“Смерш”. Наўрад ці ёсць сучасны чалавек, якому не вядома гэта слова. Вядома, але часта, на жаль, у моцна скажоным сэнсе. У многім гэта здарылася дзякуючы кінафільмам, якія на першы план выводзяць прыгодніцкі сюжэт, не клапоцячыся пра праўдзівасць адлюстравання рэальных падзей.
“Смерш” – гэта абрэвіятура ад “Смерць шпіёнам” — так называўся шэраг контрразведвальных органаў СССР, якія існавалі з 19 красавіка 1943 да 1946г. і былі прызнаны самай эфектыўнай контрразведкай часоў Другой сусветнай вайны. Супрацоўнік “Смерша” – гэта аператыўнік на пярэднім краі фронта, які ў зоне сваёй адказнасці не павінен быў прапусціць удар. А ўдары ішлі не толькі ад агентуры, дыверсантаў, тэрарыстаў, ад здраднікаў Радзімы, але і ад уласных балбатуноў, разгільдзяяў і панікёраў.
Служба аператыўнікаў “Смерша” была вельмі небяспечнай: у сярэднім чалавек служыў тут тры месяцы, пасля чаго выбываў — па смерці ці раненні. Толькі падчас баёў за вызваленне Беларусі загінула 236 і прапала без вестак 136 вайскоўцаў контрразведкі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнікамі “Смерша” былі і два былыя начальнікі Пружанскай міліцыі – Сямён Андрэевіч Падарожны і Сямён Максімавіч Вяроўкін.

Сямён Андрэевіч Падарожны
Сямён Падарожны нарадзіўся ў 1903 г. у сяле Асянкрытава Убінскага раёна Заходне-Сібірскага краю (цяпер Краснаярскі край Расіі) у сям‘і селяніна-бедняка. Пачатак жыццёвага шляху яго быў пакручасты: з ранняга дзяцінства парабкаваў, беспрытульнічаў, трапіў у працоўную калонію, адкуль неўзабаве збег, але быў затрыманы і вернуты назад.
Пасля выхаду з калоніі Сямён спачатку працаваў па найме ў прыватніка, а потым стаў рабочым маслазавода, уступіў у камсамол. У 1925-1928 гадах служыў у Чырвонай арміі, дзе зрабіў чарговы важны крок у сваім жыцці – быў прыняты кандыдатам у члены камуністычнай партыі бальшавікоў. Пасля дэмабілізацыі Сямёна накіроўваюць працаваць загадчыкам хаты-чытальні, а затым прымаюць на працу ў АДПУ на пасаду фельд‘егера.
У 1932 г. ён ізноў добраахвотна ўступае ў рады Чырвонай Арміі. Служыў у стралковым палку ў Татарстане, дзе быў абраны членам палкавога бюро ВКП (б) і сакратаром ротнай партарганізацыі. Пасля дэмабілізацыі Убінскі райкам накіроўвае Сямёна Андрэевіча на працу ў мясцовую міліцыю.
Першай прыступкай у яго міліцэйскай кар‘еры была пасада ўчастковага інспектара. Нейкі час быў пашпартыстам, супрацоўнікам крымінальнага вышуку, а ў 1937г. Сямёна Падарожнага прызначаюць начальнікам Турачанскага райаддзела міліцыі Айроцкай аўтаномнай вобласці Алтайскага краю. І ўжо праз год… выключаюць з партыі.
Нагодай для гэтага стаў яго незвычайны для тых часоў па смеласці ўчынак – Сямён Андрэевіч адмовіўся выконваць распараджэнне начальніка мясцовага НКУС аб арышце, як незаконнае. Гэта магло яму каштаваць не толькі кар‘еры, але і, з вялікай доляй верагоднасці, жыцця. Тым не менш Падарожны здолеў даказаць, што ён паступіў правільна, праз паўгода быў адноўлены ў партыі.
Неўзабаве ён быў пераведзены ў краявое ўпраўленне міліцыі г. Барнаула на пасаду старшага оперупаўнаважанага. Тут узначаліў групу па пераглядзе следчых спраў асоб, арыштаваных і асуджаных так званай “тройкай” у 1937-1938гг.
Пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР тут былі ўтвораны органы НКУС, у структуру якога ўваходзіла і міліцыя. У ліку супрацоўнікаў, накіраваных у БССР для камплектавання апарату міліцыі, быў і Сямён Падарожны.
З прадстаўлення ўпраўлення міліцыі НКУС БССР у ЦК КП(б) на зацвярджэнне ў пасадзе начальніка Пружанскага райаддзела рабоча-сялянскай міліцыі (РКМ) Падарожнага С.А.:
“Палітычна развіты, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, праводзіць палітвыхаваўчую работу сярод работнікаў РКМ, аператыўна-следчую працу ведае, хутка арыентуецца ў становішчы, мае арганізатарскія здольнасці, дысцыплінаваны, ідэалагічна вытрыманы, патрабавальны да падначаленых, аўтарытэтам сярод работнікаў РКМ карыстаецца. Падчас спецправеркі матэрыялаў кампраметуючага характару не паступіла”.
Такім чынам, С.А.Падарожны з 1 лістапада 1939 г. на пасадзе начальніка Пружанскай міліцыі актыўна ўключыўся ў службовую дзейнасць.
У архіве УУС Брэсцкага аблвыканкама захоўваецца загад № 3 за 1940г. начальніка УРКМ НКУС БССР па Брэсцкай вобласці Багаценкі І.В.:
“Уноч на 11 студзеня 1940 года невядомымі чатырма ўзброенымі рабаўнікамі ўчынена рабаванне адзення, прадуктаў і каня са збруяй у грамадзяніна хутара Чадзель Сухопальскай воласці Пружанскага павета Хоміча Ф.М. Рабаўнікі звязалі ўсю сям‘ю гр-на Хоміча і скрыліся.
Начальнік Пружанскай павятовай міліцыі тав. Падарожны … выбыў на месца, правільна сарыентаваўся ў абстаноўцы і прыняў энергічныя меры па вышуку злачынцаў і нарабаванага, у выніку чаго 13.01.1940 г. ім былі ўстаноўлены рабаўнікі: Кісюк Павел Нічыпаравіч і яго тры сыны Васіль, Іван і Міхаіл з мястэчка Белавежа Беластоцкай вобласці. Пры вобыску ў апошніх знойдзена частка нарабаванага, абрэз вінтоўкі, самаробны драўляны рэвальвер і маска, а астатняе знойдзена схаваным у лесе…”.
У маі 1941г. Сямён Падарожны пайшоў на павышэнне – быў прызначаны начальнікам Шарашоўскага раённага аддзела НКУС. Тут і сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны.
Пачаліся цяжкія дні адступлення. Сямён Андрэевіч адыходзіў на ўсход разам з часцю пагранічнікаў, дзе быў прызначаны камандзірам кулямётнай роты. Два месяцы яго падраздзяленне ўдзельнічала ў цяжкіх баях па стрымліванні перадавых часцей ворага.
У жніўні 1941г. С.А.Падарожны быў прызначаны старшым оперупаўнаважаным Асобага аддзела 44-й стралковай брыгады, а ў лістападзе 1942 г. – намеснікам начальніка АКР (Асобага аддзела), а ў наступным “Смерша” 12-й артылерыйскай дывізіі прарыву рэзерва галоўнага камандавання 1-га Беларускага фронту, якая мела спецыфічныя задачы (выкарыстоўвалася галоўным чынам у перыяд наступлення ці для ўшчыльнення абароны).
Як успамінаў ветэран дывізіі, асобныя яе “палкі кідалі ў бой латаць дзіры ў абароне і закрываць праломы на танкавых накірунках, як “вугаль у паравозную топку”. У самых цяжкіх умовах вялікую частку свайго часу Падарожны праводзіць у палках на перадавой. Пры гэтым кіраўніцтва адзначае яго працаздольнасць і добрасумленнае стаўленне да службовых абавязкаў. Дзякуючы яго прафесіяналізму была папярэджана спроба пераходу групы вайскоўцаў на бок ворага, выкрыты і затрыманы нямецкі шпіён, праведзена вялікая работа па прадухіленні дэзерцірства.
