Понедельник, 2 декабря 2024

Спиннер от стресса: миф или реальность

1 483

Здаецца, свет паглынула сапраўдная спінэраманія: вяртушку для рук з падшыпніка круцяць не толькі дзеці, але і дарослыя. На мой погляд, спінэр — самае бескарыснае вынаходніцтва чалавецтва. А нядаўна пачула ад сына: «Мама, спінэр — гэта ж лепшы сродак ад стрэсу. Даказана!» Аб карысці цацкі маё дзіця прывяло яшчэ некалькі довадаў, якія знайшло недзе ў інтэрнэце. Няўжо спінэр сапраўды з’яўляецца карыснай рэччу? Ці ўсё-такі гэта звычайная, бесталковая цацка?
Наталля, шматдзетная мама.

Сваім меркаваннем наконт карысці спінэраў дзеліцца ўрач-псіхатэрапеўт Пружанскай ЦРБ Аляксандр Кулік:
— Сапраўды, сёння існуе сапраўдны бум на спінэры: яны папулярны ў дзяцей, падлеткаў, модныя сярод офісных работнікаў. Варта адзначыць, маркетолагі добра папрацавалі над раскруткай папулярнасці цацкі. Самы распаўсюджаны аргумент на карысць спінэраў — антыстрэсавы эфект. Акрамя таго, лічыцца, што яны развіваюць маторыку, дапамагаюць засяродзіць увагу, у тым ліку на ўроках.
Магчыма расчарую некага, але ніякіх навуковых доказаў таго, што спінэр якімсьці чынам павышае эфектыўнасць чалавека, няма. Зніжэнне эмацыянальнага напружання пры дапамозе «круцілкі» такое ж самае, як пры выкананні любых іншых манатонных дзеянняў, якія пастаянна паўтараюцца. Такі ж эфект можна атрымаць, напрыклад, ад хадзьбы з кута ў кут, пагойдвання нагой, накручвання пасмы валасоў на палец. Падарыўшы непрацяглае ўяўнае зніжэнне трывогі, спінэры не здольны ўплываць на яе сапраўдны ўзровень, а толькі перашкаджаюць зразумець яе прычыну і прыступіць да вырашэння сапраўднай праблемы, якая ляжыць у аснове ўнутранага хвалявання. Як урач, хачу звярнуць увагу: калі такі спосаб кіравання трывогай замацоўваецца, то ў чалавека развіваецца неўроз дакучлівага настрою, які патрабуе лячэння ў спецыяліста.
Для развіцця маторыкі і адчувальнасці пальцаў спінэр занадта грубы і нязграбны. Яго выкарыстанне дастаткова статычнае і не патрабуе тонкай каардынацыі, а значыць бескарысна для дробнай маторыкі.
Нагадваючы нечым маятнік гіпнатызёра, спінэр нядрэнна прыцягвае да сябе ўвагу і нават можа выклікаць лёгкі транс. Такое засяроджванне ўвагі з’яўляецца міжвольным і ніяк не дапамагае ў вучобе і чытанні. Наадварот, справа дайшла да таго, што ў некаторых штатах ЗША спінэры забаранілі браць з сабой у школу, бо настаўнікам складана пераключыць увагу вучняў ад «круцілкі» да выкладаемага матэрыялу.
Адным словам, станоўчых аспектаў у спінэры зусім мала. За выключэннем таго, што для падлеткаў спінэр — своеасаблівы сімвал дачынення да субкультуры. Інакш кажучы, ён з’яўляецца спосабам зносін і дасягнення прызнання ў групе, што ў іх узросце з’яўляецца вельмі важным. Акрамя таго, творчым і знаходлівым спінэр дазваляе выконваць некаторыя трукі, засваенне якіх трэніруе настойлівасць, цярпенне і спрыт. Ну, і хіба што гэтая цацка яшчэ можа стаць нагодай, каб правесці час разам з дзіцём.
Так што высновы рабіце самі.

Падрыхтавала Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *