Суббота, 15 марта 2025

Состоялся районный этап конкурса «Лидер года». На область поедут Антон Бартош и Дарья Курачинская

918

Крэатыўнасць, нестандартнасць мыслення, уменне ўсюды паспяваць, актыўная жыццёвая пазіцыя і наяўнасць сваёй каманды – гэта толькі некалькі якасцяў, якія характарызуюць сапраўднага лідара. У мінулую суботу ў СШ №4 сабраліся школьнікі Пружаншчыны, якія якраз валодаюць імі. На базе навучальнай установы адбыўся раённы этап конкурсу “Лідар года-2020”.
Мерапрыемства традыцыйна збірае актывістаў дзіцячых, маладзёжных аб’яднанняў і вучнёўскага самакіравання, піянерскіх арганізацый, членаў маладзёжных парламентаў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. На гэты раз у конкурсе прымала ўдзел сямёра школьнікаў з розных навучальных устаноў раёна.
Пачаліся выпрабаванні з самапрэзентацый “Я і маё аб’яднанне”. Школьнікі даказалі, што ўмеюць прадставіць сябе творча і нестандартна.

Напрыклад, гімназістка Дар’я Курачынская расказала, якім павінен быць сапраўдны лідар і нават склала яго партрэт з кубікаў. Дзяўчына іграе на гітары і разам з Арцёмам Мацкевічам парадавала прысутных песняй. Лідар школьнага творчага савета Слабадской СШ Ангеліна Мятліцкая таксама выканала песню. Антон Барташ паказаў сябе галантным кавалерам і запрасіў дзяўчат на танец. Самае галоўнае, што кожнаму з удзельнікаў у падрыхтоўцы да выступлення дапамагалі сябры — таксама члены піянерскіх і маладзёжных аб’яднанняў.
Наступным этапам стаў конкурс відэаролікаў “Адзін дзень з жыцця лідара”. Прадстаўніца СШ №3 Анжаліка Падлужная – адна з карэспандэнтаў школьнай газеты «Пераменка», у якой адказвае за старонку пра здаровы лад жыцця. Дзяўчына не толькі расказвае пра спартыўнае жыццё школы, але і сама займаецца ў секцыі лёгкай атлетыкі ДЮСШ №1, а таксама танцавальным калектыве “Спадчына”.

Вучаніца Навасёлкаўскага ВПК Ганна Чалоўская з’яўляецца старшынёй савета піянерскай дружыны імя Міколы Гойшыка, а яшчэ захапляецца «алмазнай» вышыўкай.

Аліна Германовіч, старшыня савета школьнага самакіравання Шаняўской СШ імя М. Засіма, захапляецца вышыўкай і вязаннем, а таксама мае мноства грамат і дыпломаў (вынік удзелу ў шматлікіх алімпіядах і конкурсах). Таксама Аліна сябруе з валейболам, ходзіць у паходы і шмат фатаграфуе.

Ангеліна Барысевіч з Хараўской СШ у сваім відэа дала слушныя парады тым, хто хоча дасягнуць поспехаў. Да любой мэты Ангеліна ідзе паэтапна, а за кожны пройдзены этап узнагароджвае сябе якой-небудзь салодкасцю.
Апошнім этапам стаў конкурс сацыяльна значных праектаў, якія школьнікі разам са сваімі педагогамі распрацоўвалі загадзя. Па іх відаць, што моладзь хвалююць даволі сур’ёзныя праблемы. Так праекты Шаняўской СШ і гімназіі былі прысвечаны экалогіі. Распрацоўка СШ №3 тычылася пытанняў здаровага ладу жыцця і прыцягнення да яго большай колькасці людзей. А ў Ліноўскай СШ стварылі праект, накіраваны на аказанне дапамогі інвалідам, пажылым людзям і ветэранам.
Журы было цяжка зрабіць свой выбар, але… Трэцяе месца атрымала Ангеліна Барысевіч (Хараўская СШ). Дыпломам другой ступені ўзнагароджана Дар’я Курачынская (гімназія).

А абсалютным пераможцам раённага этапу конкурсу “Лідар года-2020” стаў вучань Ліноўскай СШ Антон Барташ.
Падчас гутаркі з пераможцам яшчэ раз упэўніўся: актыўнасці хлопцу не займаць. Ён і лідар школьнай піянерскай дружыны, і стараста класа, і член валанцёрскага клуба “Клопат”, і «правая рука» педагога-арганізатара Марыны Генадзьеўны Куш. Хапае часу і на хобі: Антон займаецца ў гуртку “Калектыўная радыёстанцыя”, наведвае музыкальную школу па класе баяна, з’яўляецца ўдзельнікам фальклорнага калектыву.
Прашу Антона прадоўжыць выраз “Я – сапраўдны лідар, таму што…” На што ён з упэўненасцю адказвае: “Таму што ў мяне ёсць цудоўная каманда, якая заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу. Мы разам, і ў гэтым сакрэт нашага поспеху!”


Антон Барташ і Дар‘я Курачынская прадставяць наш раён на абласным этапе конкурсу, які павінен адбыцца ў Брэсце ў межах маладзёжнага форуму “Лідар новага пакалення”.
Уладзіслаў Шпарла, студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Фота аўтара.