Яна выкладала гісторыю, яе жыццёвы лёс таксама ў многім стаў адлюстраваннем гісторыі краіны. Адзін з вынікаў яе работы ў школе — багаты гісторыка-краязнаўчы музей, якім можа ганарыцца не толькі школа і населены пункт, але, напэўна, і раён. Тут сабрана мноства арыгінальных экспанатаў, якія паказваюць мінулае рэгіёна: ад старажытных вякоў да нашага часу.

Па раздзелах — нібы па дзесяцігоддзях


Спачатку варта сказаць пра музей. Яго выпускніца гістарычнага факультэта БДУ пачала збіраць, як толькі прыступіла да работы настаўніцай. І было гэта напачатку 1960-х гадоў. Сваім энтузіязмам, цікаўнасцю гісторык заражала вучняў, калег. Маладая настаўніца ўдзельнічала ў раскопках, зладжаных навуковай экспедыцыяй каля вёскі Асошнікі. На працягу многіх гадоў энтузіясты-краязнаўцы праводзілі гутаркі, агітавалі мясцовых жыхароў прыносіць бабуліны запасы з куфраў і гарышчаў. Але ўпор рабіўся не на этнаграфічны куток, хаця традыцыйныя жорны, збанкі і прасніцы тут маюцца. Гэта сапраўдны гісторыка-краязнаўчы музей. Тут ёсць дакументы, фрагменты зброі, унікальныя здымкі, эксклюзіўныя рэчы.

Рэшткі зброі, посуду, прылад працы ў музеі Магілявецкай школы.

Пры раскопках у зямлі знайшлі рэшткі зброі, посуду, прылад працы яшчэ тых людзей, якія называліся плямёнамі дрыгавічоў. Нешта з гэтага выстаўлена ў самым пачатку экспазіцыі. Пазнейшыя раздзелы расказваюць пра вайну 1812 года, якая жорстка прайшлася па гэтай зямлі. Музейная экспазіцыя стваралася па прынцыпе паказу гістарычных падзей праз лёсы землякоў. На кожны перыяд альбо падзею знойдзены ўдзельнікі альбо сведкі з Магілёўцаў, Лыскава, Асошнікаў і іншых навакольных вёсак Ружаншчыны. Пра вайну 1812 года ўжо сказана, магілявецкія рупліўцы знайшлі таксама сведчанні пра паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, удзельнікаў руска-японскай вайны, рэвалюцыі 1917 года. На адным са стэндаў размешчаны партрэт Канстанціна Бакуновіча, які ў кастрычніку 1917-га служыў на крэйсеры «Аўрора».

Вялікая частка экспазіцыі прысвечана польскаму перыяду гісторыі краю. Асобны стэнд адведзены актывістам КПЗБ і вязням вядомага канцлагера ў Бярозе-Картузскай. Прадстаўлена нават роба вязня бяроза-картузскага лагера з грубай мешкавіны. Некалькі тутэйшых падпольшчыкаў у розны час траплялі ў гэты лагер. Цікавым наведвальнікам падаецца нагрудны знак солтыса польскага часу, які захаваўся ў некага на гарышчы. Ёсць газеты, датаваныя 1920 годам, і арыгінальнае палотнішча чырвонага сцяга КПЗБ.

Асобны раздзел прысвячаецца асобе і творчасці польскага паэта Францішка Карпінскага, родапачынальніка сентыментальнай польскай літаратуры, які жыў у гэтых мясцінах апошнія свае 30 гадоў і пахаваны ў Лыскаве.

Ідзеш па раздзелах музея, нібы па дзесяцігоддзях гісторыі: у канцы 1939, 1940 гадах была спроба стварэння сельскагаспадарчых арцеляў-калгасаў. Кожная вёска станавілася асобным калгасам, але першы блін аказаўся камяком, і пра гэты кароткі адрэзак «біяграфіі» вёсак знайшліся рэальныя сведчанні і ўспаміны людзей.

Здымак радавога Пятрова


Самая аб’ёмная частка экспазіцыі прысвечана Вялікай Айчыннай вайне.

Захавальнік музея настаўнік Аляксандр Папко.

— У Веры Віктараўны быў асаблівы талент здабываць арыгінальныя экспанаты, — расказвае цяперашні захавальнік музея настаўнік Аляксандр Папко. — Для вясковага музея пахваліцца сапраўднай папахай і іншымі асабістымі рэчамі генерала Фралянкова, які вызваляў гэтыя мясціны ў 1944-м, — асаблівы гонар. А ў нас ўсё гэта ёсць.

А да вызвалення былі тры страшныя гады акупацыі. Аляксандр Сцяпанавіч паказвае нямецкія пашпарты — аўсвайсы, якія атрымалі жыхары вёсак. Новая ўлада правяла такім чынам «інвентарызацыю» насельніцтва. Былі выяўлены савецкія актывісты, тыя, хто падтрымаў саветы, іх лёс аказаўся трагічны. З партрэта глядзіць маладая прыгожая жанчына. Аказваецца, яе расстралялі разам з малым сыночкам у ліку 68 актывістаў і партызанскіх сувязных.

— Расстрэл адбыўся каля вёскі Лыскава, — гаворыць настаўнік. — Але звесткі прыблізныя, насамрэч ахвяр можа быць значна больш. Падпольшчыкаў, людзей, звязаных з партызанамі, выяўлялі ўвесь перыяд акупацыі і расстрэльвалі.

Частка ваеннай экспазіцыі музея.

Удзельнікі вайны прадстаўлены не толькі ў фотаздымках і кароткіх біяграфічных звестках. Ёсць цэлая калекцыя пісьмаў з вайны, дакументаў, рэчаў франтавікоў, якія цяпер выглядаюць сапраўднымі рэліквіямі.

— Наведвальнікам, экскурсантам, старшакласнікам падчас урокаў нярэдка тлумачу сутнасць вайны на прыкладзе двух здымкаў аднаго і таго ж чалавека, — расказвае Аляксандр Папко. — Яўген Аляксеевіч Пятроў, наш зямляк, удзельнік Сталінградскай бітвы. Паміж здымкамі розніца ў год, той год, які ўмясціў у сябе крывавыя баі пад Сталінградам і лячэнне пасля цяжкіх раненняў. На першым фота ён юны, дваццацігадовы, прыгожы, з другога — глядзіць нібы саракагадовы чалавек з пячаткай перажытых пакут. Вось у гэтым найбольш яскрава заўважаюцца страшныя праявы вайны, яе нечалавечы твар.

Што такое МТС?


Здымкаў, якія сёння можна назваць гістарычнымі, у раздзеле нямала: землякі на вуліцах Берліна, па дарозе дадому, радасць сустрэчы.

Пасляваеннае калгаснае жыццё адлюстравана таксама ў галерэі здымкаў. Вось першая тэхніка калектыўных гаспадарак — грузавікі і гусенічныя трактары, праўда, на балансе МТС. «Калі падыходзім са школьнікамі да гэтых стэндаў, часта пытаю, ці ведаюць яны, што такое МТС, — расказвае Аляксандр Сцяпанавіч. — Глядзяць здзіўлена, бяруцца за тэлефоны. Тады тлумачу, што калгасы абслугоўвала тэхніка машынна-трактарных станцый. Першыя калгасы не маглі сабе дазволіць набыць грузавік альбо трактар, тэхніка была агульнай. А на здымках землякі, што працавалі на ёй. МТСы тады былі аўтарытэтнымі арганізацыямі, нават свае газеты мелі, шматтыражкі».

На здымках таго перыяду даяркі, якія яшчэ даілі кароў уручную. 25 кароў у групе, іх трэба было два, а то і тры разы на дзень падаіць. А працаўнікі тутэйшыя былі знатныя. Нават тыя з землякоў, хто недзе ехаў пасля заканчэння навучальных устаноў, вызначаліся ў былой вялікай краіне. Газетная выразка з фотаздымкам расказвае пра зямлячку, якая пасля чыгуначнага тэхнікума была накіраваная ў Чыту. Нарыс пра яе быў падпісаны супрацоўнікам Чыцінскага абкама ВЛКСМ. Выхадцы з Ружаншчыны адзначаліся ўзнагародамі і на асваенні Цаліны, на будаўніцтве БАМа. Шэраг розных грамат, падзячных лістоў яны перадалі ў музей.

Экспанаты музея.

— Цяпер сюды прыходзяць вучні ўсіх класаў на тэматычныя ўрокі, на заняткі ў фармаце ШАГ (Школы актыўнага грамадзяніна). Прыходзяць вучні іншых школ. Дзеці задаюць шмат пытанняў, і гэта прыемна, — гаворыць настаўнік. — Стараемся з імі разважаць, шукаць паралелі паміж гісторыяй вёскі і гісторыяй краіны, часам накіроўваю іх да кніг, гістарычных крыніц. Нашу кнігу водгукаў ужо саму можна лічыць экспанатам. У ёй запісы людзей з многіх краін свету, далёкага і блізкага замежжа. Музей адкрыты ў 1985 годзе. Часам нам кажуць, што надышоў час правесці мадэрнізацыю. Але справа не толькі ў фінансах. Многія здымкі, дакументы, матэрыялы так прымацаваны да стэндаў, што мы рызыкуем іх страціць, калі задумаем перанесці на новую паверхню. Па-мойму, галоўнае ўсё ж змест, а не форма. Важна захаваць тое, што было сабрана за дзесяцігоддзі Верай Віктараўнай, яе калегамі і аднадумцамі, — падсумаваў сваю кароткую экскурсію настаўнік.

Старонкі кніг і жыцця


Вера Церахава — чалавек на Пружаншчыне вядомы. Добрых паўстагоддзя яна з’яўляецца пазаштатным аўтарам раённай газеты, піша цікавыя артыкулы па краязнаўстве. Колькі новых імён адкрыта, колькі забытых альбо невядомых эпізодаў з мінулага адноўлена!

Вера Церахава.

Нарадзілася яна ў Пскове. Маці з другім мужам, афіцэрам, перад самай вайной выехала ў Брэст, Вера заставалася з бабуляй. Зусім маленькай дзяўчынкай магла б стаць вязнем вядомага дзіцячага канцлагера Саласпілс у Латвіі, але з групай дзяцей у апошні момант была выратавана тамтэйшай праваслаўнай абшчынай і вывезена ва Усходнюю Прусію. Жылі на хутарах у гаспадароў аж да самага вызвалення.Таму і мае статус малалетняга вязня. З маці сустрэлася ўжо пасля вайны, пераехала да яе ў Брэст. Цікавую акалічнасць расказала Вера Віктараўна. Калі пасля заканчэння школы яна паступала на гістфак БДУ, ёй давялося замоўчваць той факт, што малым дзіцем была прымусова вывезеная і некаторы час жыла ў Германіі, інакш бы ў лік студэнтаў не трапіла… Цяпер гэта таксама гісторыя.

Выпускніца ўніверсітэта не шукала магчымасці застацца ў Мінску, напрыклад, уладкавацца ў музеі, як рабілі многія аднакурснікі, а з радасцю паехала ў вясковую школу. Тут, дарэчы, сустрэла і свой лёс. Яе мужам стаў Сцяпан Сямёнавіч Крэчка, які потым 33 гады ўзначальваў школу, стаў заслужаным настаўнікам БССР. Сваёй прагай да вывучэння гісторыі, збіральніцтвам заразіла спачатку мужа, потым калег, вучняў.

— У нас былі краязнаўчыя класы, — расказвае шаноўны ветэран працы. — Мы хадзілі, запісвалі ўспаміны, шукалі сведак, відавочцаў, удзельнікаў падзей, збіралі, абагульнялі, афармлялі. А яшчэ ездзілі на экскурсіі па ўсёй вялікай краіне, Брэсцкую крэпасць наведвалі кожны год. Цяпер былыя выпускнікі заходзяць, не забываюць свайго педагога, тэлефануюць, прысылаюць паштоўкі.

Вера Віктараўна Церахава дэманструе папку з артыкуламі ў розных газетах, у тым ліку ў «Раённых буднях».

Увесь час настаўніца вяла вялікую даследчую работу, друкавалася ў раённай, абласной газетах, у часопісах. Дзякуючы ёй белых плям у гісторыі Ружаншчыны ды і Пружаншчыны стала нашмат менш. Вось і зусім нядаўна ў «раёнцы» выйшаў цікавы артыкул Веры Церахавай пра былога дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея, ураджэнку Пружан Алену Аладаву.

Зараз Вера Віктараўна заканчвае падрыхтоўку новай кнігі, рабочая назва «Старонкі мінулага Пружаншчыны». Там сабраны эксклюзіўны матэрыял пра вялікіх людзей, якія тут пэўны час жылі, працавалі, пра населеныя пункты, малавядомыя старонкі з гісторыі вайны — словам, кніга абяцае стаць вельмі цікавай. Няма толькі спонсара. Але аўтар настроена рашуча. Калі і не знойдзецца фундатар, яна будзе адкладваць грошы з пенсіі, каб хоць невялікім тыражом выдаць кнігу. У ветэрана-педагога шмат планаў, задумак, на яе рабочым стале накіды новых артыкулаў, матэрыялы, сшыткі з запісамі, нататнікі. Вера Віктараўна вельмі радуецца, што створаны ёю музей жыве, развіваецца, запатрабаваны.

Святлана Яскевіч, газета «Звязда». Фота аўтара і Кацярыны Масік