Пятница, 13 декабря 2024

Снег не кружыўся, снег замятаў! У нядзелю, 11 снежня, колькасць асадкаў перавысіла дэкадную норму

440

У нядзелю, 11 снежня, Пружаншчыну літаральна замяло: на працягу дня назіраўся вельмі моцны снег. Для вадзіцеляў гэта была ці не катастрофа: умовы дарожнага руху ўскладніліся надзвычайна! Па тратуарах таксама было ні прайсці – ні праехаць.

Камунальная служба працавала ва ўзмоцненым рэжыме дзеля таго, каб у панядзелак раніцай жыхары раёна змаглі дабрацца на працу, у школы, дзіцячыя садкі. Ішлі ў ход снегавыя лапаты ў многіх дварах каля шматпавярховак, яшчэ ў большай ступені – на прыватных участках: людзі і сваімі сіламі спрабавалі вызваліцца са снежнага палону!

Дык колькі ж снегу выпала ў неверагодную нядзелю 11 снежня? Па дадзеных метэастанцыі Пружаны, за суткі выпала 18,9 мм ападкаў, гэта 140 % дэкаднай нормы. Вышыня снежнага покрыва ў сярэднім склала 21 см, максімальныя – 25 см, а месцамі – яшчэ больш.

Дарэчы, аналагічная сітуацыя са снежнымі ападкамі ў гэты перыяд была зафіксавана ў снежні 2012 года.

– Канечне, умовы надвор’я ў нядзелю былі вельмі складаныя для нас. Але ў сувязі з пахаладаннем, якое чакаецца ў бліжэйшы час, гэта і някепска, што выпала столькі снегу, – зазначае начальнік метэастанцыі Марына Несцяровіч. – І гэтая карысць у першую чаргу – для сельскай гаспадаркі. Прагназуюцца моцныя маразы, але нашым палям гэта не будзе страшна: яны добра пакрыліся снегам, і азімыя будуць надзейна абаронены ад перападаў тэмпературы. Да таго ж азімыя падпітваюцца больш за ўсё менавіта зімовымі ападкамі.

Будзьце гатовыя да маразоў і вы, шаноўныя чытачы! А галоўнае – дапамагайце адзін аднаму не толькі ў няпростых умовах надвор’я, але і па жыцці ўвогуле!

Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік