Вторник, 18 февраля 2025

Smartrobofest–2018: пружанские робототехники в семерке сильнейших!

1 364

“В лесу родилась елочка, в лесу она росла…” — на матыў навагодняй песенькі прасігналіла гледачам цуд-машынка і  паехала адольваць складаную траекторыю: перарывістыя лініі, зігзагі, дугі-мосцікі, перакрыжаванні… Без пульта! Без умяшальніцтва аператара! Мабільны робат справіўся з трасай і адолеў галоўную вяршыню — строгае журы. Па выніках адкрытага абласнога турніру па робататэхніцы Smartrobofest–2018, які нядаўна праходзіў у г. Брэсце, пружанская каманда дэбютантаў увайшла ў сямёрку наймацнейшых і апярэдзіла больш за дваццаць калектываў з розных гарадоў Беларусі.

Гэта было вельмі масавае мерапрыемства, але наш робат “не разгубіўся” і выступіў годна! Наша машынка без асаблівых дызайнерскіх штучак: звычайная, на першы погляд, пластмаска, да якой прыкручаныя два рухавікі і колы з гумай, каб не слізгала. Танкавы паварот. Пяць інфрачырвоных датчыкаў. Спецыяльна наладжаная сярэдняя хуткасць, дзякуючы якой робат ехаў акуратна па лініі, практычна не збіваючыся са шляху і не прапускаючы зададзеныя элементы. Усё прадумалі і атрымалі такі добры вынік! — радуюцца свайму поспеху вучань 5 “Б” класа гімназіі Іван Дубінчук і Міхаіл Банчанка з 7 “А” СШ № 3, члены гуртка “Ардуінка”, які нядаўна адкрыўся пры ЦТДМ і працуе на базе гімназіі, дзе, дарэчы, і быў змайстраваны робат.

— Для дзейнасці гуртка нам неабходны быў вялікі камп’ютарны клас, каб у кожнага дзіцяці была магчымасць працаваць на камп’ютары. Выбралі гімназію. У наш гурток ужо запісалася паўтара дзясятка дзяцей з розных гарадскіх школ. Калі хтосьці захоча далучыцца да нас, магчыма, адкрыем другую групу. Дарэчы, гурткі па робататэхніцы, як і гурткі па замежных мовах і фінансавай пісьменнасці — гэта тры найбольш запатрабаваныя сёння напрамкі, якія карыстаюцца папулярнасцю ва ўсім свеце, — кажа кіраўнік гуртка “Ардуінка” М.М. Дубінчук.

Характэрна, што яго робататэхнікі працуюць на спецыяльным абсталяванні, якое дазваляе зрабіць прататыпныя прылады. Праграма гуртка ўключае ў сябе праграміраванне, канструяванне, радыёэлектроніку і радыётэхніку.

— Мінімальны стартавы набор, неабходны для таго, каб пачаць вынаходзіць, закуплены намі за ўласныя сродкі, — знаёміць з матэрыяльна-тэхнічнай базай гуртка яшчэ адзін робататэхнік Аляксей Амельянчук. — Нам бы яшчэ 3D-прынтар, ноўтбукі, то сабралі б вялікую камп’ютарызаваную майстэрню.

Праграма гуртка “Ардуінка” разлічана на год, але, як сцвярджае кіраўнік, у залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі выхаванцаў праграму па робататэхніцы можна ўскладняць. Сфера інавацыйных тэхналогій прагрэсуе з кожным днём…

Дарэчы, акрамя машынкі-робата, юнакі прадэманстравалі і іншыя створаныя імі цуды тэхнікі, напрыклад, праект лічбавага хранометра-індыкатара, які можна выкарыстоўваць у розных прыладах, у тых жа электронных рэгулятарах узроўню тэмпературы. Паказалі і міні-начнікі з эфектам свечкі, якія мігацяць. У перспектыве — стварэнне “пультоідаў”, радыёкіруемых машынак, дзе пультам будзе служыць мабільны тэлефон. У цэлым, знаёмства і авалоданне навыкамі канструявання на платформе Arduino адкрывае для дзяцей шмат творчых магчымасцяў, дзе можна выкарыстоўваць практычна ўсё, што ёсць пад рукамі.

Алена Зялевіч

Фота М. Дубінчука