Ранкам 17 мая на цэнтральны дзяжурны пульт райаддзела па надзвычайных сітуацыях паступіў незвычайны выклік з адной з вёсак Ружанскай зоны: мужчына звярнуўся да выратавальнікаў з просьбай дапамагчы адгаварыць яго жонку ад учынення самазабойства.
Інфармацыя была накіравана на рэагаванне на пажарны аварыйна-выратавальны пост №15 в.Лыскава, работнікі якога адразу выехалі на месца здарэння, дзе ўвачавідкі пераканаліся ў праўдзівасці тэлефанавання.
Трапіўшы ў такую сітуацыю, камандзір аддзялення Дзмітрый Паўлавіч Касцючэнка і вадзіцель спецаўтамабіля Руслан Уладзіміравіч Ляўчук не разгубіліся і дзейнічалі граматна. Спакойнай размовай і псіхалагічнай падтрымкай работнікі імкнуліся паўплываць на жанчыну, якая сапраўды меркавала развітацца з жыццём, наносячы сабе ўдары. Такім чынам выратавальнікі пацягнулі час да прыезду «хуткай медыцынскай дапамогі», супрацоўнікі якой з дапамогай лекавых сродкаў супакоілі патэнцыяльную самазабойцу.
Як стала вядома пазней, гэта была не першая спроба развітацца з жыццём: дагэтуль жанчына спрабавала падпаліць хату разам з сабой.
Вольга Ліпко, работнік РАНС.
*фото носит иллюстративный характер