Застаць Галіну Канстанцінаўну Немцаву дома амаль немагчыма. Сёння яна ў спартыўнай школе на гімнастыцы для дыхання. Заўтра — на рэпетыцыі хору ці на занятках гуртка па вязанні пруткамі ў аддзяленні пажылых людзей альбо на пасадцы саджанцаў у гарадскім парку. Паслязаўтра з самага ранку будзе спяшацца на пасяджэнне клуба “Залатая восень” ці ў складзе валанцёраў Чырвонага Крыжа імчаць у аўтобусе да пажылых у бальніцу сястрынскага догляду ў вёсцы Сухопаль…
Яна на нагах ужо ў шэсць гадзін раніцы. Рэдкія для гэтага часу прахожыя са здзіўленнем назіраюць, як маленькая, хударлявая жанчына ў чырвонай шапачцы шпацыруе “з лыжнымі кіёчкамі” па стадыёне гарадской гімназіі. Скандынаўскай хадзьбой Галіна Канстанцінаўна займаецца ўжо другі год — кожны дзень, у любое надвор’е. І гэта прытым, што сёлета адзначыла свой 90-гадовы юбілей.
— Мама, глыбокі вернік, заўсёды гаварыла мне: “Галя, не забывай, што ты жывеш сярод людзей. Дабрыня, увага, спачуванне — вось галоўныя словы, якія павінны стаць спадарожнікамі твайго жыцця…”, — успамінае Галіна Канстанцінаўна.
У 1935 годзе арыштавалі яе маму як кулачку і дзядзьку-святара. Хацелі арыштаваць і тату. Але ён быў цяжка хворы і без таго памёр праз два месяцы. Маме далі пяць гадоў, дзядзьку — дзесяць, толькі з турмы ён не вярнуўся.
— Як прыйшлі за імі, мама якраз рашчыняла цеста на хлеб. Кажа мне: “Глядзі тут, я хутка вярнуся!” А вярнулася толькі праз тры з паловай гады, калі родныя напісалі пісьмо Калініну, — расказвае Галіна Канстанцінаўна.
Галі было пяць гадоў, брату — дзевяць. Жылі з дзедам. У Архангельскай вобласці свой прыродны рэжым: восем месяцаў зіма і толькі тры — лета. Перад вачыма Галіны Канстанцінаўны і цяпер стаіць малюнак: дзед пячэ бульбу і так хочацца есці…
22 чэрвеня 1941-га дзяўчынка павінна была ехаць у піянерскі лагер, ужо і рукзачок сабралі. Але — вайна. Маму з братам практычна адразу забралі ў апалчэнне. Галю з іншымі дзецьмі вывезлі далей ад выбухаў — у Чалябінск. Дзеці жылі ў будынку школы. Нароўні з дарослымі працавалі на ваенным заводзе: падносілі да станкоў балванкі, з якіх потым выточваліся баявыя снарады. Магчыма, тады і пачалося яе дарослае жыццё…
Вучыцца Галіна пайшла па настаўленні мамы ў сельскагаспадарчы тэхнікум, хаця сама вельмі хацела стаць настаўніцай.
Размеркаванне атрымала ў Брэст. Даводзілася вельмі многа хадзіць пешкі. Калгас імя Карла Маркса размяшчаўся ў Малечы — за 18 кіламетраў ад Пружан. Хадзілі туды цэлай групай: заатэхнік, механік і яна — малады аграном. Збіралі каласкі, каменне, праводзілі пасяўныя і ўборкі. Тэхнікі не было, таму аралі поле і ўбіралі ўраджай коньмі. Гэта былі цяжкія пасляваенныя гады.
Галя заўсёды была душой кампаніі. Маленькая, рухавая, вясёлая, з ёю ўсім было проста і лёгка. Жылі ў інтэрнаце: заатэхнік, будаўнік, меліяратар і аграном. Маладыя, прыгожыя. Елі на састаўленых табурэтках, хадзілі на Хватку купляць дровы, разам стаялі ў чарзе па хлеб.
— Было весела! — усміхаецца Галіна Канстанцінаўна. — Пра цяжкасці ніхто не думаў!
Хутка дзяўчына выйшла замуж. Нарадзіла дачку Ганначку. Працавала не толькі аграномам, але і сакратаром, прыбіральшчыцай — любую работу выконвала з душой. А пасля рэарганізацыі, калі сельгасупраўленне далучылі да райвыканкама, стала эканамістам. Агульны працоўны стаж Галіны Канстанцінаўны складае амаль 39 гадоў.
Жанчына ніколі не адчувала адзіноцтва, таму што заўсёды была сярод людзей. Для адзінай дачкі, дзвюх унучак і чатырох праўнукаў, якія жывуць у Пружанах, Галіна Канстанцінаўна — лепшая на свеце мама і бабуля. А для іншых людзей — прыстойны чалавек, які заслугоўвае павагі. Дарэчы, да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў ліку трынаццаці пружанцаў яна была ўзнагароджана юбілейным медалём.
Ганна Хадаровіч.