
На мінулым тыдні на базе СДЮШАР № 2 г. Пружаны прайшоў гарадскі чэмпіянат па цяжкай атлетыцы, арганізатарам якога выступіў РФСК «Мухавец».
Удзел у турніры прынялі больш за 30 спартсменаў-аматараў мужчынскага і жаночага полу. Усе яны былі падзелены па вагавых катэгорыях, у кожнай з якой мужчыны і дзяўчаты спаборнічалі ў дзвюх дысцыплінах. Так, мужчынам неабходна было паказаць свае здольнасці ў жыме лежачы і ўздыме штангі на біцэпс, а ўдзельніцам прыгожага полу давалася магчымасць праявіць сябе ў планцы і прысяданні ў трэнажоры Сміта.
Па выніках турніру сярод мужчын у жыме лежачы ў самай лёгкай катэгорыі, дзе былі прадстаўлены цяжкаатлеты з вагой да 75 кілаграмаў, трэцяе месца заняў Уладзіслаў Ласюк, на прыступку вышэй размясціўся Аляксандр Будзько, а пераможцам стаў Яўген Кананюк. У катэгорыі ад 75 да 82,5 кілаграма трэцяе месца дасталася Кірылу Дземідовічу, сярэбраны медаль у Максіма Зарычука, а чэмпіёнства — за Паўлам Шчарбіным. У спартсменаў з масай цела да 90 кілаграмаў бронзавы медаль заваяваў Сяргей Каляда, серабро дасталася Віктару Корсаку, ну а залаты медаль быў уручаны Андрэю Круглені. У цяжкавагавікоў тройка прызёраў выглядала наступным чынам: трэцяе месца — Раман Балака, другое — Руслан Ляўчук, а золата — Аляксандр Кананюк.
У дысцыпліне ўздым штангі на біцэпс у лёгкай вагавой катэгорыі на трэцяй прыступцы п’едэстала зноў размясціўся Уладзіслаў Ласюк, другое месца ў Віталія Трыфанава, а залаты медаль у Аляксандра Будзько. У другой вагавой катэгорыі сярэбраны медаль дастаўся Паўлу Шчарбіну, а пераможцам стаў Максім Зарычук. У спаборніцтвах цяжкаатлетаў з вагой да 90 кілаграмаў другім стаў Андрэй Кругленя, а залаты медаль у Віктара Корсака. Ну а ў цяжкавагавікоў трэцім стаў Аляксандр Кананюк, серабро дасталася Руслану Леўчуку, чэмпіёнства — у Рамана Балакі.
Што ж да вынікаў спаборніцтваў удзельніц прыгожага полу, то ў прысяданні ў трэнажоры Сміта ў вазе да 60 кілаграмаў бронзавы медаль дастаўся Дар’і Велікаселец, другое месца ў Алёны Рэпіха, а золата заваявала Наталля Захарава. У спартсменак з масай цела звыш 60 кілаграмаў на трэцяй пазіцыі размясцілася Юлія Трухан, серабро ў Алёны Навумовіч, а пераможцай стала Алена Гічан.
Спаборніцтвы ў планцы праводзіліся без падзелу на вагавыя катэгорыі. Тут трэцяе месца заняла Наталля Захарава, серабро ў Алёны Рэпіха, а чэмпіёнства дасталася Алене Гічан.
Усе прызёры і пераможцы турніру былі ўдастоены ўзнагарод ад РФСК «Мухавец». Жадаем, каб вы і далей працягвалі ўдасканальваць сябе ў гэтым напрамку і заўсёды былі ў выдатным настроі!
Руслан Басак. Фота прадастаўлена РФСК «Мухавец»