Воскресенье, 28 мая 2023

«Спевы роднай зямлі» ў «беларускім Версалі»: як прайшла ноч музеяў у Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў

318

Насычаная разнастайная праграма чакала гасцей падчас свята, наладжанага 20 мая ў Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў.

Палацавы комплекс у Ружанах — адзін з унікальных куткоў Беларусі. На працягу стагоддзяў найпрыгажэйшы архітэктурны ансамбль, які называюць «беларускім Версалем», належаў магутнай дынастыі Сапегаў. Зараз у музеі можна ўбачыць аўтэнтычныя прадметы, элементы інтэр’еру і самабытныя касцюмы старых часоў. Ружанскі палацавы комплекс прыцягвае сваёй незвычайнасцю: з аднаго боку — музей, з другога — галоўны комплекс, не закрануты рэстаўрацыйнымі работамі. Тут можна доўга хадзіць, глядзець і глядзець, дыхаць паветрам даўніны… Праведзеная тут «Ноч» успрымалася асабліва велічна.

Каларытнасць святу надалі беларускія нацыянальныя касцюмы, у якіх паўсталі перад гасцямі музея вядучыя — супрацоўнікі палацавага комплексу. У 20 гадзін пачалося ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. Пасля ў прыгожай зале адбылася літаратурная гасцёўня, прысвечаная знакамітаму беларускаму опернаму спеваку Міхасю Іванавічу Забэйдзе-Суміцкаму. На гасцёўні можна было даведацца пра жыццё і цяжкі лёс выканаўцы. І, канешне, паслухаць яго самыя знакамітыя песні, такія як «Калыханка», «Лявоніха», «Чаму ж мне не пець» і інш.

Тыя, хто асабліва пранікся і зацікавіўся асобай беларускага спевака, маглі наведаць у іншай зале прысвечаную яму выставу: тут былі сабраны фотаздымкі, паштоўкі і дакументы, якія адлюстроўвалі жыццёвы і творчы шлях опернага выканаўцы.

Прыемным бонусам было тое, што побач стаяў стол з пачастункамі, дзе госці маглі выпіць кубачак гарбаты і паласавацца духмяным пірагом, цукеркамі і пячэннем.

У той вечар у Ружанскім музеі былі арганізаваны і майстар-класы. Дзякуючы народнаму майстру Марыі Кулецкай госці маглі паспрабаваць сябе ў ролі мастакоў роспісу па шкле. Таццяна Сарока правяла майстар-клас па лепцы з пластыліну. У ганчара Віталія Раманоўскага можна было павучыцца працаваць з глінай, а таксама набыць керамічныя вырабы. На майстар-класе пад назвай «Кветка маёй радзімы» ад Аляксандры Антонавай наведвальнікі музея стваралі беларускія выцінанкі.

Ажывілі залу і падарылі добры настрой гледачам спевы калектыву «Бабіна лета». Жанчыны ўжывую выканалі беларускія народныя песні, акампануючы сабе на бубне і трашчотцы.

У фотазоне можна было сфатаграфавацца з манекенамі, апранутымі ў нацыянальныя касцюмы, і экспанатамі музея. Самыя кемлівыя госці маглі паразгадваць загадкі на віктарыне «Смак мовы» ці прыняць удзел у квэсце, дзе трэба было знайсці шэсць музейных прадметаў у экспазіцыі толькі па іх фрагментах. Паказаўшы ўсе фотаздымкі музейных прадметаў наглядчыку, можна было атрымаць падарунак.

На вуліцы на тэрыторыі палаца таксама было шумна: дзеці і дарослыя з задавальненнем прымалі ўдзел у беларускіх народных гульнях «Падворачак», «Ручаёк», «Грушанька» і іншых.

Паціху сонца садзілася велічныя сцены палаца. Але былая рэзідэнцыя Сапегаў ад гэтага станавілася толькі яшчэ больш прывабнай і загадкавай.

Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ. Фота аўтара