Четверг, 11 декабря 2025

Спорт іх аб’яднаў. Сям’я Аляксандра і Юліі Кундаў з Пружан не ўяўляе жыцця без бегу

748

Напэўна, кожны чалавек усведамляе карысны ўплыў спартыўных заняткаў на наша здароўе. Але для сям’і Кундаў спорт — не проста фізічная актыўнасць, а сапраўдная філасофія жыцця.

Пазнаёміліся, дзякуючы «Беркуту»


Раней у Пружанах дзейнічаў маладзёжны атрад аховы правапарадку «Беркут», кіраўніком і ідэйным натхняльнікам якога быў Валерый Зелянееў. У яго нарадзілася памкненне аб’яднаць вакол сябе моладзь, вырваць іх з бессэнсоўнага вулічнага бадзяння, навучыць прыёмам самаабароны, накіраваць энергію на карысць грамадства. Хлопцы ўдзельнічалі ў патруляванні вуліц горада, дапамагалі сачыць за бяспекай падчас масавых мерапрыемстваў. Дзяўчат у атрадзе было нямнога: не кожная вытрымлівала сур’ёзныя фізічныя нагрузкі. Менавіта там і пазнаёміліся Аляксандр і Юлія Кунды.

— Я прыйшла ў «Беркут» старшакласніцай, хацелася быць моцнай і ўмець за сябе пастаяць. Вельмі падабалася ўдзельнічаць у паказальных выступленнях. У атрадзе і пазнаёміліся з Сашам, а праз пэўны час пачалі сустракацца. Некаторыя дзяўчаты чакаюць хлопцаў з арміі. У нас выйшла наадварот: Саша дачакаўся, пакуль я адвучуся ў юрыдычным каледжы, і мы ўзялі шлюб, — узгадвае Юлія Ігараўна.

Са спортам пасябравалі і дзеці. Сын Ігар займаўся фігурным катаннем, плаваннем, лёгкай атлетыкай. Але скончыў школу — і «спартыўную» сцяжынку выбіраць не захацеў. Зараз ён вучыцца на юрыдычным факультэце, прымае актыўны ўдзел ва ўніверсітэцкіх спаборніцтвах. Дачка Насця пэўны час хадзіла на лёгкую атлетыку, але таксама аддала перавагу іншым прыхільнасцям, другі год займаецца хіп-хопам, марыць прыняць удзел у танцавальных спаборніцтвах.

— Я падтрымліваю дзяцей ва ўсім, нават у іх нежаданні ісці ў «вялікі спорт». Неразумна рабіць з дзіцяці алімпійскага чэмпіёна дзеля сваіх амбіцый, — разважае Юлія Кунда. — Затое важна накіраваць дзяцей на здаровы лад жыцця, удасканаленне самога сябе як фізічна, так і маральна. Гэта карысна нават з пункту гледжання псіхалогіі: спорт гартуе, вучыць захоўваць самавалоданне, трымаць удар, у тым ліку і жыццёвы.

Юлія Ігараўна настойвае, што спорт — гэта больш пра мужа: «Я за ім цягнуся і падтрымліваю ва ўсім. Саша — прыклад, маяк, натхняльнік». але мне падалося, што жанчына ні кроплі не саступае свайму абранніку ў захапленні бегам.

Чаму бег сэрца пакарыў?


Аляксандр Кунда працуе памочнікам начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Пружанскага аддзела Дэпартамента аховы. Спаборніцтвы, агляды, конкурсы прафмайстэрства тут — з’ява нярэдкая.

Мужчына займаецца лёгкай атлетыкай, мнагаборствам, гуляе ў валейбол, пастаянна ходзіць у басейн. Але галоўнае месца ў сэрцы спартсмена, безумоўна, займае бег.

— Нягледзячы на тое, што бег даволі траўманебяспечны від спорту і ўзрост у мяне ўжо не ранейшы, трэніруюся амаль увесь час. Матывуе і адказнасць перад зборнай камандай Дэпартамента аховы вобласці, за якую выступаю, — кажа Аляксандр Кунда.

Намеснік начальніка Пружанскага філіяла РУП «Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Юлія Кунда таксама арыентавана на бег і разам з мужам удзельнічае ў лёгкаатлетычных забегах.

