На гарадскім стадыёне прайшла акцыя “Глядзі на мяне, як на роўнага”, прысвечаная Міжнароднаму дню барацьбы за правы інвалідаў. Падобныя акцыі праходзяць у нашым горадзе ўжо трэці раз. Ладзяць іх супрацоўнікі раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Сёлета ў цэнтры ўвагі апынуліся дзеці з парушэннямі апорна-рухальнага апарату.
Больш за 250 пяці- і шасцікласнікаў са школ раёна прыйшлі на стадыён, каб прыняць удзел у мерапрыемстве разам з дзецьмі з фізічнымі абмежаваннямі. Лічыцца, што дзеці менавіта гэтага ўзросту з’яўляюцца самымі ўразлівымі ў пытаннях цярпімасці і талерантнасці.
У многіх удзельнікаў акцыі ў адзенні прысутнічаў зялёны і фіялетавы колеры, якія сімвалізуюць парушэнні апорна-рухальнага апарату і ДЦП.
Школьнікі, выхаванцы ЦКРНіР і наведвальнікі дзённага аддзялення для маладых інвалідаў адправіліся ў падарожжа на асаблівую планету, прычым праважатымі былі менавіта дзеці з абмежаваннямі. На асаблівай планеце ўсе ўдзельнічалі ў гульнях, дзякуючы якім дзеці змаглі паспытаць адчуванні людзей, абмежаваных у зроку, слыху, рухах.
Падводзячы вынікі акцыі, арганізатары яшчэ раз засяродзілі ўвагу на тым, што мы павінны жыць у дабрыні, дапамагаць таму, у каго нешта не атрымліваецца.
У пацверджанне сяброўства, узаемапавагі, разумення і цярпімасці ўсе разам прынялі ўдзел у танцы “Непадобныя”, а пасля выпусцілі зялёныя і фіялетавыя паветраныя шарыкі.
Арганізатары акцыі дзякуюць неабыякавым людзям, рэсурснаму цэнтру інфармацыйных тэхналогій аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, валанцёрскім атрадам “Інсайт” і “Рука дапамогі”, усім школам горада.Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).