У красавіку 1945 г. С.А. Падарожны накіроўваецца ў 2-ю танкавую армію намеснікам начальніка аддзела контрразведкі “Смерш” 35-й механізаванай брыгады, але пры падыходзе савецкіх войскаў да Берліна яго ўключаюць у склад спецыяльнай групы для правядзення аператыўнай работы ў вызваленай сталіцы Германіі.
Заслугі афіцэра на ратнай ніве былі адзначаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.
У пасляваенны час капітана С.А.Падарожнага па яго асабістай просьбе накіравалі на радзіму — у распараджэнне аддзела кадраў УМДБ па Новасібірскай вобласці. 4 лютага 1947 г. ён быў назначаны начальнікам Убінскага райаддзела МДБ.

Сямён Максімавіч Вяроўкін
Сямён Вяроўкін нарадзіўся 23 мая 1911г. у в. Пясочыца Буда-Церахаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ён быў чацвёртым дзіцем у беднай сялянскай сям‘і. З пачаткам першай сусветнай вайны яго бацька быў прызваны ў расійскую армію і неўзабаве загінуў.
У 1915 годзе сям‘я пераехала ў г. Гомель. Пазней Сямён некаторы час вучыўся тут у чыгуначнай школе. У 15 гадоў пачалася яго працоўная дзейнасць. У 1930 г. юнак паехаў шукаць шчасця ў Ленінград, але праз два гады вярнуўся ў Гомель, паступіў на працу машыністам на цэнтральную электрастанцыю.
У 1933 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Службу праходзіў у чыгуначных войсках у будаўнічым палку. У палкавой школе прайшоў навучанне на курсах прапагандыстаў. Пасля заканчэння тэрміновай службы ў 1936 г. Сямён Максімавіч вяртаецца на ранейшае месца працы, праз год яго абіраюць старшынёй заводскага камітэта электрастанцыі.

У 1939 годзе С.М.Вяроўкіна, які да гэтага часу ўжо стаў членам камуністычнай партыі, па партыйным наборы накіроўваюць у органы НКУС. Першая яго пасада — памочнік оперупаўнаважанага 3-га аддзела УДБ НКУС Беларусі. У маі 1940г. ён ужо начальнік Рагачоўскага райаддзела НКУС Гомельскай вобласці.
У гэтым жа годзе быў накіраваны на вучобу ў Вышэйшую школу НКДБ СССР у Маскве. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны Сямён Вяроўкін сустрэў на пасадзе намесніка начальніка Рэчыцкага райаддзела НКУС Гомельскай вобласці.
Першая яго франтавая пасада – старшы оперупаўнаважаны асобага аддзела НКУС Заходняга фронту пры 1-м заградатрадзе. Варта сказаць, што тэма заград-атрадаў, як ніякая іншая, акружана хлуснёй і міфамі. Заградатрады прызначаліся зусім не для стральбы па адступаючых. Іх задачай, згодна з дырэктывай наркамата абароны ад 27 чэрвеня 1941 г., было вяртанне адступаючых байцоў у строй, аднаўленне вайсковай дысцыпліны. Адначасова з гэтымі функцыямі заградатрады ў большасці выпадкаў самі ўдзельнічалі ў баях на крытычных накірунках.
У 1942-1943 гадах Сямён Вяроўкін узначальваў асобыя аддзелы НКУС 10-й мотастралковай брыгады на Заходнім і 10-й механізаванай брыгады на Калінінскім франтах.
У прадстаўленні да ўзнагароджання яго першым ордэнам Чырвонага Сцяга адзначалася, што ён “…забяспечыў своечасовую баяздольнасць асабовага складу брыгады. Яшчэ да баявых аперацый ім выяўлена 5 вайскоўцаў са здрадніцкімі настроямі. Падчас баёў на Белгарадскім кірунку Варонежскага фронту з 5 ліпеня 1943 г. праявіў мужнасць і адвагу ў барацьбе з нямецкімі акупантамі. Знаходзячыся на перадавой, умела арганізаваў заградслужбу, у выніку чаго ім было затрымана і вернута ў бой да 200 вайскоўцаў, якія адыходзілі ў беспарадку. Калі брыгада апынулася ў акружэнні, тав. Вяроўкін разам з камандзірам брыгады арганізаваў вывядзенне асабовага складу з боем з акружэння”.
Сямён Максімавіч атрымаў у гэтых баях асколачнае раненне твару і моцную кантузію, але працягваў заставацца ў страі.
Ужо на пасадзе начальніка аддзела контрразведкі “Смерш” 10-й механізаванай брыгады 3-га мехкорпуса 1-й танкавай арміі гвардыі маёр Вяроўкін С.М. бярэ ўдзел у баявых дзеяннях на Одэрскім накірунку, пад Гдыняй і на Берлінскім накірунку. Пад яго кіраўніцтвам затрымана і выкрыта 15 агентаў-дыверсантаў праціўніка з разведоргана
“Цэпелін”, знойдзены радыёстанцыі, атрутныя рэчывы, зброя, шыфры.
У службовай характарыстыцы Сямёна Вяроўкіна таго часу звяртаюць на сябе ўвагу моманты, што характарызуюць яго як нетыповага “смершаўца”, якога можна ўгледзець у сучасных тэлесерыялах: “…работа ў часці пастаўлена дрэнна, на працягу года ніводнага арышту”.
А вось фраза яшчэ з аднаго дакумента: “…арыштаў у абслугоўваемых часцях не рабілася”. І гэта нягледзячы на тое, што, па меркаванні вышэйстаячага кіраўніцтва, “вусны антысаветызм у брыгадзе стаў звычайнай з‘явай, некаторыя асобы дазваляюць сабе негатыўна выказацца пра парадкі ў краіне”.
У наступальных баях у студзені-маі 1945г. на подступах да Берліна і пры яго штурме “смершаўцы” С.М.Вяроўкіна, падвяргаючыся велізарнай небяспецы, зрабілі вялікую працу па ачыстцы ўчастка брыгады і яе камунікацый ад варожых шпіёнаў і дыверсантаў. 1 мая 1945 г. у Берліне імі была выкрыта вялікая група дыверсантаў з радыёстанцыяй і атрутнымі рэчывамі, што дазволіла выканаць баявы загад без лішніх страт.
У 1945-1946 гг. С.М.Вяроўкін – начальнік контрразведкі “Смерш” 26-й асобнай трафейнай брыгады групы савецкіх войскаў у Германіі.
Падпалкоўнік С.М.Вяроўкін узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.”, “ХХХ гадоў Савецкай Арміі і Флоту”.

Пасля заканчэння вайны ў 1946-1952 гадах Сямён Максімавіч займаў пасаду начальніка Бярозаўскага райаддзела МДБ, у склад якога ў той час уваходзіла міліцыя. А пасля рэарганізацыі праваахоўнай сістэмы 30 красавіка 1954 г. быў прызначаны начальнікам Пружанскай міліцыі, якую ўзначальваў да выйсця на пенсію ў студзені 1957 г.
Апошнія гады жыцця Вяроўкіна склаліся трагічна. 3 мая 1975 года — напярэдадні 30-годдзя Перамогі — з-за гангрэны яму ампутавалі левую нагу. Прычынай стала цяжкае захворванне, якім ён пакутаваў шмат гадоў з-за абмаражэння ног на фронце. Яшчэ праз месяц ён аслеп: нагадала пра сябе раненне ў галаву (асколак не быў выдалены).
Пачаліся доўгія месяцы лячэння. Але ветэрану не маглі ўстанавіць групу інваліднасці: падчас вайны часта адбывалася пераназванне і аб‘яднанне вайсковых падраздзяленняў, войскаў і франтоў, а гэта ў тыя гады вельмі абцяжарвала магчымасці ўстанаўлення месца службы. Сямён Максімавіч звярнуўся па дапамогу да маршала бранетанкавых войскаў М.Я.Катукова.
Пра развіццё наступных падзей неабходна сказаць як пра яркі прыклад франтавога братэрства. Міхаіл Яфімавіч сам ужо быў цяжка хворы, але адказаў на пісьмо і паслаў неабходныя дакументы, а праз два дні пайшоў з жыцця.
Мікалай ЗАМКОВІЧ
