Спорт і здаровы лад жыцця — не толькі прыярытэты дзяржаўнай палітыкі. Гэта тое, што здольна сапраўды аб’яднаць людзей, зрабіць іх прыгажэйшымі і шчаслівымі. Вось і святкаванне сёлетняга Дня народнага адзінства не абышлося без вялікага блока спартыўных мерапрыемстваў. Усе яны прайшлі пад эгідай РФСК «Мухавец».
МІНІ-ФУТБАЛІСТАЎ ПРЫБАВІЛАСЯ
Адкрыла серыю спартыўных турніраў у Пружанах таварыская сустрэча па міні-футболе, правялі якую на полі СДЮШАР яшчэ ў чацвер. Калі памятаеце, у ліпені, напярэдадні святкавання Дня вызвалення Пружан ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, тут жа сустракаліся каманды РАУС і РАНС. На гэты раз да ўдзельнікаў гэтых дзвюх службаў дадаліся работнікі дэпартамента аховы, якія аб’ядналіся ў адну зборную з праваахоўнікамі.
Распачалася сустрэча з урачыстай цырымоніі адкрыцця. Прывітаў удзельнікаў галоўны спецыяліст райвыканкама, які курыруе пытанні спорту і турызму, Аляксей Лапыка. Добрай гульні пажадала галоўны суддзя Алена Адамчук. Прагучаў Дзяржаўны гімн, пад які ўзнялі Дзяржаўны сцяг, — і пачалася гульня.
Дарэчы, яна атрымалася не менш азартнай за ліпеньскую. Сапернікі не хацелі саступаць адзін аднаму і ўпарта змагаліся. Але, на жаль, узяць рэванш за летняе паражэнне выратавальнікам не ўдалося. Лік у выніку — 6:4 на карысць аб’яднанай зборнай РАУС і дэпартамента аховы. Але ж матч прысвячаўся самаму маладому дзяржаўнаму святу, арганізатары імкнуліся аб’яднаць каманды, таму кожная зборная атрымала кубак і грамату.
Вызначылі і лепшых ігракоў. У зборнай РАНС ім прызнаны Ігар Цімашэвіч. Найлепшым футбалістам з каманды РАУС і дэпартамента аховы назвалі Уладзіслава Сарачынскага. Добры настрой футбалістам і гледачам таксама дарылі салісткі Палаца культуры.
«ЗА АДЗІНУЮ БЕЛАРУСЬ» — БЯГОМ МАРШ!
Непасрэдна ў Дзень народнага адзінства правялі адразу два спартыўныя мерапрыемствы. Раніцай каля Палаца культуры сабраліся школьнікі (бадай, самай шматлікай была каманда гімназіі) і навучэнцы каледжа, спартыўныя і актыўныя пружанцы і нават байкеры. Усё для таго, каб паўдзельнічаць у лёгкаатлетычным забегу «За адзіную Беларусь!»
Напачатку перад удзельнікамі выступіла дырэктар клуба «Мухавец» Вікторыя Шаманава, якая яшчэ раз падкрэсліла аб’яднальную ролю спорту і значнасць падобных мерапрыемстваў. Пасля выступлення юных спявачак Палаца культуры і размінкі ад майстра спорту па спартыўнай акрабатыцы Ангеліны Круковіч бегуны выстраіліся на стартавай пазіцыі.
Маршрут удзельнікаў забегу пралягаў праз цэнтральныя вуліцы горада — Савецкую, Рыгора Шырмы, Свабоды і Янкі Купалы. Фінальнай кропкай, як і адпраўной, быў Палац культуры.
Сімвалічна, што і тут не было пераможцаў і аўтсайдэраў: кожны без выключэння ўдзельнік атрымаў памятны медаль, а разам з ім — зарад энергіі на ўвесь дзень.
СКАНДЫНАЎСКАЯ ХАДА — МАРШРУТ АД СТАРАСЦІ
Літаральна праз гадзіну спартыўны блок працягнуўся ўжо ў гарадскім парку. Калі папярэдняе мерапрыемства было разлічана на моладзь, то спаборніцтвы, што прайшлі тут, — на людзей пажылога ўзросту. Арганізавалі іх тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам з РФСК «Мухавец». Наведвальнікі фізкультурных гурткоў у чарговы раз даказалі, што ўзрост — не перашкода для заняткаў спортам. Мяркуйце самі: старэйшай удзельніцы Галіне Немцавай праз два месяцы споўніцца 95 гадоў! Але жанчына не дазваляе сабе ляжаць на канапе, а палачкі выкарыстоўвае выключна для ўдзелу ў падобнага кшталту турнірах. Добры і варты для пераймання прыклад.
За «самымі юнымі бабулямі», як называюць сябе гэтыя жанчыны, заўсёды вельмі цікава назіраць. Перад тым як рушыць на дыстанцыю, кіраўнік фізкультурных гурткоў Алена Астапчык правяла размінку пад музыку. Усе практыкаванні 20 жанчын-удзельніц рабілі з усмешкай. З ёй жа ішлі па маршруце, які пралёг праз цэнтральную алею парку і гарадскі стадыён.
Фінішавалі там жа, адкуль і стартавалі, — каля цэнтральных варот парку. І тут сюрпрыз: сустрэлі вясельную пару і абмяняліся самымі шчырымі пажаданнямі. Затым правялі ўзнагароджанне, кожная жанчына атрымала медаль і грамату ад клуба «Мухавец», зрабілі фота на памяць і паабяцалі, што мы абавязкова ўбачымся падчас многіх іншых спаборніцтваў.
Што ж, спартыўныя мерапрыемствы ў чарговы раз аб’ядналі розныя пакаленні, паказалі, што жыць трэба актыўна, у гармоніі з сабой і ўласным целам. Ну а паколькі ўдзельнікі задаволены, гэта значыць, што ў арганізатараў усё атрымалася!
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара
Больш фотаздымкаў:
- з таварыскай сустрэчы па міні-футболе: https://vk.com/album-23306785_286593220;
- з лёгкаатлетычнага забегу: https://vk.com/album-23306785_286662129;
- са спаборніцтваў па скандынаўскай хадзе: https://ok.ru/budni/album/947274991496