Спосабаў, як прыбраць расліннае смецце з прысядзібнага ўчастка, нямала, аднак многія гаспадары выбіраюць самы просты — спаліць. Насамрэч, так будзе менш клопатаў ды і хутка ўсё адбываецца. Але ж пры гэтым людзі нярэдка забываюцца, што агонь можа быць не толькі памочнікам, а і забойцам. Менавіта з-за той жа хуткасці: дастаткова аслабіць кантроль, не падрыхтавацца да такой утылізацыі смецця належным чынам — і разгарыцца пажар. Агонь хутка перакідваецца на сухую траву, ахоплівае галіны і запальвае гаспадарчыя пабудовы. Таму, як толькі пачынаецца веснавы сезон, у рэспубліцы адзначаецца рэзкі ўсплёск пажараў у быце. Больш таго, бескантрольнае выпальванне пожні прыводзіць да ўзнікнення ўжо лясных пажараў. У мінулым сакавіку ў Беларусі на тэрыторыі ляснога фонду зарэгістравана 9 узгаранняў.
Здараецца, што ў такім агні гінуць людзі, такія трагедыі здараліся і на Пружаншчыне. З улікам чаго з веснавым пацяпленнем мясцовыя пажарныя пачынаюць масавыя прафілактычныя мерапрыемствы. Інспектары заязджаюць ва ўсе населеныя пункты раёна, сустракаюцца з мясцовымі жыхарамі і тлумачаць небяспеку. У адзін з такіх выездаў разам з работнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях Інай Хаваўка трапіла і наша карэспандэнцкая група.
«Тлумачыць усё роўна даводзіцца»
Работніку РАНС была пастаўлена задача пракантраляваць сітуацыю ў Сланімцах і на тэрыторыі садовага таварыства ў в. Слабудка. У першай вёсцы абстаноўка была спакойнай, ні на адной з вуліц не бачна было слупоў дыму. Хаця інспектар зрабіла для сябе выснову, што варта заехаць сюды яшчэ раз-другі. Таму што сустракаліся сядзібы, дзе гаспадары яшчэ не браліся за навядзенне парадку.
А вось на слабудскіх дачах работа падчас нашага прыезду кіпела. Амаль усюды шчыравалі гаспадары, у некалькіх месцах былі бачны слупы дыму, якія і прыцягнулі нашу ўвагу.
— Спальванне расліннага смецця на прысядзібным участку не з’яўляецца парушэннем, — тлумачыць інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях. — Але пры захаванні некаторых умоў.
Па-першае, нельга спальваць сухую траву і пожню на корані, трэба прыбраць лёгказапальваемае смецце ў спецыяльна падрыхтаванае месца. Раней вогнішча можна было ўладкаваць на вызначанай адлегласці ад пабудоў, аднак зараз гэтага патрабавання няма па прычыне невялікай плошчы прысядзібных участкаў.
Па-другое, запальваць касцёр можна толькі пры адсутнасці ветру, парыву якога дастаткова для таго, каб разляцеліся іскры, якія таксама могуць стаць прычынай узгарання.
Па-трэцяе, любы касцёр трэба пільна кантраляваць, не пакідаючы яго без нагляду. Пры сабе мець інвентар для таго, каб пры неабходнасці хутка закідаць агонь зямлёй, а таксама вядро з вадой, каб утаймаваць раптоўны пажар.
Усе гэтыя правілы дакладна ведае Аляксандр Іванавіч, першы, да каго мы завіталі. Гаспадар адвёў пад вогнішча адкрытую пляцоўку, якая не кантактуе ні з пасадкамі, ні з пабудовамі. Акрамя таго, узброіўся неабходным інструментам і абавязкова трымае побач вядро з вадой. Больш таго, для спальвання смецця заўсёды выбірае бязветранае надвор‘е.
— Учора быў моцны вецер, і я вырашыў перанесці навядзенне парадку на наступны дзень, — паведамляе гаспадар. — Навошта спяшацца і рабіць самому сабе шкоду?
Непадалёк у неба ўздымаўся яшчэ адзін слуп дыму. Там шчыравала сям’я дачнікаў, якія падышлі да спальвання смецця іншым чынам, але таксама разумна. У прыватнасці, абрэзаныя галіны і сухую траву гаспадары збіраюць у мангал, дзе і ладзяць касцёр. А потым атрыманы попел выкідаюць на грады. І прыродзе карысць, і бяспека на ўзроўні.
— Варта адзначыць, што многія разумеюць неабходнасць захавання бяспекі падчас спальвання расліннага смецця, — зазначае інспектар РАНС. — І ставяцца да нашых тлумачэнняў сур’ёзна, бо размова ідзе, у першую чаргу, пра іх жыццё і здароўе, не гаворачы ўжо пра маёмасць. Але здараюцца і прыкрыя выключэнні.
Як толькі пачаўся красавік з сонечнымі днямі, на пульт цэнтральнага аператыўнага кіравання сталі паступаць трывожныя выклікі. Магчыма, з-за дзіцячых гульняў з агнём, а можа, і з-за няўважлівасці гаспадароў узніклі ўзгаранні сухой травы на вуліцах Лазо і 8 Сакавіка, агонь пагражаў пабудовам, але быў аператыўна ліквідаваны. Вось толькі не ўсюды пажарныя могуць паспець за лічаныя мінуты, а пажару дастаткова і 10 мінут, каб ахапіць гектары.
Беражы прыроду і сябе
Да кантролю бяспекі ў гэты перыяд актыўна далучаецца і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Як расказвае яе начальнік Вольга Дрозд, кожны акт такога падпалу — гэта злачынства супраць прыроды.
— У адпаведнасці з арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце», выпальванне сухой расліннасці і яе рэшткаў на корані забараняецца, — расказвае Вольга Міхайлаўна. — З моманту зыходу снегу нельга ладзіць кастры побач з маладымі пасадкамі дрэваў, ствараць вогнішчы сярод сухой травы, а таксама пакідаць непатушаныя крыніцы гарэння без нагляду.
А яшчэ начальнік інспекцыі заклікае грамадзян не быць раўнадушнымі: калі заўважыце агонь і дым, то высветліце, у чым прычына гарэння. Калі побач знаходзяцца гаспадары, то можна супакоіцца. А бескантрольны касцёр трэба па магчымасці ліквідаваць або паведаміць пра яго па тэл. 101. А калі самі вырашылі спаліць смецце, то напрыканцы работы абавязкова пераканайцеся, што касцёр прагарэў поўнасцю, не засталіся гарачыя вугалькі, ад якіх зноў разыдзецца полымя.
Прыродная інспекцыя таксама праводзіць рэйды, і сёлета адзін з гаспадароў ужо атрымаў папярэджанне.
— Нядбайным і неасцярожным варта нагадаць пра адказнасць за такія парушэнні, — паведамляе Вольга Дрозд. — Згодна з арт. 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, віноўнікі могуць быць аштрафаваны ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. За развядзенне кастроў у небяспечных месцах — да 12 б.в. (арт. 16.41). А пры ўзнікненні пажару, які прычыніць шкоду навакольнаму асяроддзю, прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу да 32 тысяч рублёў.
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік