Спартыўныя спаборніцтвы сярод жыхароў сельсаветаў і работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна прайшлі на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №2.
Адзначым, што страсці, асабліва на баскетбольнай пляцоўцы, кіпелі не жартоўныя. Але гэты этап спартакіяды быў ужо фінальным, падсумоўваючым цікавыя спартыўныя спаборніцтвы.
Напачатку мерапрыемства да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Ён пажадаў упартай барацьбы і перамогі мацнейшым. Мікалай Пятровіч і даў старт спаборніцтвам. Прагучаў Дзяржаўны гімн, узнялі Дзяржаўны сцяг — і каманды накіраваліся ў Водны палац, дзе праходзілі спаборніцтвы па плаванні, дартсе, настольным тэнісе. А на пляцоўках побач спаборнічалі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і стрытболе — вулічным баскетболе.
Зазначу, што ва ўдзельнікаў адсутнічаў прынцып: «галоўнае — не перамога, галоўнае — удзел». Кожны з сельскіх спартсменаў імкнуўся вырвацца наперад, даказаць, што ён самы трапны стралок ці кідальнік дроцікаў, што ён плавае, як дэльфін альбо русалка, што ён лепшы тэнісіст і стрытбаліст. Так што прызёрамі спартакіяды сталі сапраўды «самыя-самыя». Асабліва цікава было назіраць за стрытбалістамі, якія стараліся вырваць перамогу любой цаной, больш мячоў закінуць у баскетбольнае кальцо. У адным паядынку давялося нават некалькі разоў дабаўляць мінуты, каб выявіць пераможцу.
І вось надышоў хвалюючы момант падвядзення вынікаў.
Спачатку ўзнагароджвалі прызёраў у асабістым заліку. Вынікі абвясціў суддзя спаборніцтва Аляксандр Бажко, які разам са спонсарам спартакіяды, старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Дзмітрыем Чайкоўскім і ўручаў граматы і прызы. У спаборніцтвах па дартсе сярод мужчын трэцяе месца заняў Аляксандр Хаян (Зеляневіцкі сельсавет), другое – Аляксей Шчурскі (Ружанскі сельсавет), першае — Алег Мігалевіч (Мокраўскі сельсавет); сярод жанчын — бронза ў Крысціны Асіпчук (Шаняўскі сельсавет), другой стала Ірына Шчэрба (Сухопальскі сельсавет), пераможцай — Юлія Перапяляк (Пружанскі сельсавет).
У плаванні месцы размеркаваліся наступным чынам: сярод мужчын на трэцім месцы Алег Соф’ін (Пружанскі сельсавет), на другім – Андрэй Аўдзейчык (Зеляневіцкі сельсавет), на першым — Уладзіслаў Гардзіеўскі (Хараўскі сельсавет); сярод жанчын трэцяй стала Таццяна Гардзіеўская (Ліноўскі сельсавет), другой — Кацярына Крахмаль (Хараўскі сельсавет), першай – Анастасія Хмялеўская (Ружанскі сельсавет).
У настольным тэнісе — на трэцім месцы Руслан Ідрысаў (Ліноўскі сельсавет), на другім — Арцём Літвіновіч (Хараўскі сельсавет), на першым — Сяргей Зорыкаў (Навазасімавіцкі сельсавет). Стральба з пнеўматычнай вінтоўкі паказала наступныя вынікі: трэцяе месца за Уладзімірам Асіпчуком (Шаняўскі сельсавет), другое — за Аляксеем Пракаповічам (Мокраўскі сельсавет), першае — за Валерыем Сівудам (Пружанскі сельсавет). У камандных спаборніцтвах па стрытболе трэцяе месца заняла каманда Ружанскага, другое — Зеляневіцкага і першае — Мокраўскага сельсаветаў.
Самым інтрыгуючым, зразумела, было размеркаванне месцаў сярод зборных каманд сельсаветаў. Вынікі такія: «бронзавы» кубак галоўны спецыяліст райвыканкама па спорце і турызму, арганізатар спаборніцтваў Аляксей Лапыка ўручыў камандзе Хараўскога сельсавета, «сярэбраны» з рук старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Дзмітрыя Чайкоўскага атрымала каманда Пружанскага сельсавета, «залаты» кубак заваявала каманда Мокраўскага сельсавета, яго ўручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.
Удзельнікі спартакіяды вярталіся дадому стомленыя, але задаволеныя праведзеным часам: у гэты дзень яны прагаласавалі за здаровы лад жыцця.
Віктар Ільюшчанка, фота аўтара
Фотаальбом з мерапрыемства: https://ok.ru/budni/album/942321394056