Понедельник, 13 января 2025

Состоялась І отчётно-выборная конференция Пружанского районного объединения профсоюзов

1 106

У Палацы культуры прайшла І справаздачна-выбарная канферэнцыя Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. Удзел у ёй, акрамя прафсаюзнага актыву раёна, прынялі намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі А.М. Манкевіч і старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў А.А.Мурашкін.
Адным з галоўных пытанняў парадку дня стала падвядзенне вынікаў работы аб’яднання за перыяд са студзеня 2015 года па лістапад бягучага года.
«Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі сёння з’яўляецца адной з самых магутных і ўплывовых грамадскіх арганізацый у нашай краіне. Каля 96% эканамічна здольнага насельніцтва краіны з’яўляюцца членамі прафсаюзаў», — падкрэсліла ў сваім дакладзе старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук. Да слова, Пружанская арганізацыйная структура ФПБ — гэта 13 галіновых прафсаюзаў, 137 пярвічак, членамі якіх з’яўляецца каля 15 тысяч чалавек, што складае 97% ад агульнай колькасці працуючых і навучэнцаў Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа.
Варта падкрэсліць, што гэтая пяцігодка для прафсаюзаў была багатай на падзеі: шматлікія электаральныя кампаніі, нала-джванне механізма сацыяльнага партнёрства, унясенне істотных карэктыў у працоўнае заканадаўства… І на Пружаншчыне работа таксама кіпела. У справаздачным перыядзе дзейнасць раённага аб’яднання прафсаюзаў была накіравана на дасягненне адзінства прафсаюзнага руху, абарону працоўных правоў работнікаў, забеспячэнне балансу інтарэсаў і фарміраванне атмасферы партнёрства ў калектывах, работу з моладдзю, ветэранамі.
Таццяна Юр’еўна падрабязна спынілася на канкрэтных справах: падпісанні пагадненняў, рабоце, звязанай з ахопам калектыўна-дагаворным рэгуляваннем, стварэнні прафсаюзных пярвічак у арганізацыях розных формаў уласнасці. Таксама сярод задач, якія ставіліся перад арганізацыйнай структурай ФПБ, былі ахова працы, кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, маніторынг прымянення кантрактнай формы найму, аказанне юрыдычнай дапамогі сумесна з пракуратурай, маніторынгі цэнаў на прадукты ў мясцовых магазінах. Прафсаюзы ўдзельнічалі ў разнастайных сацыяльных і грамадска-палітычных акцыях і мерапрыемствах, займаліся многімі іншымі справамі.
Прафсаюзны лідар раёна агучыла не толькі станоўчыя змяненні, але і недахопы ў рабоце канкрэтных арганізацый.
Увогуле, як зазначыла Т.Ю.Гаманчук, сёння перад прафсаюзным актывам стаіць задача дабівацца таго, каб кожны калектыўны дагавор утрымліваў нормы, прапісаныя ў Генеральным пагадненні, а таксама дадатковыя гарантыі і меры па падтрымцы работнікаў.

Больш шырока інфармацыю пра сітуацыю ў прафсаюзнай арганізацыі вобласці агучыў Аляксандр Мурашкін. Гаворачы пра задачы, якія ставяцца перад прафсаюзным актывам, падкрэслівалася неабходнасць пралангіравання заключэння калектыўных дагавораў, уключэнне ў іх нормаў, якія адсутнічалі, а таксама важнасць змяненняў, якія адбыліся ў Працоўным кодэксе і вось-вось пачнуць дзейнічаць.
Сваю адзнаку рабоце прафсаюзнага руху раёна дала Алена Манкевіч. «Высокая адзнака рабоце Пружанскага аб’яднання была пастаўлена і Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі: напярэдадні канферэнцыі Таццяна Юр’еўна Гаманчук была адной з першых у краіне ўдастоена Прафсаюзнага знака Пашаны», — адзначыла Алена Мікалаеўна. Такая ж адзнака была дадзена рабоце прафсаюзных арганізацый, якая вывучалася падчас нядаўняга маніторынгу ФПБ на Пружаншчыне.
Забягаючы наперад, А.М. Манкевіч расказала, што ў бліжэйшы час у ФПБ сярод абмяркоўваемых будуць пытанні пенсіённай рэформы ў краінах СНД, зарплаты работнікаў бюджэтнай галіны.

Згодна з канцэпцыяй кадравай палітыкі ФПБ для вынясення на выбранне на пасаду старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў на чарговы тэрмін была рэкамендавана кандыдатура Таццяны Гаманчук. І ўдзельнікі канферэнцыі падтрымалі яе аднагалосна.
Хочацца дадаць, што віншаванні прымала не толькі Таццяна Юр’еўна. Былы старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК С.С.Лаўрыновіч быў узнагароджаны юбілейным медалём «115 гадоў прафсаюзнага руху Беларусі», старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі І.В.Сачэўка — Ганаровай граматай абласнога аб’яднання прафсаюзаў. За стварэнне станоўчага іміджу прафсаюза, ініцыятыву, работу па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў Граматы раённага аб’яднання прафсаюзаў знайшлі прафсаюзных лідараў Т.М.Ізбіцкую і В.К.Гумен.

На здымку: віншаванні прымае С.С.Лаўрыновіч.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.