Суббота, 12 октября 2024

Спасатели из глубинки. Наш репортаж из Лысково

936

Пажарны аварыйна-выратавальны пост аграгарадка Лыскава адшукаць вельмі проста, пры гэтым не толькі мясцовым людзям, а нават і прыезджым, у тым ліку і з далёкага замежжа.
Месцазнаходжанне для ПАВП №15 аг. Лыскава выбрана ўдала: пост знаходзіцца якраз на скрыжаванні асноўных дарог гэтага населенага пункта. А значыць, выратавальныя падраздзяленні могуць аператыўна выехаць у любым напрамку. А іх у мясцовых пажарных хапае.

Справа ў тым, што сем чалавек разам з начальнікам паста А.М.Сакутам ахоўваюць спакой 76 навакольных вёсак, якія размешчаны ў 20-кіламетровай зоне адказнасці.
— Першае, што мяне здзівіла, калі два гады таму перавёўся на гэты пост, — гэта вялікая насычанасць населенымі пунктамі,— расказвае Андрэй Міхайлавіч.— А гэта азначае больш напружаную службу з-за вялікай колькасці ахоў-ваемых аб’ектаў. Напэўна, таму першы ў бягучым годзе пажар быў зарэгістраваны менавіта на нашым участку.
Рэдкая змена на лыскаўскім пасту праходзіць без выклікаў, нярэдка даво-дзіцца выклікаць рэзервовы каравул, для чаго мясцовая пажарная служба, акрамя асноўнага, мае яшчэ і дадатковы аўтамабіль-цыстэрну. Праблем у зоне адказнасці хапае. Самая галоўная з іх — састарэласць жылога фонду. Многія дамы ўзводзіліся, калі яшчэ не існавала строгіх правілаў пажарнай бяспекі.


— Часта прычынамі ўзгаранняў становяцца няспраўная праводка, разбурэнне печак ці наогул няўважлівасць пажылых вяскоўцаў пры выкарыстанні агню і электрапрыбораў. З улікам гэтых акалічнасцей работнікам паста разам з выкананнем асноўных абавязкаў даводзіцца праводзіць маштабную прафілактычную работу.


А побач з гэтым лыскаўскія пажарныя прымаюць удзел у ліквідацыі наступстваў прыродных і тэхнагенных здарэнняў, аказваюць дапамогу жыхарам навакольных вёсак, у тым ліку і ў пошуку апошніх падчас іх паходаў па грыбы-ягады. Здараюцца і аўтамабільныя аварыі, аднымі з першых на якія прыязджаюць выратавальнікі.


Не абыходзіцца ў службе і без кур’ёзаў. Напрыклад, нярэдка па дапамогу да выратавальнікаў звяртаюцца транзітныя госці.
— У зоне нашай адказнасці знаходзіцца дарожны аб’езд уздоўж Белавежскай пушчы, які карыстаецца попытам у турыстаў. Але пад’езды да яго слаба абазначаны ў навігатарах. Таму і даво-дзіцца «ратаваць» з лесу падарожнікаў. Аднойчы дзвюх расіянак шукалі ў гушчары, бо яны нават не маглі патлумачыць, куды заехалі. Зразумела, што пэўны час на гэтыя мерапрыемствы спатрэбіўся. І за тыя некалькі гадзін жанчыны вырашылі, што іх ніколі не знойдуць. Падчас сустрэчы на лясной сцежцы шмат было і слёз, і абдымкаў, і падзяк.

Такім жа чынам аднойчы ў Лыскава трапіў і вядомы расійскі акцёр Гоша Куцэнка. Ён адразу зайшоў да выратавальнікаў, каб спытаць дарогу на Брэст. А заадно папіў са службоўцамі чаю, пагаварыў пра службу і нават папрасіўся на экскурсію па руінах касцёла.

— Атрымліваецца, што вызначыць самы гарачы сезон у нашай службе даволі складана, хапае трывожных выездаў і зімой, і летам, і ў перыяд «ціхага» палявання, і падчас жніва,— зазначае начальнік паста №15.— Зараз паралельна з дзяжурствам нясём ахову і на палях ААТ «Радзіма», дзе працуе збожжаўборачная тэхніка.


Каб заўсёды быць у належнай «форме», лыскаўскія пажарныя рэгулярна праводзяць тэарэтычныя вучэнні і практычныя трэніроўкі, для чаго на базе ёсць неабходная спартыўная і спецыяльная інфраструктура. Увогуле будынак паста, нягледзячы на свой узрост, нядрэнна абсталяваны для выканання службовых абавязкаў: ёсць пакоі адпачынку, прыёму ежы і санітарныя зручнасці. Перыядычна праводзіцца рамонт памяшканняў для падтрымання патрэбнага ўзроўню ўмоў нясення службы. Тое ж тычыцца і пажарнага абсталявання, якім мясцовыя выратавальнікі валодаюць на прафесійным узроўні. Таму па выніках дзейнасці за мінулыя гады ПАВП №15 аг. Лыскава трымаецца на высокіх пазіцыях у раёне.
На здымках: начальнік ПАВП №15 А.М.Сакута, да чарговага выезду тэхніку рыхтуе вадзіцель Д.І.Харытонік.

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).