Ратуйце, мы паплылі… Так ці крыху па-іншаму можна агучыць тэлефанаванні, якія паступаюць у дыспетчарскую службу КУВП «Камунальнік».
Людзі вызываюць сантэхнікаў, каб прачысцілі каналізацыю, бо стаіць вада ў ракавіне, а ўнітаз не змывае адходы жыццядзейнасці. Пасля маніпуляцый па прачыстцы сантэхнік знаходзіць прычыны засмечвання каналізацыі: ва ўнітаз змывалі ўсё, што ленаваліся вынесці ў кантэйнер. Але галоўнай праблемай становяцца вільготныя сурвэткі.
Як расказаў нам намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» Аляксандр Кандрацюк, менавіта вільготныя сурвэткі ў многіх выпадках забівалі каналізацыйны сцёк. Матэрыял, з якога яны вырабляюцца, не раствараецца ў вадзе. Утвараецца камяк, які чапляецца за няроўнасці каналізацыйнай трубы, затрымліваецца і забівае праход, засмечваюцца каналізацыйныя сістэмы, выходзіць са строю помпавае абсталяванне. У выніку мы тонем у брудных, смярдзючых сцёках. Каму гэта патрэбна? А нікому! Таму перш чым выкінуць нешта ва ўнітаз, падумайце аб наступствах.
Падрыхтаваў Віктар Ільюшчанка