— Зыходзячы з уласнага вопыту скажу, што бег актывізуе мозг, цудоўна заспакойвае нервы, прыводзіць думкі ў парадак, дапамагае перазагрузіцца пасля напружанай працы, — дзеліцца жанчына. — Але я не такі аматар, як муж. Калі ідзе дождж, я застануся дома, а Саша будзе бегчы, нягледзячы на надвор’е. Восенню, зімой я больш плаваю, хаджу з Насцяй у Лядовы палац, хоць мы ідзём туды не проста пакатацца і весела правесці час, а вывучаем новыя элементы, імкнёмся адшліфаваць фігурныя трукі.

Скарбонка з памяццю


Мяне шчыра ўразілі скрыні з памятнымі рэчамі, якія дастала гаспадыня. Вельмі шмат узнагарод, медалёў, стос асабістых нумароў, якія даюцца кожнаму ўдзельніку спартыўных забегаў…

— Тое, што я вам зараз дэманструю, гэта фактычна наша жыццё. Са змесцівам гэтых скрынь звязаны лепшыя ўспаміны і яскравыя ўражанні, — кажа Юлія Кунда.

У памяці пары назаўсёды застанецца горны забег у польскім горадзе Хойнік. Гэта была самая доўгая, цяжкая і насычаная дыстанцыя. Аляксандр прабег 71 км пры максімальнай вышыні 2000 м, дасягненне Юліі — 28 км і 1410 м над узроўнем мора адпаведна.

— Я не люблю гладкі бег. Мне падабаецца кідаць выклік самому сабе. Адна справа бегчы па шашы, іншая — горы, дзе ты ўвесь час падымаешся або спускаешся. Патрабуецца моцная вытрымка і воля, — кажа Аляксандр Леанідавіч. — Да забегу ў Хойніку рыхтаваліся ў… шматпавярхоўках. Бегалі туды-сюды па лесвіцы, гартавалі сябе ўнутрана.

— У гарах жа зваротнага шляху няма! Ты павінен або дабегчы, або… не ведаю, скажу шчыра, у мяне нават такіх думак не ўзнікала. Ёсць мэта — няма перашкод, — з захапленнем кажа Юлія Кунда. — Са мной у Хойніку здарыўся выпадак, які добра ілюструе спартыўную салідарнасць. Нягледзячы на грунтоўную падрыхтоўку, падчас забегу звяло мышцы на нагах. І ўсе, хто прабягаў міма мяне, спыняліся і пыталі, што здарылася, ці патрэбна дапамога.

Пара ўдзельнічала ў Суздальскім, Маларыцкім, Кобрынскім, Баранавіцкім забегах, прымала ўдзел у спартыўным прабегу ў Белавежскай пушчы, у Палескім кросе, спрабавала свае сілы ў гонцы з перашкодамі «Bison Race». Але з асаблівай цеплынёй

сям’я ўзгадвае ўсе гродзенскія ініцыятывы.

— «Начная дзясятка», «Аўгустоўскі канал», «Гарадзенская вандроўка»… У Гродне падрыхтоўка забегаў заўсёды на ўзроўні. Для мясцовых арганізатараў гэта не фармальнае мерапрыемства, а сапраўднае спартыўнае свята, да якога вельмі адказна ставяцца, — зазначае Юлія Ігараўна.

— У нашым раёне, мне здаецца, вялікі патэнцыял у гэтым плане маюць Ружаны. Там жа цудоўная перасечаная мясцовасць, для забегаў, лічы, створаная, — дзеліцца думкамі Аляксандр Леанідавіч.

Спачатку — матывацыя

— Падкажыце, з чаго вы параілі б пачаць заняткі спортам? — пытаюся я.

— Ніякага сакрэту наконт дасягнення поспеху ў спорце я не ведаю. У чалавека павінна быць уласная матывацыя. Тут або ёсць разуменне, навошта гэта патрэбна, або няма. Напрыклад, я для сябе ніколі не ставіла мэты займацца спортам, каб пахудзець. Гэта проста мая форма жыцця, унутраны стан. А казаць камусьці, каб адкінуў ляноту і раптам стаў дысцыплінаваным не бачу сэнсу, — кажа Юлія Кунда.

— Насамрэч, людзей, якія цікавяцца спортам, даволі многа, пытанне ў якаснай інфраструктуры. Я на спаборніцтвах шмат дзе пабываў, магу параўноўваць. Хацелася б бачыць на малой радзіме больш магчымасцяў. Вельмі хочацца, каб у горадзе з’явіўся сучасны крыты манеж для заняткаў лёгкай атлетыкай. А мы на перспектыву марым зрабіць уласную маленькую спартзалу і не расставацца са спортам ні ў якім разе! — падвёў вынік размовы Аляксандр Кунда.

Юлія Янушка. Фота з уласнага архіва сям’і Кундаў