Пятница, 11 июля 2025

«Спорт — гэта, перш за ўсё, дысцыпліна»

615

Спорт — неад’емная частка жыцця многіх людзей. Адны займаюцца ім на прафесійным узроўні, імкнучыся да высокіх дасягненняў і прызнання, іншыя — для падтрымання здароўя і фізічнай формы. Медыцынскі брат паліклінікі Ружанскай гарадской бальніцы Павел Кавалёў — чалавек, для якога спорт стаў важным элементам жыцця. У сваёй штодзённай рабоце і асабістым жыцці малады чалавек знаходзіць час і для рэгулярных трэніровак, што дазваляе яму не толькі падтрымліваць выдатную фізічную форму, але і быць прыкладам для сваіх пацыентаў і калег.

Нарадзіўшыся ў гарадскім пасёлку Ружаны, Павел скончыў мясцовую сярэднюю школу, пасля чаго паступіў і з поспехам завяршыў вучобу ў Слонімскім дзяржаўным медыцынскім каледжы. Лёс распарадзіўся так, што пасля сканчэння гэтай навучальнай установы малады чалавек зноў вярнуўся на сваю малую радзіму, дзе ўладкаваўся ў мясцовую паліклініку і працуе там да гэтага часу.

Як кажа Павел, з самага ранняга ўзросту яму падабалася быць у руху і не сядзець на месцы, таму ён захапляўся рознымі рухомымі гульнямі. З часам у яго з’явілася новае захапленне ў выглядзе бегу на далёкія дыстанцыі, запал да чаго не згас і дагэтуль. Ён не раз удзельнічаў у спаборніцтвах раённага, абласнога і рэспубліканскага маштабу, дзе паказваў уражальныя вынікі. Адным з апошніх і самых значных дасягненняў для непрафесійнага бегуна стала першае месца ў спабор-ніцтвах Bison Raсe (гонка з перашкодамі) на дыстанцыі 12 кіламетраў з 50-цю перашкодамі ў мінулым годзе ў горадзе Сілічы.

— Апроч дадзенага дасягнення, хацелася б адзначыць і другое месца ў гэтых жа спаборніцтвах на этапе ў г. Брэсце. Там жа дыстанцыя складала сем кіламетраў, на працягу якіх было 25 розных перашкод. Таксама ёсць у актыве і трэцяе месца ў белавежскім забегу, які праходзіў у 2024 годзе ў г. Свіслачы, у ім прыняло ўдзел каля ста чалавек, — кажа малады чалавек.

У нашай гутарцы Павел адзначаў, што галоўнай матывацыяй для занятку спортам з’яўляецца тое, што ён прыносіць яму задавальненне, паляпшае самаадчуванне і дапамагае станавіцца больш упэўненым у сабе.

— Бег для мяне — гэта не проста спорт, а лад жыцця. Ён дапамагае мне не толькі падтрымліваць фізічную форму, але і знаходзіць унутраную гармонію. Займаюся ім не толькі для свайго здароўя, але і імкнуся дасягаць добрых вынікаў. А ўвогуле мой дэвіз — быць лепшым сярод лепшых, — падкрэсліў медбрат паліклінікі Ружанскай гарадской бальніцы.

Летнія месяцы для Паўла — гэта час актыўных трэніровак на свежым паветры. Ён імкнецца займацца кожны дзень, надаючы асаблівую ўвагу цягавітасці і тэхніцы бегу. Узімку ж графік трэніровак крыху змяняецца: заняткі праходзяць праз дзень у зале, а адзін раз у тыдзень — прабежка на вуліцы.

— Спорт — гэта, перш за ўсё, дысцыпліна. Без рэгулярных трэніровак, без пастаяннага самаўдасканалення немагчыма дамагчыся высокіх вынікаў. Нават калі на вуліцы холадна і ідзе снег, я ведаю, што мая мэта важнейшая. Я выходжу на прабежку і нагадваю сабе, што кожны крок набліжае мяне да поспеху. А яшчэ хачу і веру, што змагу паспрабаваць сябе ў бегу на доўгія дыстанцыі і на прафесійным узроўні. Лічу, што ніколі не позна дасягаць пастаўленай мэты, галоўнае — працягваць верыць у сябе і працаваць над сабой, — кажа пакуль яшчэ непрафесійны спартсмен.

Найбольшай дыстанцыяй, якую Павел пераадольваў на спаборніцтвах, быў 21 кіламетр на мінскім паўмарафоне. Гэты вынік для яго — не проста дасягненне, а сімвал пастаяннай працы над сабой і непахіснай веры ў свае сілы. Што ж тычыцца трэніровачнага працэсу, то аднойчы яму скарылася дыстанцыя 25 кіламетраў.

Павел не плануе спыняцца на дасягнутых поспехах і ўжо бачыць свой удзел у забегу, які пройдзе ў горадзе Кобрыне ў студзені гэтага года.

А на пытанне, навошта неабходна займацца спортам, Павел Кавалёў з упэўненасцю адказвае: «Найперш для сябе і свайго здароўя. Спорт дапамагае падтрымліваць цела ў тонусе, паляпшае самаадчуванне і дорыць масу станоўчых эмоцый».

Герой гэтага матэрыялу — гэта чалавек, які сваім прыкладам паказвае, што спорт можа стаць важнай часткай жыцця і крыніцай натхнення. Ён дэманструе, што фізічная актыўнасць — гэта шлях да здароўя, поспеху і шчасця. Яму ўдалося гарманічна спалучаць прафесію медбрата і спартыўнае захапленне, што робіць яго жыццё больш насычаным і яркім. Імкненне да новых вяршыняў, любоў да спорту і жаданне быць лепшым сярод лепшых дапамагаюць яму не толькі дасягаць высокіх вынікаў, але і натхняць навакольных на ўласныя здзяйсненні. Сваімі словамі і дзеяннямі ён пераконвае: галоўнае – не здавацца і заўсёды верыць у свае сілы, толькі тады ўсе мэты могуць аказацца дасягальнымі.

Руслан Басак. Фота аўтара і з архіва Паўла Кавалёва