Суббота, 18 января 2025

СOVID-19: актуальныя пытанні пра вакцынацыю

1 516

У рэдакцыю час ад часу паступаюць тэлефанаванні і пытанні наконт вакцынацыі ад COVID-19. Таму мы ў чарговы раз звярнуліся да В.П.Барысюк і папрасілі адказаць на найбольш вострыя пытанні, звязаныя з атрыманнем прышчэпкі супраць вірусу.

Калі вакцына пачынае дзейнічаць?
Для таго, каб сфарміраваўся ўстойлівы імунітэт, павінна прайсці тры-чатыры тыдні пасля другой прышчэпкі.

Магчымы пабочныя эфекты?
Як і пасля любой прышчэпкі, пасля вакцынацыі ад COVID-19 магчыма з’яўленне пабочных эфектаў: павышэнне тэмпературы, галаўны боль, дрыжыкі і «ламота» ў мышцах, боль і прыпухласць у месцы ін’екцыі. Яны сведчаць, што ў арганізме пачалося фарміраванне імуннага адказу, і, як правіла, праходзяць праз некалькі дзён. З’яўленне пабочных эфектаў пасля першага ўвядзення прэпарата не з’яўляецца супрацьпаказаннем да правядзення другога этапу вакцынацыі.

Якая працягласць імунітэту?
Па дадзеных, якія ёсць на сённяшні дзень, прагнозны імунітэт складае не менш за год. Але больш дакладна гэта будзе вядома пасля дадатковых назіранняў за прышчэпленымі і тымі, хто перахварэў.

Ці можна захварэць пасля вакцынацыі?
Вакцынацыя не перашкаджае наступнаму траплянню віруса ў арганізм чалавека, але ў выпадку заражэння не дае развіцца хваробе.

Падрыхтавала Марына Вакульская.