Пятница, 23 мая 2025

Солнечный лучик. Полина Рокитская из СШ №1 пишет стихи и мечтает помогать людям

683

Не ведаю чаму, але знаёмствы з дзяўчынкамі з імем Паліна (што значыць “сонечная”) заўсёды прыносяць маёй душы вялікую асалоду. Паліны любяць сумленнасць, шчырасць, адказнасць і цалкам аддаюцца абранай справе. Вось і вучаніца СШ №1 Паліна Ракіцкая піша вельмі прыгожыя вершы, паспяхова прымае ўдзел у самых розных паэтычных конкурсах, а яшчэ любіць хімію, гісторыю і літаратуру. Увогуле яна — вельмі добры і светлы, як сонечны праменьчык, чалавек.
— Упэўнена, што ўсе дзеці адзначаны Богам і ўсе яны па-свойму добрыя, таленавітыя і індывідуальныя. Шчыра кажучы, мяне здзівіла павышаная ўвага да маёй дачкі, — прызнаецца мама дзяўчынкі Ганна Ракіцкая. — Але раз ужо запыталі пра яе, адкажу так: яна сапраўды вельмі добрасумленная і паслухмяная дзяўчынка, якой можна цалкам давяраць.
Тое, што ў Паліны вельмі багаты ўнутраны свет, вы, паважаныя чытачы, зможаце зразумець і самі, калі прачытаеце яе цікавыя адказы на мае пытанні.
— Паліна, скажы, калі ласка, кім ты марыш стаць?
— Настаўнікам ці ўрачом або проста адукаваным чалавекам, які здолее аказаць неабходную дапамогу ўсім людзям, якія патрапяць у бяду.
— Пытанне як юнаму паэту: твой любімы аўтар?
— Я захапляюся паэзіяй Міхаіла Лермантава. Вазьміце, напрыклад, яго “Барадзіно”: складаны гістарычны сюжэт, насычаныя падзеі, а як тонка і меладычна напісаны радкі!
—… кніга?
— “А зори здесь тихие”. Гэта твор пра сапраўднае жаночае сяброўства, якое, вядома, існуе, і пра духоўную моц жанчын, перад якой нават самы страшны вораг пасуе.
— … свята?
— Вялікдзень! Калі ўвесь выратаваны Хрыстом сусвет радуецца і весяліцца разам з чалавекам.
— і мультфільм?
— Амерыканская трылогія “Як прыручыць дракона” — пра здольнасць Дабра сваім прыкладам перавыхоўваць у лепшы бок злодзеяў. Пра імкненне галоўнага героя дапамагаць нават не прывабным на першы погляд істотам. Так і ў жыцці: падобна сонейку, якое не выбірае сабе любімцаў, трэба сеяць дабро для ўсіх.
— Хто твой ідэал? На каго ты хацела б быць падобнай?
— Лічу, што не трэба ствараць сабе куміраў, кожны чалавек унікальны. Трэба толькі разгледзець сваю непаўторнасць.
— А як тады адрозніваць добрага чалавека ад дрэннага? Ёсць жа і такія!
— Па цёплым святле ў вачах, ціхай і пяшчотнай гаворцы і добрых учынках. А злых застаецца толькі пашкадаваць, бо ім цяжка з такім цёмным грузам за плячыма.
— У кожнага чалавека ёсць сапраўдныя сябры, ці ёсць яны ў цябе?
— Самыя лепшыя сябры – гэта родныя людзі. Яны заўсёды побач – ад пачатку да канца жыцця.
— Чаму трэба паважаць дарослых?
— Бо іх вопыт — вялікая скарбонка з рэцэптамі шчаслівага жыцця. Слухай старэйшых – і пазбегнеш праблем.
— Што б ты хацела змяніць у сваім жыцці?
— Я ўсім задаволена. Што наканавана, тое наканавана. Не трэба спрачацца з Божай воляй.
— У якое надвор’е табе падабаецца гуляць?
— Лепей думаецца і марыцца, калі лёгкі прахалодны ветрык абвявае твар.
— Як ты думаеш, якім бы быў свет без вершаў?
— Вельмі панурым і незразумелым, бо многія людзі толькі праз вершы здольны выказваць свае лепшыя думкі.
— Ці хапае ў цябе часу на іншыя захапленні?
— Вядома. Я вельмі люблю спяваць у нашым хоры “Вітанак”. Увогуле лічу, што паэзія з музыкай па жыцці за руку ідуць.
— Што ці хто табе даражэйшы за ўсё на свеце?
— Анёл-ахоўнік мой — мама.
Гутарыла Алена Зялевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *