Заключны, чацвёрты этап «Дзіцячай лігі плавання» ў многім вырашальны для спартсменаў: ён завяршае сезон і вызначае лепшых. Пружанскія плыўцы годна выступалі і на трох мінулых этапах, таму ў іх былі ўсе шансы заваяваць узнагароды па выніках спаборніцтваў 2023/2024.
Але спярша пра вынікі непасрэдна чацвёртага этапу. Праходзіў ён напачатку чэрвеня ў Брэсце, у басейне фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
Лепш за ўсіх сярод пружанскіх дзяўчат выступіла Варвара Лукуць, падапечная трэнера Паўла Барана. Яна запісала ў медальную скарбонку тры залатыя ўзнагароды — на пяцідзесяціметроўках батэрфляем, на спіне і вольным стылем. На апошняй з пералічаных дыстанцый Варвара, дарэчы, падчас трэцяга этапу «Дзіцячай лігі» плавання, што праходзіў у сакавіку ў Мінску, ўстанавіла рэкорд рэспублікі сярод дзяўчынак 2016-2017 г.н. Тады яна праплыла гэтыя 50 м за 44,12 секунды. Другі рэкорд устанавіла падчас чацвёртага этапу ў Брэсце, справіўшыся з дыстанцыяй ужо за 40,90 секунды! І гэта, зноў жа, рэкорд краіны.
Акрамя пералічаных вышэй медалёў, з Брэста Варвара Лукуць прывезла яшчэ бронзу на 50 м брасам і залаты кубак па выніках мнагаборства чацвёртага этапу.
А вось падапечная трэнера Сяргея Каляды Арыядна Варыцкая ў Брэсце часцей за ўсё ўздымалася на другую прыступку п’едэстала. Сярэбраныя ўзнагароды ў яе на стаметроўках на спіне, батэрфляем і вольным стылем. Акрамя таго, Арыядна заваявала яшчэ два бронзавыя кубкі — па выніках мнагаборства заключнага этапу лігі і ўсяго сезона.
Паспяхова выступіла Вікторыя Шут (трэнер — Сяргей Каляда). У яе медаль найвышэйшай пробы на 100 м і серабро на 50 м батэрфляем.
Яшчэ адна юная спартсменка Меланія Гарус, якая трэніруецца пад кіраўніцтвам Крысціны Ліцкевіч, стала трэцяй на брасавай стаметроўцы.

Цяпер пагаворым пра дасягненні хлопчыкаў. Найбольш паспяховым сталі спаборніцтвы для Цімура Дакімовіча. Ён лепшы на дыстанцыі 50 м брасам. Сярэбраныя ўзнагароды ў Цімура таксама на 50 м, але на спіне, а яшчэ на стаметроўках брасам і на спіне. У актыве спартсмена і два сярэбраныя кубкі — за другое месца ў мнагаборстве этапу і ўсяго сезона.
Назар Камінскі вызначыўся ўзнагародамі бронзавымі. Такія медалі ў яго на 50 і 100 м вольным стылем і пяцідзесяціметроўцы батэрфляем.
І, нарэшце, Іван Клімук заваяўваў сярэбраны медаль на дыстанцыі 50 м брасам. Трэніруе спартсменаў Сяргей Каляда.
Такім чынам, выхаванцы аддзялення плавання ў чарговы раз пацвердзілі свой клас на ўзроўні краіны, а таму цяпер спакойна могуць ісці на канікулы, каб адпачыць, набрацца новых сіл перад новым сезонам і далей радаваць нас пераможнымі навінамі!
Уладзіслаў Шпарла
Фота прадастаўлена СДЮШАР № 2 г. Пружаны