Среда, 15 января 2025

Спіс настаяцеля Ружанскай Петра-Паўлаўскай царквы айца Іаана Наўроцкага дапамог родным знайсці месца пахавання ваентэхніка Цімафея Гардзеева

210

На старонках раённай газеты не аднойчы з‘яўляліся публікацыі пра настаяцеля Ружанскай Петра-Паўлаўскай царквы айца Іаана Наўроцкага.

Нагадаю, што ў першыя дні і месяцы Вялікай Айчыннай вайны гітлераўцы ўтрымлівалі савецкіх ваеннапалонных у храме. Святар шмат зрабіў для аказання ім дапамогі: мясцовыя жыхары змаглі перадаваць няшчасным ежу, а хірург Віктар Лякомцаў, які таксама аказаўся ў палоне, аперыраваў параненых. Айцец Іаан хаваў памерлых на могілках, але зразумела, што падчас фашысцкай акупацыі пазначыць гэтае месца не мог. Каб пакінуць памяць пра абаронцаў Ружан, ён склаў спіс з 26 прозвішчаў, які пазней быў перададзены начальніку аддзялення НКУС Ружанскага раёна. Магчымасць яго апублікаваць з‘явілася больш чым праз паўстагоддзя.

Пісала «раёнка» і пра тое, як у 2015 годзе ў Ружанскую дзіцячую бібліятэку звярнулася жыхарка Чалябінскай вобласці Расіі Таццяна Александрова. Жанчына прасіла, каб ёй дапамаглі ў пошуках магілы, дзе пахаваны яе дзядзька, ваенфельчар Міхаіл Данілавіч Александроў, імя якога значыцца ў спісе. Агульнымі намаганнямі, з дапамогай тагачаснага старшыні сельвыканкама Галіны Верхавец прыкладнае месца пахавання ўстанавілі і паставілі тут крыж, які асвяціў настаяцель Ружанскай царквы Аляксандр Сень. А ўжо 1 кастрычніка 2016 года на могілках узняўся помнік, на якім высечаны імёны 26 загінулых вайскоўцаў.

Прайшло сем гадоў — і яшчэ адна сям’я знайшла свайго сваяка. Калі ў сёлетнім маі я наведала брацкую магілу, то ўбачыла каля помніка фатаграфію і візітоўку. Патэлефанавала яе ўладальніку і даведалася, што дзякуючы спісу айца Іаана Уладзімір Гардзееў знайшоў брата свайго дзядулі — ваентэхніка Цімафея Сямёнавіча Гардзеева, ураджэнца Разанскай вобласці. Уладзімір Міхайлавіч расказаў, што дзядуля да канца свайго жыцця (а пражыў Аляксей Сямёнавіч Гардзееў 96 гадоў і памёр у 2001 годзе) не пераставаў пісаць у розныя інстанцыі ў пошуках свайго брата, але безвынікова. І вось гэта ўдалося яго ўнуку. 1 мая 2023 года нашчадкі наведалі магілу ў Ружанах, прывезлі зямлю з роднага сяла дзеда, а яму на магілку адвезлі нашу ружанскую. Мужчына паведаміў, што яшчэ раз хоча прыехаць сюды, ужо са сваімі ўнукамі.

Вось так праз шмат гадоў спіс айца Іаана дапамагае людзям знайсці сваіх блізкіх.

Ірына Дулько, бібліятэкар Ружанскай гарпасялковай бібліятэкі