Здаецца, зусім нядаўна, напрыканцы чэрвеня, бераг возера Паперня прымаў школьнікаў з усёй вобласці. Прайшоў месяц – і тут зноў з’явіліся палаткі. На гэты раз у іх пасяліліся ўдзельнікі традыцыйнага турыстычнага злёту сярод моладзі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Праграма мерапрыемства была разлічана на тры дні і ўключала мноства спартыўных і творчых выпрабаванняў. Удзельнікамі сёлетняга злёту стала шэсць каманд. Свае зборныя прадставіла тры сельгасарганізацыі – ААТ «Радзіма», «Ружаны-Агра» і «Пружанскі райаграсэрвіс», дзве медустановы – «Пружанская ЦРБ» і абласная псіхіятрычная бальніца «Магілёўцы». Яшчэ ў адну каманду аб’ядналіся работнікі райвыканкама і КУВП «Камунальнік».
Іспытам, які адкрыў конкурсную праграму ў мінулую пятніцу, стала фігурнае ваджэнне веласіпеда. Майстэрства пераадольваць перашкоды паказвалі па два мужчыны і дзве жанчыны з каманды. У выніку ўпэўненую перамогу атрымалі прадстаўнікі цэнтральнай раённай бальніцы.
Валейбольныя сустрэчы каманд працягваліся ўсе тры дні. Часцей за ўсё фартуна падчас паядынкаў усміхалася валейбалістам, якія прадстаўлялі ААТ «Радзіма». Гэтая каманда і стала пераможцай міні-турніру.
Творчыя магчымасці ўдзельнікі змаглі раскрыць падчас конкурсу візітных картак. Чаго тут толькі ні было! «Ружаны-Агра» павесяліла сцэнкай пра Алёнушку і Машу. Маша паехала на турзлёт, і, каб знайсці яе, Алёнушка блукала па лесе, нават плакала, але ў выніку сяброўкі сустрэліся! Абедзвюх казачных гераінь віртуозна сыгралі… мужчыны. За такі крэатыў каманда атрымала другое месца. А першае дасталася камандзе ЦРБ. Медыкі разыгралі сітуацыю ў бальніцы, калі на прыём да доктара прыйшоў мужчына, да якога прысмактаўся клешч. Выцягвалі паразіта літаральна ўсёй медустановай!
Смачным завяршэннем першага дня стаў кулінарны конкурс «Майстар-шэф». Лепшымі ў ім былі прызнаны турзлётаўцы з «Ружаны-Агра», якія здзівілі пачастункамі.
Насычаным быў і другі дзень спаборніцтваў. У праграме суботы значылася дыстанцыя «крос-кантры» – велагонка па мясцовасці, падчас якой патрабавалася пераадолець спускі і пад’ёмы, розныя складаныя ўчасткі. Лепш за ўсіх «выруліў» на гэтым выпрабаванні калектыў абласной псіхбальніцы «Магілёўцы». Гэтая каманда, дарэчы, стала лепшай і ў марш-кідку. Цікавы і па-свойму экстрэмальны конкурс чакаў удзельнікаў ноччу – спартыўнае арыентаванне на мясцовасці. На шчасце, ніхто не заблукаў, а майстэрства арыентавання прадэманстравалі медыкі: каманда ЦРБ тут была першай.
А вось у конкурсе быту лепшых выявіць не ўдалося – усе каманды атрымалі максімальныя балы.
На «дэсерт» арганізатары – райкам ГА «БРСМ», ДЮСШ №1, прафсаюз работнікаў АПК, аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі, раённая арганізацыя ГА «Белая Русь» – пакінулі перацягванне каната. Гэты конкурс паказаў моц каманд і іх згуртаванасць, але мацней за ўсіх былі канкурсанты з ААТ «Ружаны-Агра».
У выніку трохдзённага спартыўна-творча-кулінарнага марафону пераможцай турніру прызнана каманда УАЗ «Пружанская ЦРБ». На другім месцы – іх калегі з абласной псіхіятрычнай бальніцы «Магілёўцы». Замкнула тройку прызёраў каманда ААТ «Ружаны-Агра». Пераможцы атрымалі дыпломы, а ўсе без выключэння ўдзельнікі злёту – зарад бадзёрасці і выдатнага настрою.
Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена райкамам ГА «БРСМ».