Пэўна ведаю, што любая гаспадарка, любое прадпрыемства могуць пахваліцца працаўнікамі, якія адказна выконваюць сваю работу, без нараканняў з боку кіраўніцтва. Шчыра робяць, бо інакш не могуць. У іх ад нараджэння закладзены прынцып: калі не можаш выканаць на выдатна, то лепш зусім не рабі, не ганьбуй сябе. Такім чалавекам з’яўляецца Віктар Аліфірук, які даволі працяглы час шчыруе ў ААТ «Агра-Калядзічы» механізатарам.
Спецыялістам на ўсе рукі і проста рабацягай называюць Віктара Мікалаевіча ў гаспадарцы. Трактарыст-машыніст вельмі беражліва адносіцца да тэхнікі, заўсёды трымае яе ў спраўным стане, стараецца папярэджваць паломкі, якія заўсёды непажаданыя падчас выканання сельскагаспадарчых работ. Пры гэтым Віктар Мікалаевіч можа працаваць абсалютна на ўсіх відах трактароў і з рознымі агрэгатамі. Таму даручаюць яму ў сельгаставарыстве самую важную работу: узворванне зямель, сяўбу любых сельскагаспадарчых культур, і, канечне, працу на жніве.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2023/08/АгроКолядичи-13.jpg)
Цяперашняя ўборка для Віктара Аліфірука адзінаццатая па ліку. Працоўны дзень механізатара можа пачынацца вельмі рана і заканчвацца за поўнач, гледзячы па надвор’і. На камбайне КЗС-1218 «Палессе GS-12» Віктар Мікалаевіч са сваім памочнікам Яўгенам Буцько за дзень праходзіць па 15-20 га і выдае з бункера да 100 тон зерня. І хоць збожжаўборачная тэхніка не самая «маладая» ў гаспадарцы, але працуе безадмоўна, «слухаецца» свайго гаспадара.
Дарэчы, у ААТ «Агра-Калядзічы» кухоннай рабочай працуе жонка Віктара Сняжана, якая цяпер задзейнічана на развозцы смачных абедаў працаўнікам поля. Разам Аліфірукі выхоўваюць трох дзетак: двух сыноў і дачушку. Значыць, ёсць для каго старацца, быць прыкладам.
На такіх простых людзях гэты свет і трымаецца. Ім не патрэбна гучная слава, для іх адзіная мэта жыцця — заставацца сумленнымі і шчырымі перад сабой і перад людзьмі.
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі