А вы ведаеце, што начамі пад вокнамі аддзялення хуткай дапамогі раённай бальніцы гучаць пранізлівыя ў прамым сэнсе слова “серэнады”? Высокі сіплаваты свіст разразае паветра з сілай клаксана… Некалькі начэй фельчары з зайздросным цярпеннем слухалі спецыфічны канцэрт, а нядаўняй раніцай вырашылі знайсці вакалістаў. Доўга прачэсваць маленькі скверык ім не давялося. Пад высокімі хвоямі, размясціўшыся ў траве, сядзелі “зоркі” лясной эстрады — маленькія савяняты.
— Пухнатыя, шэрыя камячкі, якія яшчэ не ўбраліся ў пер’е, глядзелі на нас сваімі ярка-аранжавымі бліскучымі, як гузічкі, вачыма. І што цікава, ніякай заклапочанасці не выказвалi. А вось прыгожыя вушастыя совы, напэўна, іх бацькі, якія сядзелі на галінах, месца сабе не знаходзілі і рэагавалі на кожны наш рух.
— Ну, што, трымай свайго спевака! – гледзячы на соў, мы паднялі савят і пасадзілі на галінкі. Не браць жа іх дадому! Ды і на зямлі не пакінеш: нямала катоў і сабак наўкола — могуць патрывожыць. Што цікава, нягледзячы на маленькія памеры, птушаняткі ўмеюць добра чапляцца за галінкі, — з усмешкай распавядаюць фельчары аб паспяхова праведзенай імі пазаштатнай “выратавальнай кампаніі”.
— Медыкі спрацавалі прафесійна і такім чынам, вядома, павысілі шанцы птушанят на выжыванне, — па “гарачых слядах” з жартам каментуе падзею сябра грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Вадзім Пракапчук.
Аказваецца, такі “птушкапад” далёка не рэдкая з’ява ў чэрвені. У гэты час многія птушаняты-падлеткі пакідаюць гнёзды, каб навучыцца жыць без бацькоў.
— Пакрысе птушаняты трэніруюцца кіраваць сваім целам і вучацца лётаць. Гэта натуральны працэс! І задача чалавека — не замінаць ім! Безабаронны выгляд птушанят не павінен збіваць з панталыку: яны не адны! Дарослыя птушкі заўсёды побач. Калі вы перастанеце палохаць іх сваёй прысутнасцю, савяты ўскараскаюцца куды ім трэба! Дрэнна, калі людзі пераносяць птушанят у іншае месца ці ўвогуле забіраюць “хворую”, на іх погляд, птушачку дадому. На самай справе, з ёй усё ў парадку, — тлумачыць спецыяліст.
Што цікава, ёсць і іншая прычына ў заўчасных вылетах савянят з гнязда: дарослыя совы не ўмеюць будаваць уласныя гнёзды, таму робяць захоп старых гнёздаў іншых птушак і адкладваюць там яйкі. Калі савяняты падрастаюць, ім становіцца цесна ў такіх “хрушчоўках”, таму і выпадаюць з іх. А па начах спяваюць, каб бацькі ведалі, дзе яны знаходзяцца, і своечасова пакармілі.
Мяркуючы па тым, што начныя спевы, як сведчаць фельчары, працягваюцца, птушаняты зноў пілатавалі з галінак. Што рабіць? Не турбаваць птушанят і ўважліва слухаць? І вось тут спатрэбіцца яшчэ адна парада ад спецыялістаў: трэба вырабіць плеценыя кошыкі, якія шырэй і глыбей за гнёзды. Яны не менш важныя для соў, чым домікі для шпакоў. Трэба толькі акуратна перакласці туды птушак.
І яшчэ — не спрабуйце іх карміць. Гэта клопат іх бацькоў.
Дапусцім, хто-небудзь усё ж забярэ птушаня дадому. Якія дзеянні прадпрымаць?
— Птушаняты — гэта не кацяняты, таму павінны заставацца ў парку. Трэба як мага хутчэй вярнуць птушку на сваё месца, — настойвае арнітолаг Вадзім Пракапчук, — інакш яе чакае сумны лёс. Не стварайце цяжкасцей ні птушкам, ні сабе!
Не забывайце, што па заканадаўстве ўвогуле забараняецца забіраць жывёл з дзікай прыроды. Іншая справа, калі птушка траўмаваная, тады звяртайцеся па дапамогу да ветэрынара… А што тычыцца спеваў, то трэба пацярпець: хутка «вучоба» на гнездавым участку скончыцца, і совы перастануць турбаваць.
Алеся Смайлік